Маланка Медыя (; ) — беларускае інтэрнэт-выданне. Створана летам 2020 года для асвятлення сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне. У лютым 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала Маланку экстрэмісцкім фарміраваннем.

Гісторыя Праект быў задуманы ў чэрвені 2020 года на фоне беларускіх пратэстаў з мэтай асвятлення навін з Беларусі, а таксама распрацоўкі аналітычных праграм і дакументальных фільмаў. Заснавальнікам медыя стаў Павел Марыніч. У першапачатковы склад каманды ўвайшлі пацярпелыя падчас падзей жніўня 2020 года, журналісты незалежных выданняў, навічкі ў галіне відэавытворчасці і спецыялісты з досведам працы ў дзяржаўных медыя.

У 2021 годзе штат супрацоўнікаў павялічыўся да 12 чалавек, а колькасць падпісчыкаў на YouTube-канале дасягнула 100 тысяч за першы год працы. Праект працаваў дзякуючы ахвяраванням чытачоў, сродкам беларускай дыяспары і грантам еўрапейскіх фондаў.

У верасні 2023 года «Маланка» абвясціла пра намер сумесна з Еўрарадыё стварыць тэлеканал пад працоўнай назвай «Belarus Today».

У лістападзе 2024 года было абвешчана аб прыпыненні абнаўлення сайта і Telegram-канала. Гэта рашэнне было вымушаным і звязана са спыненнем фінансавання праекта з боку галоўнага донара. Фонд салідарнасці BYSOL паведаміў пра пачатак кампаніі па зборы сродкаў у памеры 20 тысяч еўра для аднаўлення працы выдання. Сабраныя сродкі планавалася накіраваць на забеспячэнне функцыянавання вэб-сайта цягам пяці месяцаў, а таксама на аплату працы чатырох супрацоўнікаў.

Палітычны пераслед У 2022 годзе інтэрнэт-старонкі праекта «Маланка Медыя» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

15 лютага 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала «Маланку» экстрэмісцкім фарміраваннем. У матэрыялах праўладных выданняў гэтае рашэнне тлумачылася «публічнымі заклікамі да санкцый, арганізацыяй дзейнасці і падрыхтоўкай замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».

20 сакавіка 2024 года ў мінскай кватэры заснавальніка выдання Паўла Марыніча быў праведзены ператрус. Афіцыйная інфармацыя пра прычыны правядзення вобшуку не паведамлялася.

Крыніцы

Катэгорыя:Пратэсты ў Беларусі (2020—2021) Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі Катэгорыя:Руская мова ў інтэрнэце Катэгорыя:Беларускія інтэрнэт-СМІ