Касцёл Святога Стэфана (, ) у Вільняе — былы каталіцкі касцёл у Вільні, размешчаны ў раёне чыгуначнага вакзала па Чыгуначнай вуліцы (Гяляжынкялё, ). Да касцёла вядзе Стафанаўская вуліца (Швянтоё Сцяпона, ). Помнік архітэктуры і гісторыі. Касцёл уключаны ў Рэестр культурных каштоўнасцяў Літоўскай Рэспублікі як аб'ект нацыянальнага значэння, код 1042.

Гісторыя Адзін з першых мураваных храмаў у ваколіцах Вільні быў пабудаваны ў 1600 годзе на Рудніцкім прадмесці, дзе хавалі ахвяр эпідэмій і голаду. Ініцыятарам будаўніцтва касцёла быў езуіцкі святар Шыман Высоцкі, які арганізаваў збор грошай сярод гараджан. У 1604 годзе ў касцёле праходзілі пышныя ўрачыстасці з нагоды кананізацыі Святога Казіміра. Пры храме дзейнічала школа. У 1612 годзе гараджане Андрыян і Эмарцыян Вярбіцкія на свае сродкі на месцы драўлянага лазарэта пры храме ўзвялі мураваны будынак, разлічаны на 24 хворых, і пабудавалі тры капліцы. Падчас вайны 1655 года касцёл пацярпеў ад пажару. Разбураны ў час вайны лазарэт быў адбудаваны толькі ў 1673 годзе.

thumb|left|Касцёл Святога Стэфана. Фрагмент У 1715 годзе віленскі біскуп Канстанцін Казімір Бжастоўскі перадаў касцёл заснаванаму ім кляштары рахітаў. Плябанам касцёла стаў старэйшы брат ксёндз Караль Люткевіч. У 1717 годзе да храма была прыбудавана капліца Святога Роха для манахаў, касцёл быў абноўлены, лазарэт пашыраны.

У 1752 годзе касцёл быў перададзены марыявіткам. З дазволу Папы Рымскага Клімента XII яшчэ ў 1737 годзе на ўчастку лазарэта быў пабудаваны кляштар сясцёр марыявітак, дзейнасць якіх складалася пераважна ў тым, каб схіляць яўрэек да хрысціянства. Заснавальнікам і фундатарам кляштара быў плябан касцёла ксёндз Стэфан Турчыновіч (пам. 1773). У 1739 годзе віленскі біскуп Міхал Ян Зянковіч зацвердзіў статут кангрэгацыі, падрыхтаваны Турчыновічам. Папа Бенедыкт XIV, жадаючы заахвоціць рэлігійную руплівасць манашак, даслаў ім у 1752 годзе адмысловае брэвэ, якое пацвердзіла статут. За першыя трыццаць гадоў дзейнасці марыявітак у Вільні да хрысціянства было схілена звыш 400 неафітак, галоўным чынам дзяўчынак з яўрэйскіх сем'яў. Пры кляштары дзейнічала школа для дзяўчынак з бедных сем'яў. Пасля таго як манашкі перасяліліся ў Беларусь, кляштар спусцеў і быў скасаваны. Аднак у 1770 годзе Ангела Пацёмкінава з яшчэ трыма сёстрамі ў Рыме атрымала блаславенне Папы Рымскага на аднаўленне ў Вільні кляштара. Віленскі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі пацвердзіў статут сясцёр марыявітак і кляштар у 1788 годзе быў адноўлены. Будынкі касцёла і кляштара значна пацярпелі ад пажару і разбурэнняў пры абстрэле Вільні расійскай артылерыяй падчас паўстання 1794 года. Аднаўленнем займаліся марыявіткі.

Былі пабудаваны два новыя аднапавярховыя карпусы кляштара і афіцыны для сірот (архітэктар Грабоўскі; 1798). Рэканструкцыяй касцёла ў 1801—1806 гадах кіраваў архітэктар П'етра Росі. Была пабудавана званіца каля брамы прылеглых да касцёла могілак. Рамонты праводзіліся і пазней, асабліва грунтоўныя пасля вайны 1812 года і ў 1820 годзе. У сярэдзіне XIX стагоддзя касцёл належаў парафіі Усіх Святых, да якой адносіліся і суседнія вёскі Панары, Бурбішкі, Белая Вака, Парубанак, Чорны Бор і іншыя.

Па царскім указе 12 снежня 1864 года кляштар быў скасаваны. Манашкі былі пераведзены ў кляштар бенедыкцінак пры касцёле Святой Кацярыны. Будынкі кляштара былі пераабсталяваны пад турму. Храм быў прыпісаны да касцёла Усіх Святых. Галоўны ўваход у касцёл апынуўся на тэрыторыі турмы, таму быў замураваны. Пры ўзвядзенні новай агароджы турмы ў 1914 годзе была моцна пашкоджана капліца Святога Роха, у якой знаходзілася скульптура святога ў чалавечы рост.

У пачатку XX стагоддзя побач з касцёлам пабудавалі вытворчыя збудаванні. У 1926 годзе ў будынках былога кляштара размясціўся цэх каменярэзаў, а могілкі ператварыліся ў пляцоўку захоўвання будаўнічых матэрыялаў. У былым кляштары па-ранейшаму знаходзілася турма.

Падчас Другой сусветнай вайны касцёл быў пашкоджаны. У 1946 годзе быў праведзены яго рамонт. У 1948 годзе побач з касцёлам пачаў працаваць цагельны цэх, касцёл выкарыстоўваўся як склад. У 1975—1976 гадах праводзіўся рамонт фасадаў касцёла. Нядзеючы храм знаходзіцца ў распараджэнні Маладзёжнага тэатра; выкарыстоўваўся для захоўвання рэквізіта. У наш час рэстаўруецца.

Касцёл намаляваны на афорце Ежы Хопена (1927) і тэмперы Браніслава Яманта (1921—1922).

thumb|260px|Вуглавая вежка і пілястры

Архітэктура Архітэктурнае аблічча касцёла вылучае яго з іншых віленскіх храмаў рэдкімі маньерысцкімі формамі дэкору фасада з элементамі традыцыі гатычнай абарончай архітэктуры. Касцёл у плане мае форму крыжа з цыліндрычнымі вежкамі па вуглах. Дах пакрыты чарапіцай. Вонкавыя сцены храма пазней былі ўпрыгожаны парнымі пілястрамі. Дзверы галоўнага ўваходу пакрыта каваным ліставым жалезам з узорам. Вокны маюць дубовыя рамы, а два акны за галоўным алтаром, з жалезнымі рамамі — вітражі: па левым баку вітраж з выявай святога Стэфана, па правым — Сэрца Збавіцеля.

Унутры храм адрозніваецца прастатой і адсутнасцю аздабленняў. У XVIII стагоддзі інтэр'ер упрыгожвалі арганыя хоры і шэсць барочных алтароў, якія загінулі ў 1794 годзе. У касцёле было надмагілле біскупа Аляксандра Пятра Тачылоўскага (пам. у 1808). У пачатку XIX стагоддзя вялікі алтар упрыгожвалі выявы Святога Стэфана і Святога Іосіфа, якія прыпісваюцца пэндзлю Шымана Чаховіча. У алтары адной з капэл знаходзілася выява беззаганнага зачацця найсвяцейшай Дзевы Марыі, напісаны Францыскам Смуглевічам ці яго вучнем.

Могілкі thumb|left|Магіла Лаўрына Гуцэвіча На могілках пры касцёле было пахавана нямала вядомых людзей, у тым ліку вядомы архітэктар, стваральнік класіцызму ў Вільні Лаўрын Гуцэвіч (1753—1798), біскуп-суфраган віленскі Давыд Пільхоўскі (1735—1800), прафесар медыцыны Мікалай Рэнье (1746—1800), ксёндз, прафесар логікі і філасофіі Віленскага ўніверсітэта Анёл Доўгірд (1776—1835), філосаф і першы перакладчык сачыненняў Імануіла Канта на польскую мову Юзаф Уладзіслаў Быхавец (1778—1845), «Нестар віленскай сцэны» Юзаф Рагоўскі (пам. 1847), шамбялян караля Станіслава Аўгуста Ян Ходзька (сваяк пісьменніка Ігнація Ходзькі і бацька пісьменніка Дамініка Ходзька) і яго жонка. Могілкі з 1865 года закрытыя. Закінутыя могілкі ў міжваенныя гады ператварылася ў пляцоўку захоўвання будаўнічых матэрыялаў.

Цяпер сціплым своеасаблівым драўляным помнікам з ледзь чытаным надпісам каля паўднёвага фасада будынка касцёла пазначана толькі магіла архітэктара Лаўрына Гуцэвіча. Побач на сцяне ў 1998 годзе ўсталявана мемарыяльная пліта з барэльефным партрэтам архітэктара і надпісам на літоўскай мове (скульптар Ёнас Норас Нарушавічус, архітэктар Вітаўтас ЗаранкаAlgimantas Mačiulis. Dailė architektūroje. Vilnius: Dailės akademijos leidykla, 2003. ISBN 9986-571-86-3. P. 314—316). Да Другой сусветнай вайны ў сцяну была ўмуравана сціплая шыльда без аздобы з надпісам на польскай мове.

Крыніцы

Літаратура Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie poprawione po zgonie autora. Wilno, 1937. S. 193—194. Adomas Honoris Kirkoras. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. Vertė Kazys Uscila. Vilnius: Mintis, 1991. P. 195—200. Vladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991. ISBN 5-415-00366-5. P. 368—369.

Спасылкі

Vilniaus Šv. Stepono bažnyčia Vilniaus buvęs rokitų (vėliau — marijavičių) vienuolynas ir Šv. Stepono bažnyčia

Стэфана Вільня Катэгорыя:Збудаванні Вільні ў стылі барока Катэгорыя:З’явіліся ў 1600 годзе