«Падру́чны по́льска-белару́скі сло́ўнік» (, скарочана ППБС-62) — двухмоўны перакладны слоўнік з польскай мовы на беларускую мову, выдадзены ў Варшаве дзяржаўным выдавецтвам Wiedza Powszechna ў 1962 годзе. Рэдактары — Антаніна Абрэмбская-Яблонская і Мікалай Васілевіч Бірыла.
Слоўнікавая частка займае 1072 старонкі; паводле падлікаў мовазнаўцы Ганны Кулеш, выданне змяшчае не менш за 39,5 тысячы рэестравых слоў. У выходных звестках наклад пазначаны як 5000 + 203 асобнікі.
Слоўнік быў вынікам супрацоўніцтва польскіх і беларускіх мовазнаўцаў і адным з ранніх буйных лексікаграфічных праектаў пасля стварэння кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
Гісторыя стварэння
Праца над слоўнікам пачалася ў 1955 годзе ў сектары беларускай філалогіі пры Польска-савецкім інстытуце, які дзейнічаў у 1952—1959 гадах. Працай кіравала Антаніна Абрэмбская-Яблонская, якая пазней стала арганізатаркай і першай кіраўніцай кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
У падрыхтоўцы слоўніка ўдзельнічалі супрацоўнікі сектара беларускай філалогіі Польска-савецкага інстытута і кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Лідзія Базылюк, Лідзія Галявінская, Ларыса Гутнік, Барыс Мерынг і Баляслаў Манкевіч. У бібліятэчных апісаннях асобна адзначана ўдзел Лідзіі Базылюк у падрыхтоўцы выдання; карты для слоўніка падрыхтаваў Стэфан Сібіга.
З беларускага боку ў працы ўдзельнічаў Мікалай Васільевіч Бірыла, які ў той час загадваў сектарам тэрміналогіі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. У 1956—1958 гадах ён працаваў у Варшаўскім універсітэце і выкладаў беларускую мову; пасля вяртання ў Мінск працягваў рэдагаваць матэрыялы слоўніка па перапісцы.
Часткі рукапісу дасылаліся Бірылу з Варшавы ў Мінск, а на заключным этапе яму накіроўвалі гранкі для канчатковага ўзгаднення. Такім чынам, рэдагаванне слоўніка працягвалася як сумесная праца варшаўскіх і мінскіх беларусістаў.
Друк кнігі быў завершаны ў снежні 1962 года. Ужо ў лютым 1963 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» выйшла першая рэцэнзія на слоўнік — артыкул Барыса Лапава «Слова польскае і беларускае».
Склад і прынцыпы пабудовы
Пры адборы польскіх загалоўных слоў укладальнікі кіраваліся найперш практычнымі патрэбамі карыстальніка. Аснову рэестра склала сучасная польская літаратурная лексіка; у меншым аб’ёме былі ўключаны размоўныя, устарэлыя і рэгіянальна афарбаваныя словы, а са спецыяльнай лексікі розных галін навукі і тэхнікі — пераважна тэрміны шырокага ўжытку.
У рэестр уключаліся як уласнапольскія словы, так і запазычанні. Укладальнікі звярталі ўвагу на выпадкі, калі ў польскай і беларускай мовах роднасныя або запазычаныя словы адрозніваліся суфіксамі, правапісам, фанетычнымі ці словаўтваральнымі варыянтамі.
У слоўніку прадстаўлены таксама ўстойлівыя словазлучэнні, фразеалагізмы і ідыяматычныя выразы. Калі для размежавання значэнняў было недастаткова перакладнога адпаведніка, у артыкул уключаліся сказавыя ілюстрацыі.
Асноўная слоўнікавая частка займае 1072 старонкі. Пасля яе змешчаны дадатак Nazwy geograficzne («Геаграфічныя назвы»). Паводле бібліятэчнага апісання, поўны аб’ём выдання складае XV, , 1084 старонкі; кніга выйшла як першае выданне.
Аб’ём
У самім выданні колькасць рэестравых слоў не была дакладна пазначана. Ганна Кулеш правяла выбарачны падлік: на 20 старонках было налічана 738 загалоўных слоў, у сярэднім 36,9 на старонку. На гэтай падставе для 1072 старонак асноўнай часткі даследчыца вызначыла мінімальны аб’ём слоўніка прыкладна ў 39 556 рэестравых слоў.
Такім чынам, у літаратуры аб’ём выдання звычайна акругляецца да каля 40 тысяч слоў.
Беларуская частка
ППБС-62 выкарыстоўваўся не толькі як практычны перакладны даведнік, але і як крыніца для вывучэння беларускай лексікі і словаўтварэння. У прыватнасці, даследчыца І. І. Бубновіч звяртала ўвагу на тое, што ў ім шэраг беларускіх дзеясловаў іншамоўнага паходжання пададзены без элемента -ір-, які прысутнічаў у некаторых тагачасных беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўніках: афішаваць, дэмаскаваць, перфараваць, фінішаваць, інсцэнаваць, прэміяваць.
Матэрыял ППБС-62 пазней выкарыстоўваўся і ў беларускай акадэмічнай лексікаграфіі. У «Этымалагічным слоўніку беларускай мовы» ён уваходзіць у спіс лексікаграфічных крыніц пад скарачэннем Абрэмб..
«Падручны польска-беларускі слоўнік» быў таксама выкарыстаны як адна з асноўных лексікаграфічных крыніц пры падрыхтоўцы «Польска-беларускага слоўніка» 2004 года Яўгеніі Волкавай і Валянціны Авілавай пад рэдакцыяй Генадзя Цыхуна.
Рэцэнзіі і ацэнкі
Неўзабаве пасля выхаду слоўнік атрымаў водгукі беларускіх мовазнаўцаў. Акрамя Барыса Лапава, яго рэцэнзаваў Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, які апублікаваў у часопісе «Полымя» артыкул «Слоўнік нашай дружбы», а пазней змясціў кароткі водгук «Польска-беларускі слоўнік» у сваёй кнізе «Лінгвістычны зборнік».
Янкоўскі адзначаў як практычную, так і навуковую каштоўнасць выдання, разглядаючы яго як уклад у славянскую лексікаграфію і лексікалогію. Адначасова ён звяртаў увагу на асобныя пропускі ў беларускай частцы: напрыклад, пры польскім chwacki былі пададзены адпаведнікі бравы, спрытны, паваротлівы, але не было слова хвацкі.
Ганна Кулеш таксама адзначыла асобныя магчымыя пропускі агульнай для абедзвюх моў лексікі, у прыватнасці беларускіх слоў корба і курч, аднак характарызавала такія выпадкі як асобныя недагляды, а не сістэмныя заганы слоўніка. Яна падкрэсліла каштоўнасць матэрыялу ППБС-62 для вывучэння словаўтваральных лакун, безэквівалентнай лексікі і агульнага польска-беларускага лексічнага фонду.
У даследаваннях па гісторыі беларусістыкі слоўнік разглядаецца як вынік супрацоўніцтва варшаўскіх і мінскіх беларусазнаўцаў. Ніна Баршчэўская называла яго падрыхтоўку адным з важных кірункаў сумеснай працы беларускіх і польскіх даследчыкаў.
Выданне
Літаратура
Крыніцы
Гл. таксама Польска-беларускі слоўнік Польска-беларускі слоўнік (2004) Беларуска-польскі слоўнік Беларускае мовазнаўства Беларусазнаўства ў Польшчы
Спасылкі «Падручны польска-беларускі слоўнік» у бібліятэцы Kamunikat.org Бібліяграфічны запіс у каталогу Бібліятэкі Эканамічнага ўніверсітэта ў Кракаве
Катэгорыя:Кнігі 1962 года Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Слоўнікі польскай мовы Катэгорыя:Перакладныя слоўнікі Катэгорыя:Беларусазнаўства ў Польшчы