Музей навукі і асветы Полаччыны — музей у Наваполацку, які з'яўляецца структурнай адзінкай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай.
Спалучае рысы навукова-адукацыйнага музея (выкарыстоўваецца для навучальных і даследчых мэт, захоўвання і экспанавання навуковых калекцый), гісторыка-мемарыяльнага музея (прысвечаны гісторыі універсітэта, яго выдатным выпускнікам і выкладчыкам) і тэхнічнага музея (экспазіцыя шмат у чым звязана з інжынернымі і тэхнічнымі навукамі).
Гісторыя Музей створаны як структурная адзінка ўніверсітэта ў 2002 годзе рэктарам Эрнстам Бабенка. 11 красавіка 2002 года было зацверджана Палажэнне аб музеі навукі і асветы Полаччыны. У адпаведнасці з ім музей з'яўляецца навукова-даследчым і навукова-асветніцкім цэнтрам, асноўным сховішчам прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія ўяўляюць каштоўнасць і адлюстроўваюць гісторыю развіцця навукі і асветы на Полаччыне.
Фонды У фондах музея станам на 2008 год было 3183 музейных прадмета асноўнага фонду. Музейны фонд падзелены на калекцыі, якіх тады ж налічвалася больш 20 (фотаматэрыялы, графіка, дакументы, друкаваныя выданні, рукапісы, археалагічныя знаходкі, баністыка, вексілалогія, нумізматыка, прадметы побыту, прыборы і апараты, фалерыстыка і інш.). Самымі вялікімі калекцыямі станам на 2008 год былі: калекцыя падручнікаў ХХ стагоддзя (каля 300 адзінак), калекцыя навучальных выданняў універсітэта (больш за 500 адзінак), калекцыя фотаматэрыялаў, звязаных з ветэранамі Другой сусветнай вайны (каля 100 адзінак), калекцыя археалагічных артэфактаў, якая паходзіць з карпусоў былога езуіцкага калегіума ў Полацку (больш за 200 адзінак). Сярод музейных прадметаў, якія захоўваюцца ў фондах, ёсць ссапраўдныя рарытэты. Таксама музей захоўвае рукапісы дысертацый знакавых постатцей гісторыі ВНУ. У калекцыі прыбораў і апаратаў, напрыклад, ёсць пішучая машынка "Olympia" 1946 года. З калекцыі археалогіі варта адзначыць кафлю з манаграмай ордэна езуітаў XVI стагоддзя. Сярод іншых цікавых калекцый — больш за 20 тысяч паштовак ад радыястанцый з больш чым 70 краін свету, якія прыйшлі ў свой час на адрас універсітэцкай радыёстанцыі.
Выданні Навуковыя даследаванні праводзяцца на аснове наяўных музейных калекцый, архіўных і іншых матэрыялаў. Вынікі навукова-даследчай працы атрымліваюць адлюстраванне ў навуковых і навукова-папулярных выданнях музея. Так, ужо ў 2004 годзе да 60-годдзя вызвалення Беларусі была выдадзена кніга "Салдаты Перамогі Полацкага ўніверсітэта", у якой былі сабраныя матэрыялы аб выкладчыках і супрацоўніках універсітэта — ветэранах Другой сусветнай вайны. Праз год выйшаў зборнік "Вялікая Айчынная вайна ў нашым лёсе" У яго першай частцы апублікаваны дадатковыя матэрыялы аб выкладчыках і супрацоўніках уіверсітэта, якія прымалі ўдзел у вайне. Другая частка зборніа заснавана на біяграфіях і успамінах тых асоб, чыё дзяцінства прыпала на ваенныя часы. Трэцці раздзел змяшчае аповеды супрацоўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў аб сваіх родных, якія прымалі ўдзел у вайне. За працу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі загадчыца музея Тамара Грудніцкая была ўзнагароджана медалём "60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне". З лістапада 2003 года па ініцыятыве Т.А. Грудніцкай выдаваўся штогадовы бюлетэнь "Памяць" пра памерлых выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта.
Спасылкі Старонка музея на афіцыйным сайце ўніверсітэта
Катэгорыя:Славутасці Наваполацка Катэгорыя:Музеі Віцебскай вобласці Катэгорыя:Культура Наваполацка