We Happy Few — відэагульня ў жанры action-adventure з элементамі survival horror і сімулятара выжывання, распрацаваная незалежнай канадскай студыяй Compulsion Games. Выпуск папярэдняй версіі гульні ў Steam Early Access і Xbox Preview адбыўся 26 ліпеня 2016 года. Гульня распрацоўвалася на гульнявым рухавіку Unreal Engine 4, поўная версія гульні была выпушчана 10 жніўня 2018 года.

Дзеянне гульні адбываецца ў выдуманым антыўтапічным горадзе Велінгтан-Уэлс (), дзе забаронена сумаваць: усе грамадзяне абавязаны ўжываць пілюлі пад назвай «Джой» (). Пад кіраваннем гульца знаходзіцца Артур Гастынгс (), клерк, які працуе «рэдактарам» — дзяржаўным цэнзарам у духу Міністэрства праўды, абавязаным выразаць нешчаслівыя гісторыі з газет і дакументаў. Сустрэўшы сярод матэрыялаў артыкул пра свайго брата, герой перастае прымаць «Джой». Неўзабаве ён выяўляе, што рэальны свет істотна адрозніваецца ад той ілюзіі, у якой ён прывык існаваць.

Сюжэт Дзеянне гульні разгортваецца ў 1964 годзе ў горадзе Велінгтан-Уэлс, размешчаным на некалькіх астравах. Паводле сюжэту гульні, нацысцкая Германія акупіравала Англію падчас Другой сусветнай вайны. Падчас акупацыі грамадзяне зрабілі вельмі «дрэнную рэч», якая выклікала ў тых, хто перажыў вайну, такі ўпадак духу, што яны звярнуліся да прэпарата пад назвай «Джой», што прыглушаў непрыемныя ўспаміны. Грамадзян, якія не ўжываюць прэпарат, называюць «адмоўнікамі» — у Велінгтан-Уэлс быць адмоўнікам забаронена, і ў выпадку злову адмоўніка грамадзяне прымушаюць яго ўжыць «Джой», каб вярнуць яго ў «нармальнае» шчаслівае грамадства.

Галоўны герой — Артур Гастынгс, клерк, чыя праца заключаецца ў цэнзураванні «нешчаслівых» артыкулаў са старых газет. У адным са старых артыкулаў герой знаходзіць згадку самога сябе і свайго старэйшага брата. Балючыя ўспаміны прымушаюць героя выкінуць капсулу з «Джой». Калі дзеянне «Джой» праходзіць, калегі героя разумеюць, што ён стаў «адмоўнікам», і пераследуюць яго, прымушаючы ўцякаць у падзямеллі.

Геймплэй Асноўная мэта гульні — збегчы з Велінгтан-Уэлса, жыхары якога адурманены псіхатропным сродкам. У гульні ёсць магчымасць загружаць папярэднія захаванні, калі гульнявы персанаж загіне. Карта горада не з’яўляецца фіксаванай, яна працэдурна генеруецца для кожнай новай гульні. Горад падзелены на раёны, у кожным з якіх свае ўласныя архітэктура і звычаі. Гульцы могуць змагацца з ворагамі або хавацца ад іх.

Гульцы могуць першапачаткова пачаць гульню з пралогу, які дасць ім перажыць падзеі, якія адбыліся пасля таго, як галоўны герой прыпыніў ужыванне «Джой» да іх магчымага выратавання ў межах астравоў. У альфа-версіі гульні гульцы могуць гуляць толькі за Артура, але могуць вырашыць, глядзець пралог або не. Таксама ёсць магчымаць зрабіць выбар: ужыць «Джой» або не. Калі ўжыць прэпарат, то адкрыецца адна з канцовак гульні. Пасля пралогу гульцы могуць даследаваць адкрыты працэдурна-згенераваны свет і розныя раёны горада, што складаюць Велінгтан-Уэлс. Ёсць змена дня і ночы. У пачатку гулец абмежаваны адным раёнам і мусіць выканаць задачы, што могуць дапамагчы адкрыць новыя часткі горада.

Жыхары горада будуць нападаць на гульнявога персанажа, калі западозраць, што ён не прымае «Джой». Незвычайныя ўчынкі, напрыклад, пранікненне ў чужыя дамы, выклікаюць падазрэнне. Гулец можа пазбегнуць падазрэння, ужываючы пілюлі «Джой», але празмернае іх ужыванне прывядзе да таго, што гульнявы персанаж забудзецца на сваю задачу — збегчы з горада. Ужыванне «Джой» змяняе светаўспрыманне — горад і гараджане ўяўляюцца гульцу больш маляўнічымі, чыстымі і шчаслівымі, чым насамрэч; без выкліканага «Джой» дурману жыхары Велінгтан-Уэлс ператвараюцца ў знясіленых наркаманаў, якія жывуць у разбураных будынках. «Джой» атручаны і гарадскі вадаправод, што ставіць гульца перад дылемай: недахоп вады адбіваецца на здароўі персанажа, але яе піццё прыводзіць да перадазавання «Джой».

Уцёкі могуць заняць больш за адзін дзень. У гульца ёсць падземны прытулак, дзе яго персанаж можа адпачыць, паесці і змайстраваць розныя прадметы, такія як адмычкі. Гулец можа красці ў гараджан прыпасы, уключаючы прадукты харчавання, ваду і зброю.

Распрацоўка Гульня We Happy Few была анансавана 26 лютага 2015 года і публічна дэбютавала на выставе PAX East 2015, дзе наведвальнікі маглі азнаёміцца з вельмі ранняй версіяй праекта. У чэрвені 2015 года студыя Compulsion Games запусціла кампанію на краўдфандынгавым сайце Kickstarter. Кампанія скончылася праз месяц 4 ліпеня 2015 года, сабраўшы 266 тысяч долараў ЗША ад 7433 ахвяравальнікаў. 10 жніўня 2018 года гульня выйшла ў рэліз.

Заўвагі

Спасылкі

Катэгорыя:Гульні для Linux Катэгорыя:Аднакарыстальніцкія відэагульні Катэгорыя:Гульні для Xbox One Катэгорыя:Гульні для PlayStation 4 Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Відэагульні жанру прыгодніцкі экшан Катэгорыя:Відэагульні, распрацаваныя ў Канадзе Катэгорыя:Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікіданых Катэгорыя:Відэагульні 2018 года