Помнік Георгію Каніскаму — помнік у Магілёве, прысвечаны праваслаўнаму царкоўнаму і грамадскаму дзеячу Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай свяціцелю Георгію (Каніскаму), архіепіскапу Магілёўскаму і Беларускаму. Адкрыты ў 2022 годзе на плошчы Арджанікідзэ, побач з лесвіцай, якая вядзе ў Падмікольскі парк.

Гісторыя Устаноўка помніка спачатку была ініцыяваная групай асоб, пасля — Фондам памяці Георгія Каніскага, зарэгістраваным у 2019 годзе Аляксандрам Набокавым. Як сцвярджае БПЦ, за ўстаноўку помніка ў 2017 годзе было сабрана звыш 11 тысяч подпісаў. Першапачаткова разглядалася некалькі варыянтаў размяшчэння помніка, у тым ліку каля архірэйскага палаца ці Спаса-Праабражэнскага храма. Як успамінаў Набокаў, каб паставіць помнік у годным месцы, яны шэсць гадоў змагаліся з мясцовымі ўладамі. Пытанне з помнікам Каніскаму ў Магілёве вырашылася станоўча, толькі калі яны звярнуліся непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі.

Помнік быў створаны пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага гарвыканкама і Магілёўскай епархіі ў гонар 305-годдзя з дня нараджэння свяціцеля. Яго стварэнне цалкам прафінансаваў мясцовы праваслаўны мецэнат Мікалай Грышкун. Помнік выкананы скульптарам Аляксеем Паўлючуком.

Адкрыццё Урачыстае адкрыццё помніка адбыло 6 жніўня 2022 года, у дзень памяці свяціцеля Георгія (Каніскага). Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, у саслужэнні іншых епіскапаў, здзейсніў літургію ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы. Далей адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне помніка свяціцелю.

У ім прынялі ўдзел мітрапаліт Веніямін, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, старшыня праўлення Мясцовага дабрачыннага фонду памяці Георгія Каніскага Анатоль Хішчанка, прадстаўнікі пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, працоўных калектываў, вернікі і жыхары Магілёва. Да іх далучыліся ўдзельнікі хроснага ходу ад Мікольскага манастыра, які па традыцыі здзяйсняецца ў дзень памяці свяціцеля, пачынаючы з 1993 года. Прывітанне ўдзельнікам цырымоніі накіравала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава.

У час цырымоніі мітрапаліт Веніямін уручыў медалі свяціцеля Георгія Каніскага старшыням выканкамаў Анатолю Ісачанку і Уладзіміру Цумараву, Анатолю Хішчанку і гендырэктару Будтрэста №12 Дзмітрыю Марозаву.

Апісанне Бронзавая статуя Георгія Каніскага пастаўлена на верхняй назіральнай пляцоўцы каля спуску ў гарадскі парк Падміколле. Фігура праваслаўнага дзеяча вышынёй 3,6 м стаіць на пастаменце з гранітных пліт з памятнай шыльдай: «Выдатны асветнік зямлі беларускай свяціцель Георгій Каніскі». Над скульптурай узвышаецца белая арка, якую вянчае купал з крыжам. Каля самага скляпення канструкцыі знаходзіцца дэкаратыўны рэльеф, у цэнтры якога — абраз Маці Божай Магілёва-Брацкай. Вышыня ўсёй скульптурнай кампазіцыі складае 9,3 м.

Крыніцы

Катэгорыя:Помнікі Магілёва Катэгорыя:2022 год у Магілёве Катэгорыя:З’явіліся ў 2022 годзе Катэгорыя:Плошча Арджанікідзэ (Магілёў) Катэгорыя:Творы Аляксея Паўлючука