Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі — выбарная асоба, якая ўваходзіла ў склад Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь — найвышэйшага прадстаўнічага і адзінага заканадаўчага органа дзяржаўнай улады краіны ў 1991—1996.
Статус і паўнамоцтвы Вярхоўны Савет складаўся з 260 дэпутатаў, якія выбіраліся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь на пяцігадовы тэрмін. Дэпутатам мог быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодаў выбарчым правам і дасягнуў 21 года.
Дэпутат меў права заканадаўчай ініцыятывы і не нёс юрыдычнай адказнасці за сваю дзейнасць у Вярхоўным Савеце, якую ажыццяўляў у адпаведнасці з Канстытуцыяй, як у перыяд выканання паўнамоцтваў, так і пасля іх спынення. Ён не мог быць арыштаваны, прыцягнуты да крымінальнай адказнасці або іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды без згоды Вярхоўнага Савета, за выключэннем выпадкаў затрымання на месцы злачынства.
Крымінальная справа супраць дэпутата магла быць узбуджана Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнага Савета, а ў перыяд паміж сесіямі — са згоды Прэзідыума Вярхоўнага Савета.
Функцыі і дзейнасць Дэпутаты павінны былі асабіста ўдзельнічаць у галасаванні на пасяджэннях Вярхоўнага Савета. Яны прымалі ўдзел у распрацоўцы і прыняцці законаў, пастаноў, вырашэнні пытанняў дзяржаўнага значэння.
З ліку дэпутатаў выбіраліся: Старшыня Вярхоўнага Савета; Першы намеснік і намеснікі Старшыні; Пастаянныя камісіі і іншыя органы, што займаліся законапраектнай дзейнасцю, папярэднім разглядам і падрыхтоўкай пытанняў, а таксама кантролем за выкананнем законаў.
У выпадку неабходнасці дэпутаты маглі ўваходзіць у склад следчых, рэвізійных і іншых часовых камісій Вярхоўнага Савета.
Дэпутаты былі абавязаны рэгулярна, не радзей аднаго разу на месяц, весці прыём грамадзян, а таксама справаздачыцца перад выбаршчыкамі, інфармаваць насельніцтва аб дзейнасці Вярхоўнага Савета і сваёй працы, выкананні праграм, наказаў выбаршчыкаў і перадвыбарнай праграмы.
Дэпутаты мелі права:
уносіць прапановы аб заслухоўванні на сесіі Вярхоўнага Савета справаздачы або інфармацыі любога органа ці службовай асобы па пытаннях, якія закранаюць інтарэсы Беларусі; накіроўваць дэпутацкі запыт — пісьмовае патрабаванне даць афіцыйнае тлумачэнне або выкласці пазіцыю па пытаннях, што маюць рэспубліканскае значэнне; уздымаць пытанне аб неабходнасці правядзення праверак і расследаванняў дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх органаў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый; бесперашкодна наведваць прадпрыемствы, установы і арганізацыі на тэрыторыі рэспублікі, карыстацца правам неадкладнага прыёму іх кіраўнікамі і службовымі асобамі; звяртацца да прадстаўнікоў любых арганізацый па пытаннях дэпутацкай дзейнасці; па ўласнай ініцыятыве з прыцягненнем спецыялістаў і грамадскасці правяраць звесткі аб парушэннях законаў, правоў грамадзян і арганізацый, патрабаваць іх ухілення; вывучаць грамадскую думку, патрэбы і запыты насельніцтва, паведамляць пра іх Вярхоўнаму Савету і іншым органам, уносіць прапановы і прымаць меры па іх задавальненні; удзельнічаць з дарадчым голасам у пасяджэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў і іх органаў; звяртацца ва ўсе дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі, на прадпрыемствы, у ўстановы і арганізацыі па пытаннях дэпутацкай дзейнасці, удзельнічаць у разглядзе гэтых пытанняў; патрабаваць спынення парушэнняў правоў грамадзян і заканадаўства, фіксаваць такія выпадкі ў пратаколе або патрабаваць гэтага ад праваахоўных органаў.
Органы і службовыя асобы, якія атрымалі звароты або патрабаванні дэпутата, былі абавязаныя:
загадзя паведамляць дэпутату пра дзень разгляду пастаўленых пытанняў; даваць адказ вусна або па патрабаванні дэпутата ў пісьмовай форме неадкладна, а пры неабходнасці дадатковага вывучэння — не пазней як у месячны тэрмін; неадкладна ліквідаваць выяўленыя парушэнні і пры неабходнасці прыцягнуць вінаватых да адказнасці, інфармуючы аб гэтым дэпутата.
Удзел у працэсе выбараў Прэзідэнта і зняцця з гэтай пасады Кандыдат на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мог быць вылучаны не менш як 70 дэпутатамі Вярхоўнага Савета. Пытанне аб зняцці Прэзідэнта з пасады магло быць узнята па ініцыятыве не менш як 70 дэпутатаў.
Прэзідэнт мог быць зняты з пасады ў выпадку парушэння Канстытуцыі, учынення злачынства, або пры немагчымасці выканання абавязкаў па стане здароўя — рашэннем Вярхоўнага Савета, прынятым не менш як дзвюма трэцямі ад выбраных дэпутатаў.
Абмежаванні Дэпутатамі Вярхоўнага Савета не маглі быць:
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь; члены ўрада; суддзі; іншыя асобы, якія прызначаліся Прэзідэнтам або з ягоным узгадненнем.
Крыніцы
Катэгорыя:Дэпутаты Беларусі Катэгорыя:Палітыка Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (пасля 1990 года)