Таварыства імя Юзафа Пілсудскага ў Мінску або Таварыства Пілсудскага ў Мінску Літоўскім — арганізацыя, заснаваная ў жніўні 1919 года ў Мінску, якая налічвала ад 1000 да 3000 сябраў і дзейнічала ў частцы Мінскай вобласці, якая часова знаходзілася пад польскай адміністрацыяй ва ўмовах польска-савецкай вайны (1919—1920). Дэкларавала падтрымку палітыцы Юзафа Пілсудскага.
Гісторыя У жніўні 1919 года Мінск быў акупаваны Польскай арміяй і апынуўся пад польскай адміністрацыяй. У тым жа месяцы там было заснавана Таварыства імя Юзафа Пілсудскага. Спачатку ў ім было каля 1000 удзельнікаў. Паводле адной з крыніц, яно складалася выключна з сябраў Таварыства дапамогі польскаму салдату (раней Польская вайсковая арганізацыя), а паводле другой, было створана ў выніку аб'яднання Таварыства дапамогі польскаму салдату, Таварыства сяброў польскага салдата і Польскага жаночага гуртка. 25 верасня 1919 года падпаручнік Баляслаў Любіч-Загорскі перадаў ліст ад арганізацыйнай секцыі таварыства генеральнаму камісару Грамадзянскай адміністрацыі Усходніх зямель Ежы Асмалоўскаму. У ім прапаноўвалася дапамога ад сеткі мясцовых інструктараў таварыства. Праз пяць месяцаў свайго існавання яно налічвала каля 3000 сяброў і мела 15 філіялаў у правінцыі, 8 салдацкіх заезных двароў, 1 начлежны дом, 9 народных дамоў і 1 кааператыў. Ягоны ўплыў у Польскай арміі таксама павялічыўсяJoanna Gierowska-Kałłaur: Rozdział VI. Recepcja programu zapowiedzianego przez Odezwę do mieszkańców b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. W: Joanna Gierowska-Kałłaur: Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 – 9 września 1920). Wyd. 1. Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003, s. 207–208. ISBN 83-88973-60-6..
Кіраўніцтва Старшынёй таварыства быў Эрнест Амбрашкевіч. Сябрамі праўлення былі: Ванда Бжэзіцкая, Яніна Цюндзявіцкая, Сыдаля Хшаноўская, Яніна Дзяконьская, Поля Дамброўская, Альгерд Яленскі, Ядвіга Канапацкая, Яніна Леска, Ядвіга Рачкевічава, ксёндз Эдвард Швейніц, Юзэфа Загорская і Баляслаў Любіч-ЗагорскіTomasz Piskorski, Pamiętniki, zeszyt 84 (1920), Warszawa: Archiwum Akt Nowych..
Статут
У Статуце Таварыства імя Юзафа Пілсудскага ў Мінску было 42 старонкі. Сярод іншага, у ім агаворвалася, што ў выпадку немагчымасці далейшай дзейнасці сродкі арганізацыі павінны быць пераведзены Польскаму Беламу Крыжу. Статут таксама акрэсліваў мэты арганізацыі:
асноўная мэта — абарона польскай дзяржаўнасці ў адпаведнасці з ідэяй кіраўніка дзяржавы Юзафа Пілсудскага з дапамогай свецкай працы, клопату пра салдат, дабрачыннай, палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай працы; наладжванне добрых адносін з іншымі слаямі насельніцтва; барацьба не на жыццё, а на смерць супраць карупцыі ў грамадскім жыцці, супраць хабарніцтва, спекуляцыі, адсутнасці пачуцця грамадзянскага абавязку, ляноты і апатыі; змагацца з невуцтвам, распаўсюджваючы адукацыю; барацьба з інерцыяй і анархіяй эканамічнага жыцця шляхам падтрымкі кааператыўнага руху; абуджэнне грамадзянскай свядомасці.
Праграма таварыства прадугледжвала ўдзел у выбарчай кампаніі ў павятовыя рады Прадстаўніцтва Усходніх зямель. Гэта сведчыла пра недахоп разумення федэратыўнай палітычнай канцэпцыі Юзафа Пілсудскага адносна Усходніх зямель. Кіраўнік польскай дзяржавы планаваў правядзенне там плебісцыту адносна будучага дзяржаўнага ладу і сувязяў з Польшчай. Таварыства дэкларавала падтрымку ягонай палітыцы, а таму не павінна было прадугледжваць удзел у такіх выбарах.
Тэрыторыя дзейнасці Згодна са Статутам, дзейнасць таварыства распасціралася на ўсе землі Беларусі, што паводле тагачаснай наменклатуры азначала тэрыторыю былых 5 ваяводстваў Рэчы Паспалітай: Мінскага, Полацкага, Мсціслаўскага, Віцебскага, Смаленскага. Аднак на практыцы гэта абмяжоўвалася толькі тэрыторыяй, якую кантралявалі польскія войскі.
Гл. таксама
Польска-беларускае таварыства
Крыніцы
Катэгорыя:Гісторыя Мінска Катэгорыя:Польска-савецкая вайна