Станіслаў Расалоўскі (пол. Stanisław Rosołowski, 5 лютага 1797, Ружаны — 31 жніўня 1855, Вільня) — лекар, перакладчык і паэт.

Біяграфія Нарадзіўся ў незаможнай сям’і ў мястэчку Ружаны. Ён рана страціў бацьку, і маці, Францішка, выйшла замуж зноў за акцёра Ігната Кучынскага і выступала пераважна на віленскай сцэне.

Айчым хацеў, каб ён заняўся музыкай, але пасля заканчэння гімназіі Станіслаў паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1817 годзе ён прадставіў дысертацыю: «De polipi cordi vivente in hominis generatione» (Вільня, 1818), за якую атрымаў ступень доктара медыцыны.

Падчас вучобы ён быў вучнем віленскага прафесара медыцыны Юзафа Франка, які вылучаў яго сярод іншых студэнтаў і ў сваіх мемуарах называў сваім сябрам. Пасля сканчэння вучобы быў накіраваны на працу лекарам на Піншчыну, але здолеў вярнуцца ў Вільню.

У 1820 годзе ажаніўся на Кацярыне Апіц, дочцы віленскага пекара.

Паводле Адама Ганорыя Кіркора падчас эпідэміі халеры выконваў свае абавязкі лекара з прысвячэннем, як у Вільні, так і ў Мінску (1831). У 1835 годзе быў абраны чальцом Віленскага медычнага таварыства, аднак асаблівай ініцыятывай не вырозніваўся.

Найбольш вядомы як паэт-перакладчык, класіцыст. Паводле Адынца, да з’яўлення Міцкевіча Расалоўскі разам з Ігнатам Шыдлоўскім «былі карыфеямі паэзіі ў Вільні». Пераклады Расалоўскага за паэтычныя вартасці і вернасць арыгінальнаму стылю высока ацэньваў Уладзіслаў Сыракомля.

У 1815 годзе ён публічна прадставіў пераклад фрагмента дзявятай кнігі "Энеіды" Вергілія. Праз чатыры гады ў «Віленскім дзённіку» быў апублікаваны яшчэ адзін фрагмент «Энеіды», восьмая песня.

Сярод аўтараў, чые творы ён перакладаў, былі: Расін («Ода вясковаму жыццю»), Лебрэн, Байран (урыўкі з «Чайльд Гарольда»), Мур («Ірландскія мелодыі»), Ламарцін. Публікаваў пераклады ў часопісах «Tygodnik Wileński», «Dziennik Wileński», «Biruta» i «Znicz» Юзэфа Крачкоўскага і «Radegast» Адама Кіркора.

У 1834 быў анансаваны выхад двухтомніка паэтычных твораў Расалоўскага, але гэтага так і не адбылося.

З яго вядомых уласных паэтычных твораў вядома няшмат, пераважна гэты былі невялікія творы, напісаныя з асабістых нагодаў.

Вельмі вострую характарыстыку Расалоўскаму даў у сваіх успамінах Станіслаў Мараўскі: «Ён стаў сапраўдным бічом, сапраўдным трутнем Вільні і цалкам заслужыў агульную пагарду, якая яго акружала і якая не апраўдвала яго убогасці». Але вельмі цёпла пра Расалоўскага адгукаўся Кіркор, які называў яго сваім даўнім сябрам і хваліў яго магутную і выразную сілу прамаўлення. Так ці інакш, у памяці сучаснікаў Расалоўскі застаўся як «доктар-паэт» (так яго паўсюдна называлі).

У Станіслава Расалоўскага была дачка Зоф’я, якая ў 1838 годзе была настаўніцай у жаночым пансіянаце ў Гродне, і сын Эдвард, які вучыўся ў Віленскай медыцынскай акадэміі і памёр у маладым узросце. Сам ён жыў у Вільні, дзе і памёр 31 жніўня 1855 года. Пасмяротную імшу адпраўлялі ў касцёле святога Яна, хорам дырыжыраваў Станіслаў Манюшка.

Быў пахаваны на Бернардзінскіх могілках, побач з раней памерлымі сынам і жонкай.

Спіс перакладаў

Słodycz wiejskiego życia, przez Rakana, p. Stanisława Rosołowskiego. 1817. II. 239. Powrót na wieś, p. Stanisława Rosołowskiego. 1818. I. 409. Smierć Kakusa, ustęp z Wirgiliusza, p. Stanisława Rosołowskiego. 1819. II. 407. Tass. Oda napisana przez Victorina Fabre i uwieńczona jednomyślnem zdaniem akademii de Jeux Floraux, przekładania Stanislawa Rosołowskiego. 1820. II. 62. Oda na śmierć J. B. Rosseau, napisana przez Le Franc de Pompignau, przekładania Stanislawa Rosołowskiego. M. D. 1820. II. 339. Dobroczynność. Oda Delilla, przez Stanislawa Rosołowskiego. 1820. III. 183. Zapadnienie Lizbony, z franc. P. Le Brun, p. Stanisława Rosołowskiego. 1821. I. 442. Rosołowskiego Stanislawa: Oda do słońca z powodu nieszczęść, jakie trapily ziemię po zapadnieniu Lizbony, z Le Bruna. 1822, II. 71. Wspomnienie Ady. Wyjątek z 3-ej pieśni poematu Lorda Byrona pod tytułem: Child Harold, przeklad Stanislawa Rosołowskiego. 1829. LN (Literatura Nadobna). IV. 40. Melodye Irlandzkie Tomasha Moore, przełożone p. Stan. Rosołowskiego M. D. 1829. LN. IV. 115. Hymn do Boga, naśladowany z Adyssona p. Stan. Rosołowskiego. 1829. LN (Literatura Nadobna). IV. 255. Dydona. Tragedya p. Le Franc de Pompignan, p. Stan. Rosołowskiego (wyjątki). 1818. I. 496; II. 83. «Radegast»: W Imionniku do Flory B. (St. R.) str.16. Ułamek z 3cięj pieśni Child Harolda, poematu Lorda Byrona. (St. Rosołowskiego) str. 62. Melodja IX. z Byrona. (St. R.) str. 64. Więrsz Byrona do Miss Chaworth. (St. R.) str. 66. «Znicz»: Rosołowskiego S. Wyjatek o człowieku z harmonij śś. Lamartina str. 118. Wiersz Wiktora Hugo do młodej dziewczyny str. 191. Odpowiedż Byrona na list Przyjaciela str. 212.

Крыніцы

Катэгорыя:Медыкі Польшчы Катэгорыя:Выпускнікі медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1797 годзе Катэгорыя:Пахаваныя на Бернардзінскіх могілках Катэгорыя:Памерлі ў 1855 годзе Катэгорыя:Паэты Катэгорыя:Рамантызм Катэгорыя:Перакладчыкі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ружанах