Довід Пінскі, Давід Пінскі () — яўрэйскі драматург, празаік, грамадска-палітычны дзеяч. Выдатны мадэрніст. Пісаў на ідышы.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і купца, часткова асіміляванай. Вучыўся ў хедары. У 1885 пераехаў з бацькамі ў Маскву, дзе працягнуў рэлігійную адукацыю і вывучаў свецкія веды.

У 1890-91 жыў у Віцебску, далучыўся да сіяністаў, пісаў вершы на ідышы.

У 1892 паехаў у Вену, дзе вывучаў медыцыну ва ўніверсітэце, правёў там нядоўгі час. Па дарозе спыніўся ў Варшаве, каб сустрэцца з кумірам моладзі, пісьменнікам Ісакам Лейбам Перацам, з гэтай сустрэчы пачалася іхняя доўгая дружба. Перац ухваліў першыя творы Пінскага, увёў яго ў асяродак яўрэйскіх літаратараў. Пінскі жыў у Варшаве, тут пасяліліся пасля выгнання з Масквы і яго бацькі. У 1893 годзе дэбютаваў у друку, апублікаваў вершы ў «Варшаўскім яўрэйскім календары» Эпельберга. У 1894 годзе ў зборніку «Хойз-фрайнд» пад рэдакцыяй Спектара змясціў фельетон «У правінцыі». Разам з Перацам і Спектарам выдаваў зборнікі «Ёмтэф блэтлах» (Святочныя старонкі), дзе публікаваў свае апавяданні. У Вільні творы Пінскага выдаваў Горын. Творчасць гэтага часу прасякнута ідэямі сацыялізму.

З 1896 года вучыўся ў Берлінскім універсітэце, пісаў апавяданні для амерыканскай газеты «Абенд блат», заснаваў у Берліне невялікае выдавецтва «Цайтгайст», потым жыў у Швейцарыі, дзе пачаў пісаць драмы.

У 1899 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Вывучаў нямецкую літаратуру ў Калумбійскім універсітэце. Ад 1903 года ў партыі «Паалей-Цыён у ЗША», адзін з яе кіраўнікоў. Адзін з заснавальнікаў Яўрэйскага культурнага кангрэса (1948), першы прэзідэнт яўрэйскага ПЭН-клуба. У 1949 выехаў у Ізраіль.

Рэдагаваў газеты «Абенд блат» (літаратурны аддзел), «Дзі арбэтэр цайтунг», «Ідышэр кэмпэр» (з 1916), «Цайт». Разам з Нігерам і Рогавым рэдагаваў часопіс «Цукунфт» (1941—1949).

Творчасць У Швейцарыі напісана драма «Айзік Шэфталь» і абразок «Есурым» (Пакуты). У Нью-Ёрку стварыў мноства драм: «Дзі мутэр» (Маці, 1901), «Дзі фамілье Цві» (Сям’я Цві, 1903), «Глік фаргэсэне» (1904), «Янкель дэр шмід» (Янкель-каваль, 1906), «Дэр эйбікэр ід» (Вечны жыд, 1906), «Дэр ойцэр» (Скарб, 1906), «Габры ун дзі фроен» («Габрыель і жанчыны», 1910) і іншыя. Аўтар біблійных і гістарычных п’ес, побытавых раманаў «Дэр цэрысэнэр мэнч», «Дос хойз фун Ноях Эдон».

Адчуваў уплыў Аўербаха, Гебеля, фон Кляйста, Людвіга са старэйшых пісьменнікаў, Гаўптмана з маладзейшых.

Яго імя згадвае Вітаўт Кіпель у кнізе «Беларусы ў ЗША». Герхарт Гаўптман высока ацаніў драмы Пінскага. Часам яго лічаць «чацвёртым класікам» пасля Мэндэле, Шолам-Алейхема і Пераца.

Крыніцы

Спасылкі Pinski, Dovid (David). congressforjewishculture.org

Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Драматургі ЗША Катэгорыя:Пісьменнікі Ізраіля