Освальд Андрэевіч Стапран (25 студзеня 1901, в. Беркава, Віцебская губерня — , ) — савецкі архітэктар-канструктывіст, адзін з аўтараў праекта гасцініцы «Масква» і шэрагу іншых маскоўскіх будынкаў і кварталаў.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1901 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Беркава Віцебскай губерні. У 1918 годзе пераехаў у Маскву, паступіў на інжынерна-будаўнічы факультэт Маскоўскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча, які скончыў у 1925 годзе.
Працаваў на пасадзе архітэктара ў праектнай майстэрні № 2 Массавета. У 1926—1928 гадах удзельнічаў у праектаванні і забудове квартала «Ніжняя Прэсня» на Мантулінскай вуліцы, у 1930 годзе — комплексу жылых дамоў на Пісцовай вуліцы. У 1931 годзе на 2-й Цвярской-Ямскай вуліцы па праекце Стапрана быў пабудаваны шматкватэрны жылы дом кааператыва «Сахаратрэст», прызначаны для часовага пражывання запрошаных у СССР замежных спецыялістаў у цукровай прамысловасці.
У тым жа 1931 годзе выкананы Стапранам сумесна з архітэктарам Л. І. Савельевым пры кансультацыях Шчусева праект перамог у конкурсе на будаўніцтва гасцініцы Массавета. У 1932—1939 гадах Стапран быў намеснікам архітэктара пры будаўніцтве гасцініцы.
Удзельнічаў у афармленні вестыбюляў і залы адкрытай у 1935 годзе станцыі метро «Ахотны Рад». У сярэдзіне 1930-х гадоў быў слухачом факультэта архітэктурнага ўдасканалення Акадэміі архітэктуры СССР (ФАУ). У кастрычніку 1935 — студзені 1936 года ў складзе групы аспірантаў — асістэнтаў Акадэміі, якія скончылі ФАУ, атрымаў творчую камандзіроўку ў Еўропу (Італія, Грэцыя, Францыя). Займаў пасаду галоўнага архітэктара інстытута Маспраект ДПІ 7 Дзяржбуда СССР.
У 1939—1940 гадах па праекце Стапрана пабудаваны жылы дом на Садовай-Самацёчнай вуліцы, у 1954 годзе — павільён «Галоўхлеб» на ВДНГ.
У 1965 годзе выйшаў на пенсію, але працягваў творчую і навуковую працу. Удзельнічаў у выставах жывапісу і графікі. Памёр у 1984 годзе у Маскве, пахаваны ў калумбарыі Мікола-Архангельскіх могілак.
Катэгорыя:Архітэктары Масквы