Павел Уладзіміравіч Баркоўскі () — беларускі філосаф і грамадскі дзеяч. Кандыдат філасофскіх навук. З 2009 па 2020 год дацэнт факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Гасцявы прафесар Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук. З 10 жніўня 2025 года прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце.
Біяграфія Нарадзіўся 12 снежня 1978 года ў Мінску.
Скончыў Ліцэй імя Якуба Коласа ў 1995 годзе, затым філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2000 годзе. У 2005 абараніў кандыдацкую дысертацыю ў БДУ. У 2002—2003 і 2007 гадах навучаўся ў Фрайбургскім універсітэце ў рамках акадэмічных стажыровак.
Падчас пратэстаў у Беларусі 2020 года звольніўся з БДУ, бо быў не гатовы мірыцца з ціскам на выкладчыкаў з палітычных матываў. У 2021 годзе ўладкаваўся капірайтарам у IT-кампанію.
Грамадская дзейнасць З 2009 года з’яўляўся каардынатарам «Беларускай філасофскай прасторы», у рамках якой арганізоўваў лекцыі, семінары, дыскусіі, міжнародныя канферэнцыі, летнія школы і культурныя праекты. З 2010 года прымаў актыўны ўдзел у працы «Лятучага ўніверсітэта». У 2013 годзе ініцыяваў праект «500 перакладаў гуманітарыстыкі для патрэбаў беларускамоўнага навучання», накіраваны на пераклад і публікацыю значных філасофскіх і гуманітарных тэкстаў.
16 лістапада 2024 года, пасля зыходу Аліны Коўшык, стаў выконваць абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. 10 жніўня 2025 года быў афіцыйна зацверджаны на гэтай пасадзе Святланай Ціханоўскай.
Акадэмічная кар’ера У 2001—2002 гадах выкладаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, а таксама чытаў лекцыі ў Беларускім Калегіюме (2002—2005). У 2005—2008 гадах працаваў асістэнтам у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. З 2009 па 2020 год займаў пасаду дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2020 годзе быў запрошаным даследчыкам Інстытута навук аб чалавеку (Вена). З 2022 года — гасцявы прафесар Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук.
Аўтар больш за 50 навуковых артыкулаў і публікацый.
Крыніцы
Катэгорыя:Асобы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Катэгорыя:Філосафы Беларусі