Нясвіжская друкарня — друкарня ў Нясвіжы, якая дзейнічала ў XVI стагоддзі. Адыграла важную ролю ў развіцці беларускай кніжнасці і распаўсюджванні ідэй Рэфармацыі.
Гісторыя Першая друкарня ў Нясвіжы належала нясвіжскаму аканому, выпускніку Вітэнбергскага ўніверсітэта Мацею Кавячынскаму (каля 1520—1572 гг.). Праз яго і нясвіжскага прапаведніка Лаўрэна Крышкоўскага намаганні ў 1562 г. арганізавана кнігадрукаванне. Друкарня заснаваная пры безумоўнай пратэкцыі гаспадара Нясвіжа, пратэстанта, заснавальніка Берасцейскай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага.
Ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў клецкі прапаведнік Сымон Будны. Гэта была першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, якая выкарыстоўвала кірылаўскія шрыфты. Імя друкара кірылічных выданняў не вядома. Першай нясвіжскай друкаванай кнігай, выдадзенай у 1562 годзе, быў кірылічны «Катихисис то ест наука стародавная христианъская от светого писма для простых людей языка руского, в пытаниах и отказех събрана» (першая у Беларусі кніга на беларускай мове), напісаны Будным на ўзор «Вялікага Катэхізіса» Марціна Лютэра (1529). Наступным выданнем друкарні была таксама кірылічная кніга — твор Сымона Буднага «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не збярогся), выдадзеная 11 кастрычніка 1562 годаКніга Беларусі 1517—1917. № 5.. Твор быў прысвечаны Астафею Валовічу — земскаму падскарбію літоўскаму, які ўклаў свае сродкі ў Нясвіжскую друкарню: «…початок сее друкарни нашее твоей милости наклады исперва еще, яко некое основание уготовали и укрепили», — пісаў Будны ў прысвячэнніКніга Беларусі 1517—1917. № 5. С. 56.. Відавочна і тое, што земскі падскарбі альбо не хацеў, альбо не мог размясціць пратэстанцкую друкарню ў сталічнай Вільні.
У канцы 1562 г. у друкарні пачаў працаваць друкар Даніэль Ленчыцкі. Верагодна, новы рамеснік не валодаў ні рускай (старабеларускай), ні царкоўнаславянскай мовамі — пасля яго з’яўлення і да моманту спынення дзейнасці друкарні кірылічныя кнігі тут больш не выходзілі. Праўда, гэтаму можа быць і іншае тлумачэнне. Пачаўшы выданне кірылічных кніг на старабеларускай мове, Сымон Будны хацеў павялічыць колькасць сваіх прыхільнікаў за кошт праваслаўнага насельніцтва ВКЛ. Аднак ён сустрэў рэзкае супраціўленне, у прыватнасці з боку старца , які жыў пры двары слуцкага князя Юрыя Алелькавіча. Швейцарскаму тэолагу Генрыху Булінгеру Будны пісаў пра вынікі палемік: «Вашыя… довады разбіваюцца»Парэцкі Я. І. Сымон Будны. Мн., 1975..
Цалкам магчыма, што пратэстанты адмовіліся ад друкавання сваіх твораў на кірыліцы не столькі з-за адсутнасці падрыхтаваных друкароў і прапаведнікаў, колькі з-за прычын тактычных — каб не весці «вайну на два франты». Яны засяродзіліся на антыкаталіцкай прапагандзе, што зручней было рабіць на лацінскай і польскай мовах. Гэта паклала пачатак традыцыі супрацоўніцтва праваслаўных і пратэстантаў у ВКЛ.
Перыяд найбольшай выдавецкай актыўнасці першай Нясвіжскай друкарні прыпадае на 1563—1564 гг. — восем назваў. У 1563 г. выйшаў, у прыватнасці, «Катэхізіс» Сымона Буднага на польскай мове, у наступным, 1564-м, — «Гутаркі святога Юстына філосафа і пакутніка з іўдзеем Трыфанам» у перакладзе таго ж С. Буднага. Як і Берасцейская друкарня, Нясвіжская выпусціла ў 1564 годзе тры кнігі Паўла з Бжэзін: «Адрозненні ў веры Станкаравых вучняў», «Кароткае апісанне падзей, якія адбыліся ў 1563 г. у Кракаве і Пінчове» і «Супраць артыкулаў новай веры, што выказаў Сарніцкі ў Варшаве».Потым быў перапынак да 1568 года, калі перавыдалі Новы Запавет у перакладзе С. Буднага, два выданні выйшлі ў 1570 г. — Апокрыфы і Новы Запавет. У 1572 г. пачалося друкаванне новага перакладу Старога Запавету. У прадмове Сымон Будны пісаў пра мову свайго перакладу: «Знойдзеш тут словы велікапольскія, знойдзеш кракаўскія, мазавецкія, падляшскія, сандамірскія, а за малым і рускія. Бо глупства мовай адной краіны грэбаваць, а словы другой узносіць пад нябёсы».
Аднак на той час гаспадаром Нясвіжа ўжо стаў Мікалай Радзівіл Сіротка, які вызнаваў каталіцызм. Ён актыўна перашкаджаў дзейнасці пратэстантаў; існуе паданне, што Сіротка выкупляў паасобнікі выданняў Брэсцкай друкарні і паліў іх у двары Нясвіжскага замка. Сымону Буднаму працаваць у такіх умовах было немагчыма. Тады друкарню выкупіў магнат-пратэстант Ян Кішка — яна была перанесена ў Лоск, дзе і закончана друкаванне Старога Запавету. Паводле іншых крыніц, «Біблія» была дадрукавана ў 1572 годзе ў Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе.
Мастацкія асаблівасці Большасць кніг Нясвіжскай друкарні мела простае афармленне без ілюстрацый. Выкарыстоўваліся наборны арнамент, разнастайныя шрыфты і ініцыялы з дэкаратыўна-раслінным фонам. У мастацкім аздабленні кірылічных кніг выразна прасочваюцца сувязі з традыцыямі Францыска Скарыны.
Крыніцы
Літаратура
Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984. С. 170—175.
Спасылкі
Катэгорыя:Друкарні Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыя Нясвіжа Катэгорыя:XVI стагоддзе ў Беларусі