Папоў калодзеж — крыніца ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Размешчана каля вёскі Бруёўка. З'яўляецца гідралагічным аб'ектам мясцовага значэння і зонай адпачынку.

На сённяшні дзень гэта самая ўсходняя з даследаваных на тэрыторыі Беларусі крыніц.

Геаграфія Крыніца знаходзіцца за 2 кіламетры на поўдзень ад вёскі Бруёўка, на правым беразе ракі Беседзь. Размешчана за 1 кіламетр на ўсход ад 5-га кіламетра трасы Р139 Хоцімск—Клімавічы.

Гісторыя Захавалася паданне, што ў XIX стагоддзі крыніцай карыстаўся святар Павел Цітовіч, а пазней яго сын Рыгор Цітовіч. Верагодна, адсюль паходзіць народная назва — Папоў калодзеж. Мяркуецца, што на гэтым месцы магла існаваць капліца.

Рыгор Цітовіч вядомы ў гісторыі Хоцімска як першы выкладчык народнага вучылішча, заснаванага ў 1871 годзе. Першым настаяцелем Сабора Святой Троіцы ў Хоцімску да 1879 года быў Іаан Цітовіч.

У 2014 годзе пачалося ўладкаванне тэрыторыі вакол крыніцы як зоны адпачынку.

Сучасны стан Тэрыторыя вакол крыніцы ўладкавана як зона адпачынку і знаходзіцца на балансе Хоцімскага УКП "Жылкамгас", хаця землекарыстальнікам з'яўляецца Хоцімскае лясніцтва ДЛГУ "Касцюковіцкі лясгас".

Крыніца мае тры ўладкаваныя выхады вады, над кожным з якіх устаноўлены жалезабетонныя кольцы з драўлянымі вечкамі. Вада збіраецца ў ручай, на якім пабудаваны капліца і купель. Наваколле добраўпарадкавана: устаноўлены лаўкі, а на топкім беразе ракі Беседзь зроблена аглядная пляцоўка з драўлянага насцілу.

Спасылкі

Катэгорыя:Крыніцы Хоцімскага раёна Катэгорыя:Крыніцы Беларусі Катэгорыя:Гідраграфія Хоцімскага раёна