Справа Беларускага Гаюна — палітычна матываваны крымінальны пераслед, распачаты рэжымам Лукашэнкі супраць інфарматараў маніторынгавага OSINT-праекта «Беларускі Гаюн», які адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войск пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны.
Перадгісторыя Беларускі Гаюн з’явіўся ў пачатку студзеня 2022 года як маніторынгавая ініцыятыва па адсочванні перамяшчэння расійскай тэхнікі і войск па тэрыторыі Беларусі. Перад праектам стаяла задача назіраць за колькасцю тэхнікі, якую завозяць у краіну і вывозяць назад, дзе патэнцыяльна можа ўзнікнуць новая расійская вайсковая база.
Рэакцыя спецслужб У сакавіку 2022 года МУС РБ прызнала тэлеграм-канал праекта экстрэмісцкім фарміраваннем. У красавіку 2022 года на канал падпісалася больш за 360 тысяч чалавек. На той момант 90 % аўдыторыі складалі падпісчыкі з Украіны, а астатняя частка — беларусы.
У снежні 2022 года супрацоўнікі беларускіх сілавых органаў пад выглядам назіральнікаў «Беларускага Гаюна» спрабавалі даведацца пра асабістыя даныя і фарміраваць дасье на падпісчыкаў праекта. Рабілі яны гэта з дапамогай чат-ботаў для знаёмстваў. У паведамленнях, у не надакучлівай форме, яны прасілі пазначыць імя і прозвішча, дату нараджэння, месца пражывання, а таксама іншыя асабістыя даныя
На момант 8 верасня 2023 года стваральніку праекта было вядома пра 10 выпадкаў арышту за ўзаемадзеянне з Беларускім Гаюном. Антон Матолька заявіў, што недзе людзі былі ідэнтыфікаваны праз вулічнае відэаназіранне, а недзе праз знойдзены ў тэлефоне тэлеграм-бот.
У красавіку 2023 года па беларускім дзяржаўным тэлебачанні паказалі фільм, дзе было расказана пра затрыманне айцішніка Дзмітрыя Маставога. Аўтары фільма абвінавацілі яго ў стварэнні анлайн-трансляцыі на аэрадроме Мачулішчы. Яны заявілі, што чат-бот «Гаюна» кантралюецца беларускімі сілавымі органамі. Медыя «Zerkalo» адзначыла, што ў эфіры дзяржаўнага ТБ няма доказаў гэтым заявам, а замест здымкаў перапіскі аўтары ўжывалі камп’ютарную графіку. Адміністрацыя «Гаюна» заявіла, што затрыманы праграміст не рабіў для іх прамых трансляцый, а паведамленні пра кантроль іх чат-бота сілавікамі — «лухта».
5 лютага 2025 года Антон Матолька паведаміў, што ў выніку несанкцыянаванага ўваходу беларускія сілавікі раніцай атрымалі доступ да чата з ботам «Гаюна», куды збіралася інфармацыя ад людзей. Сілавікі атрымалі доступ да чата, перайшоўшы па запрашальнай спасылцы, якая была створана яшчэ 2 сакавіка 2022 года. Спасылку на бот «Гаюна» яны знайшлі на тэлефоне затрыманай незадоўга да таго актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі. У момант пранікнення сілавікоў у чат у яго наладах не была ўключаная функцыя схавання старых паведамленняў для новых карыстальнікаў. Маштаб выгружанага аб’ёма дадзеных невядомы.
Крымінальны пераслед і арышт інфарматараў праекта 6 лютага ГУБАЗіК паказаў супрацоўніка Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, якога, як сцвярджаюць сілавікі, затрымалі пасля ўзлому доступу да бота праекта «Беларускі Гаюн». Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак заявіў, што праз доступ сілавікоў да інфармацыі з чат-бота «Беларускага Гаюна» толькі за суткі на іх гарачую лінію прыйшло 50 запытаў па экстраннай эвакуацыі з Беларусі.
Гомельскі абласны суд 20 жніўня вынес першы прысуд па справе «Беларускага Гаюна» — жыхару Хойніцкага раёна, евангельскаму пастару Алегу Лойку прысудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У канцы жніўня 2025 года, паводле звестак «Флагштока», больш за 250 жыхароў Гомельскай вобласці затрыманы з пачатку 2025 года па справе «Беларускага Гаюна».
У верасні 2025 года стала вядома пра яшчэ аднаго фігуранта «справы Гаюна», якога арыштавалі ў чэрвені 2025 года, — Кірыла Краўцова, заснавальніка арт-вёскі Чырвоны Кастрычнік (Рэчыцкі раён) і ўдзельніка акцыі дзярСМІ «З табурэткай да акіяна».
Крыніцы
Катэгорыя:Палітычны крызіс у Беларусі (2020) Катэгорыя:Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі Катэгорыя:Крымінальныя справы ў Беларусі