«I’m a Loser» () — песня гурта «The Beatles», якая ўвайшла ў чацвёрты брытанскі альбом гурта Beatles For Sale і ў амерыканскі альбом Beatles '65. Песня была напісана Джонам Ленанам, аўтарства прыпісана Ленану і Мак-Картні. Да таго, як Ленан напісаў кампазіцыю «I Feel Fine», песню «I’m a Loser» намерваліся выпусціць у выглядзе сінгла.

Паводле музычнага крытыка Рычы Антэрбергера, нягледзячы на тое, што тэкст песні апавядае пра адмову ў рамантычных стасунках, дадзеная песня з'яўляецца адной з першых кампазіцый «The Beatles», якая «выходзіць за межы юнацкага кахання», уключна з «няшчырым шчаслівым тварам у той час, калі руйнуецца ўвесь твой свет».

Песня У 1980 годзе Ленан заявіў, што гэтая песня была «мною [Ленанам] у маім перыядзе Дылана», і дадаў: «Частка мяне мяркуе, што я — няўдачнік, а частка мяне мяркуе, што я — госпад усемагутны». Антэрбергер у дачыненні да песні адзначыў, што яна «адметная, бо з'яўляецца, верагодна, першай песняй «The Beatles», якая непасрэдна адлюстроўвае ўплыў Боба Дылана, патроху падштурхоўваючы фолк і рок усё бліжэй адзін да аднаго — да фолк-рокавага выбуху наступнага года». Музыказнаўца Алан Полак адзначыў, што песня ўтрымлівае «мацнейшую сумесь фолк-элементаў з усяго, што «The Beatles» зрабілі да тых пор».

У сваёй вакальнай партыі Ленан выконвае даволі нізкую для яго рэгістра ноту соль вялікай актавы (большую частку песень «The Beatles» ён выконваў у тэнаровым рэгістры). Тым не менш, гэта не адзіная песня, дзе ён браў гэтую ноту — у яго выкананні яна гучыць таксама ў кампазіцыях «Happiness Is a Warm Gun» і «Love Me Do».

Запіс і выпуск песні Песня была запісана 14 жніўня 1964 года на студыі «Эбі-Роўд». Таго ж дня гурт запісаў песню «Leave My Kitten Alone» (што не ўвайшла ні ў якія афіцыйныя альбомы гурта і была выпушчана толькі на кампіляцыйным альбоме Anthology 1) і зрабіла спробу запісаць песню «Mr. Moonlight» (да запісу якой у выніку вярнуліся 18 кастрычніка). Усяго было запісана восем дубляў без накладанняў.

Нягледзячы на тое, што афіцыйна песня была выпушчана толькі ў пачатку снежня, яе першая публічная прэзентацыя адбылася на радыё BBC 17 жінўня разам з трыма іншымі песнямі з альбома Beatles For Sale, а таксама з сінглам «I Feel Fine» / «She’s a Woman». Пазней песня ўвайшла таксама ў амерыканскі альбом гурта Beatles ’65 і ў амерыканскі міні-альбом 4-by The Beatles.

У запісе ўдзельнічалі: Джон Ленан — асноўны вакал, губны гармонік, рытм-гітара Пол Мак-Картні — падгалоскі, бас-гітара Джордж Харысан — сола-гітара Рынга Стар — ударныя, бубен

Цікавы факт На першых вокладках альбома Beatles For Sale песня была памылкова абазначана як «I’m A Losser».

Крыніцы

Спасылкі

Відэа з гучаннем студыйнай версіі песні Відэазапіс жывога выканання песні ў Парыжы ў 1965 годзе

Катэгорыя:The Beatles