Мэтаскіраваныя рэпрэсіі супраць яўрэяў па нацыянальнай прыкмеце пачаліся ў Савецкім Саюзе справай Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (ЯАК).

Забойства Саламона Міхоэлса Напярэдадні 12 студзеня 1948 года ў Мінску быў забіты старшыня ЯАК, грамадскі і культурны дзеяч Саламон Міхоэлс. Забойства было здзейсненае па асабістым загадзе Сталіна, дзеля гэтага Міхоэлса спецыяльна выклікалі з Масквы ў сталіцу БССР і завабілі на дачу Лаўрэнція Цанавы ў Сцяпянцы. Забойства Міхоэлса было замаскіраванае пад няшчасны выпадак, цела пакінулі на вуліцы Беларускай. Грамадства ў няшчасны выпадак з вядомым дзеячам не верыла: «Яўрэйскі паэт (Іцык – Э.І.) Фефер, ужо быўшы вязнем Лубянкі, прызнаўся следчаму, што, сустрэўшыся ў Менску адразу пасля гібелі Міхоэлса з яўрэйскім літаратарам А. Платнерам пачуў ад яго, што ніхто з яўрэяў у сталіцы Беларусі не прымае сур'ёзна версію пра няшчасны выпадак і што гэта афіцыйна арганізаванае забойства з мэтай «зняць галаву ў яўрэйскай грамадскасці».

Справа Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта Яўрэйскі антыфашысцкі камітэт быў грамадскай арганізацыяй, створанай у 1942 годзе ў Маскве для палітычнай, матэрыяльнай і інфармацыйнай падтрымкі змагання СССР з нацысцкай Германіяй. У яго ўвайшлі найзначнейшыя яўрэйскія грамадскія і культурныя дзеячы Савецкага Саюза. У лістападзе 1948 года ЯАК быў зачынены і абвешчаны “цэнтрам антысавецкай прапаганды, які рэгулярна пастаўляе антысавецкую інфармацыю органам замежнай выведкі». Пачалася кампанія знішчэння яўрэйскай культуры ў СССР. Былі зачыненыя яўрэйскія выдавецтвы і газеты, на працягу восені 1948 і студзеня 1949 года арыштаваныя шматлікія сябры ЯАК і прадстаўнікі яўрэйскай інтэлігенцыі. На загад Сталіна распусцілі аб'яднанні яўрэйскіх савецкіх пісьменнікаў у Мінску, Кіеве і Маскве. Перасталі выходзіць яўрэйскія друкаваныя выданні, у тым ліку ў Беларусі — літаратурны альманах-штогадовік “Міт фэстн трот” (паспеў выйсці толькі адзін нумар, у 1947 годзе).

…У гэты ж час я часта сутыкаўся з Камянецкім. Герш працаваў у выдавецтве, адказваў за выпуск альманаха на ідышы. Пры сустрэчы ён сказаў мне:

— Другі нумар альманаха гатовы. Амаль гатовы. Але Бог ведае, ці давядзецца выдаць трэці.

Я папрасіў у яго асобнік другога нумара.

— Пакуль не магу. Там трэба сёе-тое выправіць. ...Дырэктара выдавецтва не задаволіла вокладка. Яму падалося, што пяціканцовая зорка, намаляваная на ёй, вельмі падобная на шасціканцовую. Поўнае трызненне! На ўсялякі выпадак надрукаваны наклад затрымалі.Быў рассыпаны набор кнігі Гірша Рэлеса. Сам ён быў выключаны з Саюза пісьменнікаў БССР, праўда, кіраўнік СП Пятрусь Броўка параіў яму “захаваць пасведчанне”:Гутарку са мной ён правёў сам-насам:

— Ты бачыш, якая сітуацыя складаецца вакол яўрэйскіх пісьменнікаў, друкавацца вам няма дзе. Навошта ж табе ў гэты трывожны час лічыцца яўрэйскім літаратарам? Мы цябе выключым за пасіўнасць, каб над табой не вісеў "дамоклаў меч". Правядзем паседжанне ў тваю адсутнасць, для цябе гэта будзе не так балюча.

Дрыготкімі рукамі я дастаў з кішэні членскі білет і аддаў Броўку. Ён адвёў маю руку:

- Схавай яго і захавай. Будзем спадзявацца, што ён табе яшчэ спатрэбіцца. Не можа быць, каб гэтае вар'яцтва доўжылася гадамі! Перамелецца!За сувязь з ЯАК быў асуджаны на 25 гадоў зняволення яўрэйскі пісьменнік з Мінска Айзік Платнер. Яго абвінавацілі ва “ўсхваленні сіянізму, антысавецкай нацыяналістычнай дзейнасці і шпіянажы на карысць амерыканскай выведкі”. Паводле сфабрыкаванай следствам справы, Платнер быў мінскім звяном “карэспандэнцкай сеткі” ЯАК і збіраў звесткі пра эканоміку БССР для амерыканскіх спецслужбаў. А таксама "па заданні Саламона Міхоэлса і ЯАК перасылаў у ЗША свае творы, у якіх перакручваў савецкую рэчаіснасць, паклёпнічаў на стан савецкай культуры ў БССР, на савецкія і партыйныя органы, якія быццам бы перашкаджалі развіццю яўрэйскай культуры ў Беларусі".

Па справе ЯАК былі рэпрэсаваныя 125 чалавек, з іх 23 былі расстраляныя і 6 памерлі падчас следства.

Барацьба з "бязроднымі касмапалітамі" Стартам чарговай антыяўрэйскай кампаніі стаў рэдакцыйны артыкул газеты "Правда", надрукаваны ў студзені 1949 года пад загалоўкам "Об одной антипатриотической группе театральных критиков". Артыкул рэдагаваў асабіста Сталін, ён жа даў загаловак. Тая "група крытыкаў" складалася з яўрэяў, іх называлі паіменна і вінавацілі ў ачарненні твораў "сацыялістычнага рэалізму". ЦК КПСС рэкамендаваў рэдактарам газет "звярнуць увагу" на артыкул. Пасля шальмавання ў прэсе, "бязродных касмапалітаў" (такі эўфемізм ужывалі да яўрэяў) пачалі выцясняць з усіх колькі-небудзь прыкметных пасад, адбываліся масавыя звальненні яўрэяў з прадпрыемстваў і ўстаноў.У газетах усё часцей друкаваліся здзеклівыя артыкулы, якія абвінавачваюць у розных грахах вучоных, служачых і нават рабочых, якія насілі яўрэйскія прозвішчы. Прэса распаўсюджвала страшныя чуткі аб тым, што медыкі-яўрэі заражаюць ракавымі хваробамі навакольнае насельніцтва. А дапамагаюць ім габрэйскія цырульнікі і гандлёвыя работнікі. Пры паступленні на працу галоўную ўвагу сталі звяртаць на пяты пункт анкеты, дзе ўказвалася нацыянальнасць. На 10 гадоў зняволення за “антысавецкую дзейнасць” быў асуджаны паэт Гірш Камянецкі.

Шанец ацалець дзеячам яўрэйскай культуры давала жыццё на перыферыі: Уры Фінкель пераехаў у Ракаў, дзе выкладаў у мясцовай школе. Цодзік Даўгапольскі жыў у Віцебску. 

Дадатковай нагодай помсціцца на яўрэях для сталінскай сістэмы было тое, што новаўтвораная дзяржава Ізраіль не стала на прасавецкія пазіцыі.

"Справа дактароў" У студзені 1953 года пачалася "справа дактароў". Медыкаў яўрэйскага паходжання вінавацілі ў “замаху на жыццё таварыша Сталіна”, іншых савецкіх кіраўнікоў, звычайных грамадзян, у супрацоўніцтве з замежнымі разведкамі. Арышты і прысуды суправаджаліся паклёпніцкай кампаніяй у прэсе, дзе наўпрост, ужо без эўфемізмаў, указвалі на яўрэйскую нацыянальнасць абвінавачаных. Напярэдадні першых арыштаў Сталін разважаў: «Любы яўрэй-нацыяналіст -- гэта агент амэрыканскай выведкі… Сярод дактароў многа яўрэяў-нацыяналістаў» (...) Газеты захлыналіся злоснымі артыкуламі пра шкодніцтва на заводах і прадпрыемствах. …Расказвалі, што з Бабруйска прыйшоў эшалон з яўрэямі. Яны ходзяць са шпрыцамі ў руках, ноччу нападаюць на мінакоў, у асноўным на дзяцей, і ўпрыскваюць заразу.“Справа лекараў” была спыненая пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 года, праз месяц усе яе фігуранты выйшлі на волю. Былі вызваленыя з турмаў і фігуранты іншых антысеміцкіх спраў, былі рэабілітаваныя. Некаторыя — пасмяротна.

Зноскі

Катэгорыя:Рэпрэсіі ў БССР Катэгорыя:Антысемітызм Катэгорыя:Сталінізм