Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Рыбінску — неагатычны каталіцкі касцёл у горадзе Рыбінск Яраслаўскай вобласці, пабудаваны ў 1910 годзе. Размешчаны па адрасе: вул. Пушкіна, 57.
Цяпер будынак касцёла належыць студэнцкаму клубу, богаслужэнні не праводзяцца.
Пасля паўстанняў 1830-х і 1863 гадоў у Рыбінску ўтварылася даволі буйная каталіцкая абшчына. Колькасць каталікоў, якія пражывалі ў горадзе да пачатку XX стагоддзя, па розных звестках вагаецца ад чатырохсот да тысячы чалавек.
Выдадзены 17 красавіка 1905 г. імператарам Мікалаем II імянны найвышэйшы ўказ «Аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці» здымаў частку значных абмежаванняў з неправаслаўных падданых. Згодна з указам, для будаўніцтва новага храма патрабавалася «згода духоўнага начальства падлягаючага іншаслаўнага вызнання». Рыбінск адносіўся да Ціраспальскай епархіі Магілёўскай мітраполіі Рымска-Каталіцкай царквы, магілёўскі арцыбіскуп Ежы Юзаф Шэмбак, які меў на гэта паўнамоцтвы, даў дазвол на будаўніцтва каталіцкага касцёла на тэрыторыі Рыбінска. Гэты храм павінен быў стаць адзіным каталіцкім храмам у Верхнім Паволжы. На свае сродкі гараджане выкупілі зямлю на вуліцы Пушкінскай, побач з лютэранскім саборам, які зараз зьнішчаны. На гэтай жа вуліцы, непадалёк ад будучага каталіцкага сабора, таксама стаялі сінагога і стараверскія малельны дом і царква.
Да 1910 г. жыхары змаглі сабраць грошы на будаўніцтва храма. Сродкі паступілі найперш з гістарычнай радзімы большасці будучых вернікаў храма: з Варшавы і іншых польскіх гарадоў. Значную ролю ў працэсе збору сродкаў адыграў святар Іосіф Бародзіч-Выгнанец, чый партрэт паказвалі на надрукаваных у 1908 годзе паштоўках з просьбамі аб ахвяраваннях.
Будаўніцтва храма было завершана ў вельмі сціслыя тэрміны: 25 красавіка 1910 г. адбылася цырымонія ўрачыстай закладкі краевугольнага каменя, а ўжо 22 кастрычніка таго ж года будаўніцтва было завершана. Аўтарам праекта быў мясцовы інжынер Барташэвіч, наглядам за будаўніцтвам займаўся інжынер-архітэктар Кузьмін з Яраслаўля, а непасрэднае кіраўніцтва ажыццяўляў тэхнік Бяляўскі. Для будаўніцтва храма, апроч мясцовага насельніцтва, былі таксама запрошаны майстры з Мінскай губерні. У стварэнні ўбрання храма ўдзельнічала найперш варшаўская фірма Шпятоўскага. 24 кастрычніка 1910 года дабудаваны касцёл быў асвечаны ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У знак гэтага ў цэнтры фасада была ўсталявана статуя Ісуса Хрыста, якая да сапраўдных дзён не захавалася.
Іосіф Бародзіч-Выгнанец, які адыграў адну з асноўных роляў для будаўніцтва храма, напярэдадні асвячэння быў выдвараны з горада. Аднак яго значны ўклад у стварэнне сабора быў адзначаны на мемарыяльнай шыльдзе, устаноўленай у храме. Шыльда напісана на польскай мове, на ёй паведамляецца, што храм быў узведзены пры папе Піі X, у кіраванне арцыбіскупа Вінцэнта Ключынскага і па ініцыятыве Бародзіча-Выгнанца.
Пра далейшае існаванне храма да 1917 года вядома няшмат. Вядомыя імёны некаторых пастыраў гэтай парафіі: Ігнат Жаўняровіч, Міхась Руткоўскі, Іосіф Юзвік. Усе яны не з’яўляліся мясцовымі, а былі дасланыя ў Рыбінск спецыяльна для службы ў касцёле.
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года касцёл пачаў рэзка прыходзіць у заняпад, колькасць парафіянаў стала імкліва падаць. 22 снежня 1918 года быў зроблены вопіс маёмасці з каштоўных металаў, якія належаць касцёлу, але канфіскавана ў той момант яна не была.
З 1924 года камунальны аддзел Рыбінскага выканкама пастанавіў спаганяць плату за парафіяльныя памяшканні, на ўтрыманне якіх у прыхаджан не было сродкаў. Гэта прывяло да канфіскацыі маёмасці і практычна поўнага знікнення прыхаджан. Як вынік, у снежні 1930 года быў праведзены сход, і 15 лютага 1931 года касцёл Сэрца Езуса быў добраахвотна зачынены як царква, у першую чаргу ў сувязі з няздольнасцю прыхаджан утрымліваць яго.