Іван Міха́йлавіч Сечанаў (; ) — расійскі вучоны-медык, фізіёлаг і псіхолаг, акадэмік Імператарскай акадэміі навук.

Біяграфія Скончыў Галоўнае інжынернае вучылішча ў Пецярбургу (1848) і медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1856). У 1856-59 гадах працаваў у лабараторыях І. П. Мюлера, Э. Дзюбуа-Рэймона і Ф. Гопэ-Зейлера (Берлін), Ота Функе (Лейпцыг), К. Людвіга (Вена), Германа Гельмгольца (Гейдэльберг). За мяжой Сечанаў падрыхтаваў доктарскую дысертацыю «Матэрыялы для будучай фізіялогіі алкагольнага ап’янення», якую паспяхова абараніў у 1860 годзе ў Медыка-хірургічнай акадэміі ў Пецярбургу. У тым жа годзе ўзначаліў кафедру фізіялогіі гэтай акадэміі, дзе неўзабаве арганізаваў фізіялагічную лабараторыю — адну з першых у Расійскай імперыі. За курс лекцый «Пра жывёльную электрычнасць» у Медыка-хірургічнай акадэміі атрымаў Дзямідаўскую прэмію Пецярбургскай АН (1863). Пакінуўшы ў 1870 годзе акадэмію, у 1871-76 гадах загадваў кафедрай фізіялогіі ў Наварасійскім універсітэце (Адэса); у 1876-88 гадах быў прафесарам фізіялогіі Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе таксама арганізаваў фізіялагічную лабараторыю. Адначасова чытаў лекцыі на Бястужаўскіх вышэйшых жаночых курсах (гл. Бястужаўскія курсы), адным з заснавальнікаў якіх ён быў. З 1889 года прыват-дацэнт, з 1891 года прафесар фізіялогіі Маскоўскага ўніверсітэта. У 1901 годзе выйшаў у адстаўку, але працягваў эксперыментальную працу, а таксама выкладчыцкую дзейнасць на Прачысценскіх курсах для рабочых (1903-04). З імем Сечанава звязана стварэнне першай у Расійскай імперыі фізіялагічнай навуковай школы, якая фармавалася і развівалася ў Медыка-хірургічнай акадэміі, Наварасійскам, Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах. У Медыка-хірургічнай Акадэміі Сечанаў увёў у лекцыйную практыку метад дэманстрацыі эксперыменту.

Крыніцы

Спасылкі