Нацыянальная дэмакратыя, нацыянальны рух, нацыянальны лагер або эндэцыя (ад скарачэння НД) (пол. Narodowa Demokracja, ruch narodowy, obóz narodowy, endecja (od skrótu ND) — польскі палітычны рух з нацыяналістычнай ідэалогіяй, які ўтварыўся ў канцы ХІХ стагоддзя. Галоўным ідэолагам і сузаснавальнікам Нацыянальнай дэмакратыі быў Раман Дмоўскі.
Польская ліга Ля вытокаў нацыянал-дэмакратыі знаходзілася Польская ліга — тайная арганізацыя, створаная ў Швейцарыі ў жніўні 1887 г. групай былых удзельнікаў паўстання 1863—1864 гг., якія знаходзіліся ў эміграцыі, а таксама на польскай тэрыторыі ў складзе Аўстра-Венгрыі. Імі было запланавана стварэнне строга заканспіраванай і цэнтралізаванай арганізацыі на тэрыторыі ўсіх трох частак Польшчы, што знаходзіліся ў складзе Расіі, Германіі і Аўстра-ВенгрыіKozicki S. Historia Ligi Narodowej (okres 1887—1907). - Londyn, 1964. — S. 51-52, 67-78.. Сярод лідэраў арганізацыі вылучаўся ветэран паўстання 1863—1864 гг. Зыгмунт Мілкоўскі.
Брашура Зыгмунта Мілкоўскага «Пра актыўную абарону і нацыянальны скарб» стала фактычна першай праграмай Польскай лігі. Яна змяшчала наступныя асноўныя тэзісы:
— крытыка палітыкі Расіі, Германіі і Аўстра-Венгрыі, накіраванай на асіміляцыю польскага народа;
— крытыка распаўсюджанай у польскім грамадстве канцэпцыі «пасіўнай абароны», якая прадугледжвала супрацоўніцтва з дзяржавамі, пад уладай якіх знаходзіліся польскія землі;
— сцвярджэнне канцэпцыі «актыўнай абароны», што прадугледжвала сукупнасць легальных і нелегальных дзеянняў, накіраваных на ўмацаванне матэрыяльных і духоўных сіл нацыі, што павінна пры спрыяльных абставінах садзейнічаць дасягненню незалежнасці (дадзеная канцэпцыя не заклікала наўпрост да паўстання, але патрабавала не дыстанцыявацца ад такой ідэі і дапускала яго пры спрыяльных абставінах);
— стварэнне цэнтралізаванай «нацыянальнай установы» для кіраўніцтва нацыянальным рухам і збор сродкаў для будучай узброенай барацьбы шляхам стварэння «нацыянальнага скарбу» з унёскаў усіх ахвотных палякаўMiłkowski Z. Rzecz o obronie czynnej i skarbie narodowym. — Paryż, 1887.Daszyk K. Irredentystyczne Vademecum. O Zygmunta Miłkowskiego Rzeczy o obronie czynnej i o Skarbie Narodowym // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Prace Historyczne. — T. 142. — Z. 3 (2015). — S. 459—477..
5 снежня 1887 г. была абвешчана праграма Польскай лігі, у якой мэтай арганізацыі ставілася падрыхтоўка ўсіх нацыянальных сіл да аднаўлення незалежнасці Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай у форме дэмакратычнай рэспублікі, на федэратыўнай аснове. Дэкларавалася апора на дэмакратычныя і ліберальныя традыцыі польскай эміграцыі і паўстанняў 1794, 1830-1831 і 1863-1864 гг. У якасці сродка аднаўлення незалежнасці прадугледжвалася арганізацыя ўсенароднага паўстання ва ўсіх трох частках падзеленай Польшчы. У астатнім у асноўным паўтараліся раней выказаныя тэзісы МілкоўскагаUstawa Ligi Polskiej z grudnia 1887 // Liga Narodowa 1887—1906. Sprawozdania, odezwy, dokumenty, oprac. M. Werner. — Kraków, 2015. — S. 271—274.. Але ўжо ў змененай праграме 1888 г. замест узгадкі пра федэрацыю была ўключана фраза:«Ліга будзе з вялікім спачуваннем падтрымліваць самастойнае развіццё нацыянальнасцей, якія ўваходзілі ў склад былой Рэчы Паспалітай»Ustawa Ligi Polskiej z sierpnia 1888 // Liga Narodowa 1887—1906. Sprawozdania, odezwy, dokumenty, oprac. M. Werner. — Kraków, 2015. — S. 281..Пытанне адносін да няпольскіх народаў былой Рэчы Паспалітай выклікала дыскусіі сярод дзеячоў Польскай лігі. Ідэю федэрацыі падтрымліваў Зыгмунт Мілкоўскі; ён выклаў яе ў сваёй ранейшай брашуры «Руская справа» (Парыж, 1879), сцвярджаючы неабходнасць вырашэння спрэчак з украінцамі шляхам добраахвотнай і прызнанай федэрацыіMiłkowski Z. Sprawa ruska. - Paryż, 1879.. Антоні Сыгетыньскі ў брашуры «Што рабіць» (Парыж, 1890) развіваў ідэю Польшчы, «у якой усе народы знойдуць сваё месца», шляхам надання роўных грамадзянскіх правоў прадстаўнікам усіх сацыяльных і нацыянальных груп, у тым ліку яўрэямŚladkowski W. Broszury propagandowe Ligi Polskiej proweniencji paryskiej // Polacy na obczyźnie. Studia i szkice z dziejów polskiej diaspory na święcie, red. M. Gizowski. — Gdańsk, 2003. — S. 147—159..
Польская ліга імкнулася аб’яднаць групоўкі рознай ідэалагічнай скіраванасці, якія ставілі сваёй мэтай незалежнасць Польшчы. Першапачаткова яе дзейнасць праходзіла пераважна ў эміграцыі. Невялікія суполкі ўдалося арганізаваць на польскіх землях у Аўстра-Венгрыі. Важную ролю адыграла далучэнне да лігі ў 1888 г. створанага годам раней у Кракаве заканспіраванага Саюза польскай моладзі «Зэт» на чале з Зыгмунтам Баліцкім. Гэтая арганізацыя аб’ядноўвала галоўным чынам студэнцкую моладзь, якая навучалася ў замежных універсітэтах. Пасля навучання многія яе члены вярталіся на радзіму і такім чынам, стваралі кадравую базу для суполак Польскай лігі ў самой Польшчы, перш за ўсё ў Каралеўстве ПольскімŚladkowski W. Liga Polska — reminiscencje wydarzeń sprzed lat 120 // Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. Sectio F. Historia. — T. 61. 2006. — S. 79-116.. Пад уплывам польскай лігі знаходзіліся варшаўная штотыднёвая газета «Głos», жаночая арганізацыя «Кола жанчын Кароны, Літвы і Русі», культурна-асветніцкая арганізацыя «Лучнасць»Wolsza T. Narodowa demokracja wobec chłopów w latach 1887—1914. - Warszawa, 1992. — S. 29-46..
У сакавіку 1891 г. Польская ліга арганізавала акцыю супраць пастаноўкі расійскай тэатральнай трупы ў Варшаве: перад пачаткам спектакля актывісты залілі залу тэатра хімікатамі, каб сарваць пастаноўку. Калі гэта не дапамагло, яны сталі абліваць кіслатой адзенне расійскай публікі. У гэты ж час у Варшаве стала распаўсюджвацца пракламацыя, напісаная актывістам «Зэту» і Польскай лігі Раманам Дмоўскім, у якой падкрэслівалася важнасць рэформ Чатырохгадовага сейма і Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Пазней сталі распаўсюджвацца іншыя брашуры лігі.
На пачатку 1890-х гг. пачалі нарастаць супярэчнасці паміж эмігранцкім кіраўніцтвам лігі і дзеячамі з Каралеўства Польскага, якія паходзілі з «Зэту». Першыя адстойвалі перадусім ліберальна-дэмакратычныя традыцыі польскага нацыянальнага руху і інклюзіўную канцэпцыю будучай Рэчы Паспалітай, другія — сталі пераходзіць на пазіцыі польскага нацыяналізму. У красавіку 1893 г. апошнія парвалі сувязі з Польскай лігай і стварылі новую арганізацыю — Нацыянальную лігу. Паколькі ўсе арганізацыі ў Польшчы перайшлі ў Нацыянальную лігу, Польская ліга на некаторы час захавалася толькі ў эміграцыі і ў 1894 г. самараспусціласяЗабаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 99-100..
Польскі даследчык Вяслаў Слядкоўскі наступным чынам вызначыў адрозненне паміж Польскай і Нацыянальнай лігамі:«Ад Польскай лігі Нацыянальная ліга пераняла прынцып непадзельнасці падзеленай польскай нацыі, які яна вызначала значна шырэйшым тэрмінам „усепольскасці“, а таксама ідэю сацыяльнай салідарнасці. Аднак яна адкінула паўстанцкую традыцыю і прынцып барацьбы „за вашу і нашу свабоду“ і абмежавала нацыянальную ідэю выключна польскім элементам, залічыўшы сябе з паняццем нацыянальнага эгаізму да нацыяналістычнай плыні, якая тады развівалася ў Еўропе і была цалкам чужой для Польскай лігі, як і антысемітызм, які адзначаўся толькі публікацыямі Паплаўскага ў „Głos“».
Нацыянальная ліга і Нацыянал-дэмакратычны саюз да Першай сусветнай вайны
Дзейнасць да рэвалюцыі 1905—1907 гг. Нацыянальная ліга сфарміравалася ў красавіку 1893 г. Арганізацыю ўзначальвалі Раман Дмоўскі, Тэафіл Валігорскі, Караль Рачкоўскі, Ян Людвік Паплаўскі, Зыгмунт Баліцкі. Ролю ідэйна-праграмнага дакумента Нацыянальнай лігі выконвала брашура Рамана Дмоўскага «Наш патрыятызм», выдадзеная ў красавіку 1893 г. У гэтай працы востра крытыкаваліся палітыка дзяржаў-захопнікаў і асабліва Расійскай імперыі ў дачыненні польскага народа, а таксама пазіцыя той часткі польскага грамадства («угодаўцаў»), якая выступала за кампраміс з дзяржавамі-захопнікамі. Разам з тым ідэя ўзнаўлення масавых нацыянальных паўстанняў прызнавалася ў актуальных умовах нерэальнай і неэфектыўнай. Супрацьпастаўлялася гэтаму канцэпцыя «пастаяннай, бесперапыннай рэвалюцыі», якая ўключала ў сябе:
— актыўныя сродкі: палітычныя дэманстрацыі, адмова ад выплаты падаткаў, знішчэнне матэрыяльных рэсурсаў захопніцкага рэжыму, барацьба супраць любых форм нацыянальнага ўціску, пакаранні «здраднікаў» і «агентаў улады», у крайнім выпадку — узброеныя выступленні;
— «палітыка абароны»: наладжванне нелегальнай прэсы і літаратуры, стварэнне тайных школ з польскай мовай навучання, арганізацыя падпольных грамадскіх арганізацый, судоў і «ўрада»;
— актыўная падтрымка грамадскіх рухаў сярод розных слаёў польскага грамадства, у першую чаргу рабочага і сялянскага; спалучэнне форм сацыяльнай, палітычнай і нацыянальнай барацьбы.
Перад польскай інтэлігенцыяй ставілася задача выхавання народу, стварэння ў межах кожнай сацыяльнай супольнасці свядомых сацыяльных і нацыянальных сіл. Адстойваўся прынцып нацыянальнай салідарнасці, хаця пры гэтым адзначалася прыярытэтнасць задавальнення патрэб прыгнечаных слаёў грамадства. Гэта павінна было стварыць асновы для цывілізацыйнага прагрэсу, што разглядаўся як неабходная ўмова развіцця нацыянальнага руху. Вышэйшыя класы грамадства (землеўладальнікі і капіталісты) крытыкаваліся за эгаізм, які штуршаў іх да згодніцтва з дзяржавамі-захопнікамі. Сацыялістычны рух ацэньваўся ў цэлым станоўча, у тым выпадку, калі той спалучаў сацыяльныя мэты з нацыянальныміDmowski R. Nasz patriotyzm. Podstawy program współczesnej polityki narodowej // http://old.mbc.malopolska.pl/Content/122031/Roman%20Dmowski%20-%20Nasz%20patriotyzm.pdf..
17 красавіка 1894 г. Нацыянальная ліга арганізавала ў Варшаве патрыятычную дэманстрацыю да стагоддзя паўстання 1794 г., якая атрымала назву «Кіліньшчына», паколькі дэманстранты накіраваліся ў бок дома Яна Кіліньскага — аднаго з кіраўнікоў паўстання ў Варшаве. У выніку кіраўнікі лігі (Ян Людвік Паплаўскі, Раман Дмоўскі) былі арыштаваныя і зняволены ў Варшаўскай цытадэлі, а пазней вымушаныя эміграваць у ГаліцыюKieniewicz S. Historia Polski 1795—1918, wyd. 10. — Warszawa, 1997. — S. 389.. Галоўным друкаваным органам руху стаў «Przegląd Wszechpolski» («Усепольскі агляд»), заснаваны Дмоўскім у 1895 г., які выдаваўся спачатку ў Львове, а з 1901 г. — у Кракаве.
У чэрвені 1897 г. падчас з’езда тайнай рады Нацыянальнай лігі ў Будапешце было абвешчана аб стварэнні Нацыянал-дэмакратычнага саюза. Праграма партыі, аўтарамі якой былі Раман Дмоўскі і Ян Людвік Паплаўскі, грунтавалася на ідэалогіі Нацыянальнай лігі. Нацыянал-дэмакратычны саюз не меў уласных арганізацыйных структур, абапіраўся на Нацыянальную лігу і шэраг звязаных з ёй арганізацый: Таварыства нацыянальнай асветы (створана на базе «Лучнасці» ў 1899 г.), Саюз Яна Кілінскага, Саюз польскай моладзі «Зэт» і інш.Sikorski T. Stronnictwo Demokratyczno-Narodowe // Encyklopedia ruchu narodowego. Organizacje, wydarzenia, pojęcia, t. 1, red. K. Kawęcki. — Warszawa, 2022. — S. 218—219..
У 1903 г. была абвешчана новая праграма Нацыянал-дэмакратычнага саюза. Яе падставай былі тэарэтычныя працы Рамана Дмоўскага «Думкі сучаснага паляка» (1903) і Зыгмунта Баліцкага «Нацыянальны эгаізм адносна этыкі» (1902). Праграма сведчыла пра далейшы этап фарміравання ідэалогіі польскага нацыяналізму. Саюз абвяшчаў наступныя мэты:«знешняя: эфектыўная абарона маральных і матэрыяльных інтарэсаў польскай нацыі ў цэлым і стварэнне для яе ўмоў для максімальна шырокага і ўсебаковага развіцця;