Дзяржаўны аб’яднаны музей-запаведнік гісторыі Далёкага Усходу імя В. К. Арсеньева (Музей-запаведнік гісторыі Далёкага Усходу) — найбуйнейшы федэральны музей-запаведнік на Далёкім Усходзе, першы краязнаўчы музей Прымор’я. У музеі прадстаўлена гісторыя і прырода Прыморскага краю, сабраны калекцыі матэрыялаў пра дзейнасць даследчыкаў краю — М. І. Венюкова, М. М. Пржэвальскага і іншых, матэрыялы па гісторыі горада, археалогіі і этнаграфіі. У склад музея ўваходзяць 3 філіялы ва Уладзівастоку і 5 — у іншых гарадах Прымор’я.
Гісторыя Заснаваны 18 (30) красавіка 1884 года. У гэты дзень быў зацверджаны статут Таварыства вывучэння Амурскага краю (ТВАК) — заснавальніка будучага музея. Музей ТВАК быў пабудаваны і адкрыты для наведвання 12 кастрычніка (30 верасня) 1890 года. Дэкрэтам Саўнаркама ад 17 лютага 1925 года музей быў канфіскаваны з уласнасці ТВАК, стаў дзяржаўным. Імя Уладзіміра Клаўдзіевіча Арсеньева было прысвоена музею 4 верасня 1945 года. 25 лістапада 1985 года Прыморскі краявы краязнаўчы музей быў рэарганізаваны ў Прыморскі дзяржаўны аб’яднаны музей імя У. К. Арсеньева.
Музей і яго дырэкцыя цяпер размешчаны ў будынку былога даходнага дома Васіля Пятровіча Бабінцава, аднаго з кампаньёнаў найбуйнейшай гандлёва-прамысловай кампаніі Далёкага Усходу «Гандлёвы дом Чурын і Касьянаў», пабудаванага ў 1903—1906 гадах па праекце архітэктара Уладзіміра Плансона. Пасля рэвалюцыі ў будынку па чарзе знаходзіліся: Yokohama Specie Bank, цырульня, шашлычная, губфінаддзел, Ціхаакіянскі інстытут рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі. У 1977 годзе сюды з будынка былога музея ТВАК пераехаў Прыморскі краявы музей.
У 2015 годзе названы самым наведваемым рэгіянальным музеем у Расіі.
Катэгорыя:Краязнаўчыя музеі Расіі