Уладзімір Сямёнавіч Харанека (нар. , в. Дворышча, Парыцкі раён — , Мінск) — беларускі мастак-рэстаўратар, жывапісец.
Біяграфія Нарадзіўся 25 сакавіка 1942 года ў вёсцы Дворышча Парыцкага раёна (цяпер у Жлобінскім раёне) у сялянскай сям’і.
Лёс Уладзіміра вызначыла сустрэча з дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Аленай Аладавай. Падчас навуковай экспедыцыі яна наведала вёску Дворышча, дзе маці Уладзіміра, Кацярына Пятроўна, паказала ёй малюнкі сына, які марыў стаць мастаком. Ацаніўшы талент юнака, Аладава запрасіла яго ў Мінск. З 1959 года ён пачаў працаваць у музеі: спачатку вучнем рэстаўратара (яго настаўнікамі былі рэстаўратары музея Б. В. Дзмітрыеў і М. М. Куйчык), затым рэстаўратарам. У характарыстыцы для Міністэрства культуры пачатку 1960-х гадоў А. Аладава адзначала бліскучыя вынікі праверкі адоранасці маладога супрацоўніка. Працаваў у музеі да 1980 года.
У 1970 годзе скончыў вячэрняе аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «інтэр’ер і абсталяванне».
Пастаянна павышаў прафесійны ўзровень, праходзіў стажыроўкі па рэстаўрацыі тэмпернага і алейнага жывапісу ў вядучых цэнтрах Масквы (Цэнтральная навукова-даследчая лабараторыя па кансервацыі і рэстаўрацыі, Дзяржаўная цэнтральная мастацка-рэстаўрацыйная майстэрня імя І. Э. Грабара) і Ленінграда (Дзяржаўны Рускі музей), а таксама ў Кірыла-Белазерскім гісторыка-архітэктурным і мастацкім музеі-запаведніку.
Памёр у 1986 годзе ва ўзросце 44 гадоў.
Рэстаўрацыйная і музейная дзейнасць Удзельнічаў у шматлікіх навуковых экспедыцыях супрацоўнікаў музея па Беларусі, мэтай якіх было выяўленне і выратаванне помнікаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XVI—XIX стагоддзяў з зачыненых цэркваў і касцёлаў. Многія іконы паступалі ў цяжкім стане і былі фактычна выратаваны ад разбурэння.
Адрастаўраваў шэраг знакавых твораў сакральнага мастацтва, сярод якіх: Абраз «Раство Хрыстова», вывезены 16-й экспедыцыяй з царквы Аляксандра Неўскага ў Пружанах. Абраз «Хрыстос Уседзяржыцель», вывезены 28-й экспедыцыяй са Спаса-Праабражэнскай царквы ў вёсцы Хмелева. 14 абразоў са святочнага рада іканастаса Крыжаўзвіжанскай царквы ў вёсцы Аброва (Івацэвіцкі раён), вывезеныя 20-й экспедыцыяй.
Займаўся рэстаўрацыяй алейнага жывапісу, у тым ліку твораў У. Баравікоўскага («Партрэт К. У. Радзянкі»), І. Рэпіна («Украінка»), А. Сцяпанава («Ранішняе прывітанне»), а таксама беларускіх мастакоў А. Мазалёва («Мастак у вёсцы») і М. Сляпяна («Стары Мінск. Міхайлаўская вуліца»).
Акрамя рэстаўрацыі, адказваў за захаванасць твораў у пастаяннай экспазіцыі і запасніках, займаўся падрыхтоўкай работ да экспанавання. Часта выязджаў у камандзіроўкі для перадачы карцін на выстаўкі, прыёму закупленых твораў і вяртання іх уладальнікам. Напрыклад, у 1977 годзе займаўся вяртаннем больш чым 500 твораў з выстаўкі «Аўтапартрэт у рускім і савецкім мастацтве» ў Дзяржаўны Рускі музей і прыватным уладальнікам у Ленінград. У тым жа годзе суправаджаў творы беларускіх мастакоў на ВДНГ СССР і ў Акадэмію мастацтваў, а таксама работы са збору музея ў Дзяржаўную Траццякоўскую галерэю на выстаўку «Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей».
У характарыстыцы 1979 года дырэктар музея Ю. А. Карачун адзначаў выканаўчасць і добрасумленнасць супрацоўніка, яго актыўны ўдзел у выяўленні, збіранні і рэстаўрацыі помнікаў старажытнабеларускага мастацтва, выкананне работ павышанай складанасці.
Творчасць Быў таленавітым мастаком. Ствараў пейзажныя эцюды і графічныя партрэты сяброў, якія экспанаваліся на выстаўках у Палацы мастацтваў. Яго літаграфія «Вязынка. Музей Янкі Купалы» захоўваецца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся 25 сакавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1942 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Жлобінскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў 1986 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Мінску Катэгорыя:Рэстаўратары Беларусі Катэгорыя:Мастакі Беларусі