Струг (у заходніх крыніцах Strook) — даўняе пласкадоннае парусна-грабное судна, вядомае ў большасці рэгіёнаў старажытнай Русі прынамсі з XI стагоддзя, служыла для перавозкі людзей і грузаў. Упершыню струг згаданы Рускай Праўдай сярэдзіны XI стагоддзя
Аже лодью украдеть, то 7 кунъ продаже, а лодию лицемь воротити, а за морьскую лодью 3 гривны, а за набоиною 2 гривне, а за челнъ 8 кунъ, а за стругъ гривна.
Назва тлумачыцца будаўніцтвам з габляваных (струганых) дошак, таксама называецца і адпаведны цяслярскі інструмент — струг. Сінанімічнай стругу часам лічаць барку. Выкарыстоўваўся на рэках, азёрах і морах, у грамадзянскіх і ваенных мэтах. У розных рэгіёнах стругі мелі пэўныя асаблівасці канструкцыі. Тыпова, струг абсталёўвалі здымнай мачтай з невялікім прамым ветразем, які ставіўся пры спадарожным ветры; некаторыя стругі мелі перарывістую палубу, гарышча (каюту). Струг мог быць з аднолькава вострымі носам і кармой. Стругі мелі даўжыню ад 20 да 45 метраў, шырыню ад 4 да 10 метраў і ад 6 да 20 вёслаў.
Пры вызваленні Вільні ад маскоўскіх войск у 1661 годзе стругі выкарыстоўваліся войскамі ВКЛ для блакіравання падыходаў да гораду знізу і зверху цячэння Віліі. Як пісаў пасланы з Масквы маскоўскі шпіён, струги песком и каменьем насыпаны, и на тех стругах сидят караульные литовские люди. Стругі хадзілі па групе лепельскіх азёр як у бок Дзвіны, так і ў бок Бярэзіны, як да, так і пасля пабудовы Бярэзінскай воднай сістэмы. «Гэтым шляхам, як нам перадавалі старыя людзі, і раней перапраўлялі нагружаныя стругі з Лепеля ў Кіеў, роўна і з Полацка хаджвалі, і праз валок, загрузіўшы стругі, перацягвалі, плата рабочым за гэта перацягванне ад кожнага струга па мяшку солі», — пісаў гісторык Дзмітрый Даўгяла ў 1905 годзе.
Па меры вестэрнізацыі матэрыяльнай культуры Беларусі слова «струг» (і адпаведны тып судна) паступова выцясняліся з ужытку, але ў асобных рэгіёнах (рачных сістэмах) пратрымаліся да пачатку ХХ ст., найбольш доўга на Заходняй Дзвіне, навігацыя па якой пачыналася ў самых вярхоўях, у Смаленскай і Цвярской губернях. Адпаведна, па канструкцыі і эксплуатацыі стругаў найбольш звестак захавалася з дзвінскай рачной сістэмы.
У канцы ХІХ стагоддзя, паводле Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона, дзвінскія стругі (баркі) мелі 17—18 сажняў даўжыні, 5½ сажняў шырыні, 9 чвэрцяў вышыні і маглі падняць каля 12000 пудоў грузу пры ўляганні на 5 чвэрці. Дно стругаў складалася з 36—50 тоўстых дошак. Найлепшыя стругі будаваліся ў Парэччы, Віцебску, Вяліжы. Бельскія стругі тыпова будаваліся двух’яруснымі. Кошт струга складаў 700—900 рублёў. Для сплаву стругу трэба было каля 30 рабочых, не лічачы стырніка і «дзяціны» (лоцмана). Для сплаву струга да Рыгі трэба было ад Белага (на Обшы) 15—20 дзён, ад Парэчча (на Касплі) 14 дзён, ад Тарапца 16, ад Вяліжа 13, ад Віцебска 11, ад Полацка 9, ад Дзісны 7 дзён. Па меры развіцця чыгуначнай сеткі, патрэба ў стругах памяншалася. З 1870-х гадоў сплаў іх спыніўся ад Полацка да Віцебска, а з 1887 году — і ад Вяліжа. Стругаў або барак сплаўлена ў 1856 годзе — 448, у 1870—149, у 1880 — 89, у 1890 — 21. Былі таксама «паўстругі» — аднолькавай са стругамі канструкцыі, толькі меншых памераў (12—14 сажняў даўжыні і 4 сажні шырыні), рабочых на іх трэба было каля 22 чалавек пры сплаве ўніз, пры ўзводзе ўверх — каля 45.
Паводле Антона Астаповіча, дзвінскія стругі былі сплаўнымі і хадавымі. Сплаўныя будаваліся з мінімальным запасам трываласці, сплаўляліся адзін раз і ў пункце прызначэння ламаліся на піламатэрыялы, якія адразу прадаваліся. Хадавыя маглі вытрываць 10-15 навігацый уніз і ўверх па Дзвіне, каштавалі значна даражэй. Яны мелі пярэдняе вясло — «дрыгаўку» — якое змяншала ціск вады перад стругам. Ззаду — кармавое вясло. З абодвух бартоў на вёслах па 10 грабцоў. Лоцман знаходзіўся ў альтанцы, якую называлі «майка». Цікавыя таксама каманды, зафіксаваныя этнографамі ў ХІХ ст.: улева — «на Літву!», управа — «на Русь!».
Крыніцы
Катэгорыя:Тыпы суднаў і караблёў