Ячме́нішкі, таксама Э́йтмінішкес () — вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Уваходзіць у склад Немянчынскай сянюніі. Размешчана за 9 км на поўнач ад Немянчына і за 9 км на ўсход ад Падбярэззя, на рацэ Немянчынцы.
Гісторыя Гісторыя паселішча цесна звязана з дзейнасцю каталіцкага касцёла. У канцы XVII стагоддзя (каля 1687 года) віленскі біскуп Аляксандр Катовіч набыў маёнтак Ячменішкі з мэтай запрасіць у Вільню манахаў з супольнасці ксяндзоў-місіянераў і забяспечыць іх дзейнасць даходамі з гэтага ўладання. Уваходзілі ў склад Віленскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1794 годзе маёнтак усё яшчэ належаў місіянерам.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Ячменішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце.
У XIX стагоддзі Ячменішкі сталі дзяржаўным уладаннем у Віленскім павеце Віленскай губерні. Пасля 1861 года ў Немянчынскай воласці Віленскага павета. Паводле звестак на 1866 год у дзяржаўным фальварку быў 1 дом і жылі 14 жыхароў (усе каталікі). Адзначалася, што раней у Ячменішках існавала каталіцкая капліца, якая адносілася да Немянчынскай парафіі.
Паводле звестак 1905 года, маёнтак Ячменішкі належаў жаночаму манастыру; тут жылі 5 чалавек (2 мужчыны, 3 жанчыны), а плошча зямельнай маёмасці складала 300 дзесяцін.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Ячменішкі занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі С. 19.. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй С. 20.. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.
З 1920 года ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 года — у складзе Польскай Рэспублікі, Віленскага ваяводства, Віленска-Троцкага павета. Да 1 красавіка 1927 года ўваходзіла ў гміну Немянчын, затым — у гміну Падбярэззе. Паводле перапісу 1931 года, у вёсцы пражываў 121 чалавек (19 дамоў).
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года занята савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Ячменішкі разам з часткай Віленскага краю былі перададзены Літве, з 1940 года — у Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах пад акупацыяй Германіі.
У савецкі час вёска была цэнтрам калгаса. З 1990 года — у складзе незалежнай Літвы.
Інфраструктура У вёсцы ёсць пошта, бібліятэка, дом культуры, дзве школы (з літоўскай і польскай мовамі навучання).
Насельніцтва
Славутасці
Касцёл Святога Антонія Падуанскага (1924) Вясковы крыж
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Немянчынская сянюнія Катэгорыя:Населеныя пункты Віленскага раёна