Радзіві́лаўская камі́сія (таксама Камі́сія радзіві́лаўскай ма́сы) — спецыяльны адміністрацыйна-судовы орган у Расійскай імперыі, які ў 1814—1839 гадах займаўся ўпарадкаваннем маёнткаў князёў Радзівілаў.

Гісторыя Стварэнне камісіі было выклікана заблытаным фінансавым і юрыдычным становішчам маёнткаў, абцяжараных з XVIII стагоддзя вялізнымі даўгамі. 9 чэрвеня 1805 года імператар Аляксандр I выдаў указ, паводле якога ўсе справы і іскі па маёнтках нясвіжскай ардынаты Д. Г. Радзівіла перадаваліся ў Віленскі галоўны суд. Пасля смерці Радзівіла ў 1813 годзе, змены ўладальнікаў маёнткаў і з’яўлення новых іскаў узнікла неабходнасць у стварэнні спецыяльнага судовага органа.

У адпаведнасці з указам ад 24 лютага 1814 года была створана Радзівілаўская камісія. 6 жніўня 1816 года быў зацверджаны яе статут.

Структура і дзейнасць Камісія складалася з трох частак: судовай (фактычна спецыяльны суд па ісках адносна радзівілаўскіх маёнткаў), кіруючай і эканамічнай (для кіравання маёнткамі). Дзейнічала пераважна ў Вільні, куды былі перавезены архівы Радзівілаў з Нясвіжа і іншых месцаў.

Камісія вывучыла вялікую колькасць архіўных дакументаў для высвятлення юрыдычнага становішча шматлікіх маёнткаў Радзівілаў у Беларусі, Літве і на Украіне. Дзейнасць камісіі спрыяла росту цікавасці да гісторыі і мінулага краю.

Склад Камісія складалася з прэзідэнта (старшыні) і дзевяці членаў, якія прызначаліся царом. Кіраванне маёмасцю («масівам нерухомасці») ажыццяўляў генеральны пракуратар масы, якога выбірала камісія.

У розны час у камісіі працавалі А. М. Пацей, М. Ромер (старшыня), Я. Ходзька, М. Маліноўскі (генеральныя пракуратары), Я. Чачот, А. Петрашкевіч (пісары).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Судовыя органы Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1795—1918) Катэгорыя:Радзівілы Катэгорыя:З’явіліся ў 1814 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1839 годзе Катэгорыя:1814 год у Беларусі