А́кты о́рганаў дзяржа́ўнай ула́ды — дакументальная юрыдычная форма, у якой выяўляецца воля прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады.
Віды актаў у Рэспубліцы Беларусь У Рэспубліцы Беларусь (паводле заканадаўства першай паловы 1990-х гадоў) да такіх актаў адносяцца законы, пастановы і іншыя акты Вярхоўнага Савета, указы Прэзідэнта, пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета, рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Яны могуць змяшчаць як абавязковыя да выканання агульныя правілы, так і прадпісанні індывідуальнага характару.
Іерархія і кантроль Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь мае найвышэйшую юрыдычную сілу ў адносінах да ўсіх іншых законаў і актаў; яна вызначае парадак іх прыняцця і формы. Права прыняцця агульнадзяржаўных законаў належыць Вярхоўнаму Савету. Прэзідэнт выдае ў межах сваіх паўнамоцтваў указы і распараджэнні і кантралюе іх выкананне. Мясцовыя Саветы дэпутатаў на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падпарадкаванай ім тэрыторыі. Рашэнні мясцовых Саветаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі Саветамі.
Кантроль за канстытуцыйнасцю актаў органаў дзяржаўнай улады ажыццяўляе Канстытуцыйны Суд, і тыя акты, што прызнаны ім неканстытуцыйнымі, не маюць юрыдычнай сілы.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Права Беларусі Катэгорыя:Дзяржаўная ўлада Катэгорыя:Дакументы