«Альбо́м Вяры́гі-Дарэ́ўскага» — літаратурна-грамадскі помнік сярэдзіны XIX стагоддзя, рукапісны альбом, які належаў беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Арцёму Вярыгу-Дарэўскаму. Змяшчае аўтографы, вершы і запісы многіх вядомых дзеячаў беларускай і польскай культуры таго часу.
Гісторыя стварэння Альбом быў заведзены Вярыгам у кастрычніку 1858 года падчас паездкі з Віцебска ў Вільню. Запісы ў ім рабіліся на працягу 1858—1863 гадоў у Вільні, Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых месцах.
Адкрыццё і даследаванне Арыгінал альбома ў пачатку XX стагоддзя знаходзіўся ў зборах Віленскага таварыства сяброў навукі (цяпер захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы)ЦДГА ЛітССР, ф. 1135, воп. 4, спр. 391 а..
Ён быў адкрыты студэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта Браніславам Тарашкевічам, якому дапамагаў віленскі гісторык Станіслаў Касцялкоўскі, настаўнік Тарашкевіча па гімназііГл.: Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966. С. 6.. У 1912 годзе Тарашкевіч прачытаў у пецярбургскім студэнцкім навукова-літаратурным гуртку даклад «Рукапісны альбом Вярыгі-Дарэўскага і беларускіх пісьменнікаў (Дунін-Марцінкевіч і іншыя)»Отчет о состоянии и деятельности импер. С.-Петербургского университета за 1912 г. Спб., 1913. Отд. VIII. С. 104..
Копіяй альбома, што належала Тарашкевічу, карыстаўся акадэмік Яўхім Карскі ў сваіх працах пра Вярыгу-Дарэўскага (1919, 1920, 1922).
У 1946 годзе ўнучаты пляменнік пісьменніка Антон-Ігнат Вярыга-Дарэўскі, выдавец дакументаў па гісторыі роду Вярыгаў, абмяркоўваў з Лукашом Бэндэ пытанне аб публікацыі АльбомаЦДАМЛіМ БССР, ф. 66, воп. 1, спр. 781, л. 1—2..
Лёс рукапісу У міжваенны перыяд вядома пра існаванне дакладнай копіі альбома, зробленай у 1930 годзе студэнтам Віленскага ўніверсітэта Язэпам Хворастам для Беларускага музея ў Вільні. Цяпер гэтая копія знаходзіцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы (ф. 21—722).
Пасля Вялікай Айчыннай вайны арыгінал доўгі час лічыўся згубленым. У сярэдзіне 1960-х гадоў ён быў адшуканы даследчыкам Генадзем Кісялёвым у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР сярод неапісаных матэрыялаў Таварыства сяброў навукі (фонд 1135, вопіс 4, справа 391а).
Змест і значэнне Альбом з’яўляецца ўнікальным помнікам беларускай культуры, своеасаблівым рукапісным літаратурна-грамадскім альманахам. Ён дае шырокую панараму культурна-грамадскага жыцця таго часу, з’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі беларускай літаратуры і мовы, а таксама для вывучэння жыццяпісу Вярыгі-Дарэўскага. Хоць твораў і іншых запісаў самога Вярыгі ў ім няма, альбом з’яўляецца каштоўнай тэксталагічнай крыніцай.
Сярод асоб, чые запісы прадстаўлены ў Альбоме, шмат удзельнікаў вызваленчага руху і прыхільнікаў перадавых ідэй. Як і сам уладальнік альбома, многія з іх прынялі ўдзел у паўстанні 1863 года.
У альбоме пакінулі свае аўтографы, вершы, празаічныя і нотныя запісы такія вядомыя дзеячы, як пісьменнікі Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі, Антоні Эдвард Адынец, Ігнат Ходзька, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, гісторыкі Адам Кіркор, Мікалай Маліноўскі, Міхал Балінскі, гітарыст М. Сакалоўскі і іншыя. Таксама прысутнічаюць запісы М. Рэніера (А. Рэніер).
Беларускія запісы Асаблівае значэнне маюць дзевяць беларускіх тэкстаў, упісаных у альбом, якія сведчаць аб поспехах маладой беларускай літаратуры і цікавасці грамадства да беларускага слова: Вінцэсь Каратынскі. Верш «Далібог-то, Арцім…» (Вільня, 1858). М. Рэніер. Верш «Арцёмка дарагенкі…» з дадатковымі строфамі «Мамертка, літоўскі цікун…» (Вільня, 1858). Эдвард Г… (крыптанім не расшыфраваны). Празаічны запіс: «Ну, браточык! прагукаў ты панашэму…» (Вільня, 1858). Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. «Некалькі урыўкаў з перакладу „Пана Тадэвуша“ Міцкевіча на беларускую гаворку» (Мінск, 1858). М. Караткевіч. Верш «Бялорускі Дудару…» (Мінск, 1858). Якуб Т…кі (крыптанім не расшыфраваны). Верш «Словна з неба божый дар…» (Магілёў, 1859). Я. П. Вуль. Верш «К дудару Арцёму ат наддзвінскага мужыка» (Віцебск, 1859). Аляксандр Рыпінскі. Вершаваная прыпіска «Ты ж сам, суседзька, хацеў…» да польскага верша «Для Арцёма Вярыгі ў альбоме» (Кукавячын пад Віцебскам, 1860). Аляксандр Рыпінскі. Празаічная запіска без даты і месца: «Іду, брат, па-твойму на мужыцкую свадзьбу…»
Публікацыі Даволі поўная публікацыя помніка была зроблена ў кнізе Генадзя Кісялёва «Пачынальнікі» (1977). Выданне ставіла на мэце ўлічыць усе запісы: найбольш змястоўныя пададзены цалкам, іншыя — са скарачэннямі або ў выглядзе анатацый. Таксама была праведзена праца па расшыфроўцы подпісаў.
Гл. таксама Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Рукапісы Катэгорыя:Беларуская літаратура XIX стагоддзя Катэгорыя:Творы Арцёма Вярыгі-Дарэўскага Катэгорыя:Дакументы Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы