«Ле́нінец» — раённая газета Плешчаніцкага раёна, якая выдавалася з 1930 па 1962 год.
Гісторыя
Даваенны перыяд Газета заснавана ў 1930 годзе пад назвай «Барацьбіт за калектывізацыю» як орган Плешчаніцкага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці. Першы вядомы нумар — № 3 за 30 лістапада 1930 года. З чэрвеня 1938 года газета мела назву «Ленінец». Выходзіла да 23 чэрвеня 1941 года.
У гады вайны Падчас Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Плешчаніцкага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася ў друкарні Лагойскага падпольнага райкама КП(б)Б у Руднянскім лесе. Выходзіла штодэкадна. Вядома 26 нумароў (№ 1–10, 12–14, 21–22 за 1943 год; № 23–33 за 1944 год), якія выйшлі ў перыяд з 8 сакавіка 1943 года да 18 мая 1944 года. Газета друкавалася на рускай і беларускай мовах. Рэдактарам быў С. Ц. Барадаўкін.
Пасляваенны перыяд Пасля вызвалення Беларусі выданне працягнулася пад назвай «Ленінец» як орган Плешчаніцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Выданне было спынена на № 33 25 красавіка 1962 года ў сувязі са скасаваннем Плешчаніцкага раёна.
Крыніцы
Катэгорыя:Падпольны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну Катэгорыя:Газеты Беларусі на беларускай мове Катэгорыя:Газеты Беларусі на рускай мове Катэгорыя:Культура Лагойскага раёна Катэгорыя:Плешчаніцкі раён