Канстанці́н Мікала́евіч Харытаню́к (нар. , Брэст) — беларускі юрыст, суддзя, спецыяліст у галіне права інтэлектуальнай уласнасці. Старшы выкладчык кафедры права інтэлектуальнай уласнасці юрыдычнага факультэта БДУ.

Біяграфія Нарадзіўся 30 ліпеня 1982 года ў Брэсце. У 2004 годзе з адзнакай скончыў юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Правазнаўства». У 2019 годзе скончыў магістратуру Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Прававое рэгуляванне кіраўніцкай дзейнасці ў сацыяльных і эканамічных сістэмах».

З 2004 па 2006 год — стажор адваката, затым адвакат юрыдычнай кансультацыі Маскоўскага раёна г. Брэста. З 2005 года па сумяшчальніцтве працаваў выкладчыкам кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З верасня 2006 па чэрвень 2008 года — адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі г. Брэста.

У чэрвені 2008 года прызначаны на пасаду суддзі суда Маскоўскага раёна г. Брэста, у лістападзе 2011 года — на пасаду суддзі Брэсцкага абласнога суда.

27 лютага 2018 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны суддзёй Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь бестэрмінова. Працаваў у складзе судовай калегіі па эканамічных справах. З 1 ліпеня 2023 года быў уключаны ў склад судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда. Паводле інфармацыі СМІ, дзякуючы сваёй спецыялізацыі, верагодна, не ўдзельнічаў у палітычна матываваных судовых працэсах. У снежні 2025 года звольніўся з пасады суддзі Вярхоўнага Суда па ўласным жаданні.

Працуе старшым выкладчыкам на кафедры права інтэлектуальнай уласнасці юрыдычнага факультэта БДУ.

Навуковая дзейнасць Сфера навуковых інтарэсаў: права інтэлектуальнай уласнасці, лічбавыя правы. На юрыдычным факультэце БДУ выкладае дысцыпліну «Права інтэлектуальнай уласнасці».

Узнагароды Ганаровая грамата Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 30 ліпеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1982 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Брэсце Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Суддзі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Выкладчыкі юрыдычнага факультэта БДУ