Андрэ́й Яўге́навіч Крывашэ́еў () — беларускі журналіст, тэлевядучы, палітычны аглядальнік, грамадскі дзеяч. Генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны» (з 2021). Старшыня Праўлення Беларускага саюза журналістаў (з 2020). Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 29-га склікання (з 2024).
Біяграфія Нарадзіўся 2 снежня 1981 года ў Валгаградзе (РСФСР, СССР).
Скончыў факультэт гуманітарнай адукацыі і кіравання Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Скончыў магістратуру Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Электронны ўрад», тэма дысертацыі: «Выкарыстанне лічбавых інструментаў камунікацыі „Грамадства — СМІ — Улада“» (2025).
У 2002—2007 гадах працаваў карэспандэнтам і спецыяльным карэспандэнтам Белтэлерадыёкампаніі. З 2007 года — палітычны аглядальнік, стваральнік і вядучы аўтарскіх праектаў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Аўтар тэлепраектаў «Дыялогі пра цывілізацыю», «Праект І», «24 пытанні», «Спецыяльны рэпартаж», аналітычных праграм «Галоўны эфір», «У цэнтры ўвагі», «Панарама», «Дзелавое жыццё», «Навіны» і іншых, якія выходзілі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
У 2004—2015 гадах працаваў спецыяльным карэспандэнтам Белтэлерадыёкампаніі ва Украіне і Польшчы.
У 2008—2020 гадах — член пула журналістаў, якія асвятляюць дзейнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У лютым 2020 года выбраны старшынёй Праўлення Беларускага саюза журналістаў.
21 снежня 2021 года распараджэннем старшыні Мінгарвыканкама прызначаны генеральным дырэктарам УП «Агенцтва „Мінск-Навіны“».
У 2024 годзе абраны дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 29-га склікання па Малінаўскай выбарчай акрузе. Член Прэзідыума Вышэйшага палітычнага савета партыі «Белая Русь».
Суарганізатар супольнасці журналістаў і блогераў Беларусі і Расіі «Друзья — Сябры», заснавальнік Асацыяцыі рэгіянальнай прэсы Беларусі і Расіі, Клуба беларуска-кітайскай журналістыкі «Бяньчжун».
З 2016 года суарганізатар і выканаўчы дырэктар Міжнароднага Фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC» і Маладзёжнага конкурсу кароткаметражных дакументальных фільмаў «Еўразія. DOC 4 хвіліны».
У 2025 годзе Крывашэеву нададзена званне «Ганаровы выпускнік» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта за важкі ўклад у развіццё медыя-сферы краіны, умацаванне сувязей паміж універсітэтам і прафесійнай супольнасцю журналістаў і садзейнічанне інтэграцыі камунікатыўных навыкаў у тэхнічную адукацыю.
У ліпені 2025 года ўвайшоў у склад Прэзідыума (да 2031 года), а таксама абраны Старшынёй Прэзідыума (2025—2026) Праўлення Глабальнай медыяплатформы журналісцкіх арганізацый Ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» (BRJN). Медыяплатформа гэта найбуйнейшае ў гісторыі журналістыкі аб’яднанне работнікаў СМІ і індывідуальных вытворцаў кантэнту, аб’ядноўвае больш за 2 мільёны 400 тысяч прафесійных журналістаў і блогераў з больш чым 100 краін і рэгіёнаў свету.
27 лістапада 2025 года на чарговым XV З’ездзе Беларускага саюза журналістаў пераабраны на пасаду Старшыні Праўленняhttps://bsj.by/2025/11/podveli-itogi-za-proshedshie-pyat-let-v-minske-proshel-masshtabnyj-sezd-belorusskogo-soyuza-zhurnalistov/ грамадскага аб’яднання да 2030 года.
Уключаны ў санкцыйныя спісы Злучаных Штатаў Амерыкі (з 2008 года) як «асоба, якая прадстаўляе пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспекі ЗША», Вялікабрытаніі (з 2021 года) і Польшчы (з 2023 года) за «актыўную падтрымку рэжыму А. Лукашэнкі» (аktywnie wspiera reżim A. Łukaszenki).
Узнагароды Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2005) — за цыкл дакументальных фільмаў «Была вайна…» да 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне; Медаль «За працоўныя заслугі»; Нагрудны знак Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік тэлебачання і радыё».
Крыніцы
Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Тэлевядучыя Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі Катэгорыя:Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 29-га склікання Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём «За працоўныя заслугі» Катэгорыя:Выдатнікі тэлебачання і радыё Катэгорыя:Прапагандысты Беларусі