Чарні́гаўскае вышэ́йшае вае́ннае авіяцы́йнае вучы́лішча лё́тчыкаў імя́ Ле́нінскага камсамо́ла (; скарочана ЧВВАВЛ) — вышэйшая ваенная навучальная ўстанова ў СССР і Украіне, якая ажыццяўляла падрыхтоўку лётчыкаў для знішчальнай авіяцыі ВПС СССР. Існавала з 1940 па 1995 год.

Гісторыя

Стварэнне і ваенны перыяд 6 лістапада 1940 года загадам наркама абароны пачалося фарміраванне Чарнігаўскай ваеннай авіяцыйнай школы пілотаў (ЧВАШП). Яе начальнікам стаў палкоўнік Ф. Р. Курдубаў. Школа размяшчалася ў Чарнігаве ў «чырвоных казармах» і на палявых аэрадромах паблізу горада. На ўзбраенні знаходзіліся самалёты У-2 і І-15 біс.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны на базе школы былі сфарміраваны тры авіяпалкі і тры асобныя авіяэскадрыллі, якія адправіліся на фронт. У ліпені 1941 года школа была эвакуіравана ў Зернаград (Растоўская вобласць), дзе аб’ядналася з Фастаўскай авіяшколай пад назвай Зернаградская авіяшкола. У кастрычніку 1941 года ёй вярнулі ранейшую назву. У лістападзе 1941 года ўстанова была эвакуіравана ў Туркменію (гарады Кізыл-Арват і Казанджык).

З лютага 1942 года пачалася падрыхтоўка на самалётах Як-1 і Як-7б. У сакавіку 1944 года школа перабазавалася ў станіцу Ленінградскую (Краснадарскі край). За гады вайны было падрыхтавана 2230 лётчыкаў-знішчальнікаў, 14 выпускнікоў сталі Героямі Савецкага Саюза.

Пасляваенны перыяд У верасні 1945 года школа была пераўтворана ў Чарнігаўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, але ў ліпені 1946 года расфарміравана.

У лютым 1951 года пачалося фарміраванне новай установы — 57-га ваеннага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў ВПС у Чарнігаве і Гародні. Яго ўзначаліў двойчы Герой Савецкага Саюза Міхаіл Васільевіч Кузняцоў. Курсанты навучаліся на самалётах Як-18, Як-11, а з 1952 года пачалі асвойваць рэактыўныя МіГ-15. Першы выпуск на МіГ-15 адбыўся ў 1953 годзе.

1 кастрычніка 1959 года вучылішча атрымала статус вышэйшага і назву Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў (ЧВВАВЛ) з 4-гадовым тэрмінам навучання. Першы выпуск лётчыкаў-інжынераў адбыўся ў 1963 годзе. У тым жа годзе пачалося асваенне самалётаў Л-29 і МіГ-21. У 1968 годзе вучылішчу прысвоена імя Ленінскага камсамола.

У 1970-я — 1980-я гады вучылішча рыхтавала лётчыкаў на самалётах Л-39 і МіГ-23 (з 1977 года). У 1990 годзе адбыўся апошні выпуск на МіГ-21, пасля чаго навучанне вялося толькі на Л-39 па ўскладненай праграме.

Увосень 1995 года вучылішча было расфарміравана загадам Міністра абароны Украіны.

Аэрадромы Лётная падрыхтоўка праводзілася на аэрадромах у населеных пунктах: Чарнігаў, Гародня, Дабранка, Канатоп, Малейкі, Свеса, Клімава, Умань, Івангорад.

Начальнікі вучылішча Фёдар Рыгоравіч Курдубаў (1940—1941) Міхаіл Васільевіч Кузняцоў (1951—1957) Мікалай Фёдаравіч Кузняцоў (1957—1963)

Вядомыя выпускнікі Вучылішча скончылі многія вядомыя лётчыкі і касманаўты. Сярод іх:

Касманаўты Андрыян Рыгоравіч Нікалаеў (навучаўся ў 1951—1952) — двойчы Герой Савецкага Саюза. Леанід Дзянісавіч Кізім (1963) — двойчы Герой Савецкага Саюза. Пётр Ільіч Клімук (1964) — двойчы Герой Савецкага Саюза. Анатоль Сямёнавіч Леўчанка (1964) — Герой Савецкага Саюза. Юрый Віктаравіч Раманенка (1966) — двойчы Герой Савецкага Саюза. Леанід Іванавіч Папоў (1968) — двойчы Герой Савецкага Саюза. Уладзімір Георгіевіч Цітоў (1970) — Герой Савецкага Саюза. Леанід Канстанцінавіч Кадзянюк (1971) — першы касманаўт Украіны, Герой Украіны. Анатоль Якаўлевіч Салаўёў (1972) — Герой Савецкага Саюза. Антон Мікалаевіч Шкаплераў (навучаўся ў 1989—1992) — Герой Расійскай Федэрацыі. Анатоль Аляксеевіч Іванішын (1991) — Герой Расійскай Федэрацыі. Раман Юр'евіч Раманенка (1992) — Герой Расійскай Федэрацыі. Аляксандр Міхайлавіч Самакуцяеў (1992) — Герой Расійскай Федэрацыі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў Катэгорыя:Ваенныя вышэйшыя навучальныя ўстановы СССР Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1940 годзе Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, расфарміраваныя ў 1995 годзе Катэгорыя:Арганізацыі, узнагароджаныя імем Ленінскага камсамола Катэгорыя:Авіяцыйныя навучальныя ўстановы Катэгорыя:Адукацыя ў Чарнігаве