Адміністрацы́йнае пра́ва — галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзяржаўнага кіравання.
Галіна права Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарату, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян.
Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак: Агульная частка ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфер дзяржаўнага кіравання: сістэму і крыніцы, суб'екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзяржаўнага кіравання, формы і метады кіраўнічай дзейнасці. Асаблівая частка рэгулюе адносіны ў асобных сферах кіравання, такіх як планаванне, фінансы, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт, народная адукацыя, навука, культура, ахова здароўя, сацыяльная абарона, а таксама ў пытаннях адміністрацыйна-палітычнага кіравання (абарона дзяржавы, дзяржаўная бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя).
Галоўнымі крыніцамі адміністрацыйнага права ў Беларусі з'яўляюцца: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта, пастановы Нацыянальнага сходу і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і іншыя нарматыўныя акты, якія выдаюцца міністэрствамі, дзяржаўнымі камітэтамі і ведамствамі.
У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адміністрацыйныя праваадносіны, адным з суб'ектаў якіх заўсёды з'яўляецца дзяржаўны орган або службовая асоба.
Навука адміністрацыйнага права Адміністрацыйнае права з'яўляецца таксама навукай, якая вывучае прававое рэгуляванне дзяржаўнага кіравання. Яна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і структуры органаў кіравання, удакладненню іх правоў і абавязкаў.
На Беларусі праблемы адміністрацыйнага права вывучаюць А. М. Абрамовіч, В. І. Семянкоў, В. І. Шабайлаў і іншыя.
Крыніцы
Літаратура
Адміністрацыйнае права Катэгорыя:Галіны права