Лізавета Лянкевіч (; ) — беларуская мастачка-графік, ілюстратарка і дызайнерка. Працуе ў галіне станковай графікі, манументальнага жывапісу і кніжнага афармлення.
Біяграфія Нарадзілася ў 1988 годзе ў Беларусі. Малюе з дзяцінства, з пяці гадоў займалася ў гуртку малявання ў Палацы моладзі ў Мінску. У 1999 годзе прэзентавала Беларусь на сусветным фестывалі ў ЗША, падчас фестывалю ўдзельнічала ў стварэнні карты планеты перад Капітоліем.
У 2006—2008 гадах вучылася ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў па спецыяльнасці «Дызайн тэкстылю». Паступіла на кафедру станковай графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, скончыла яе ў 2014 годзе са спецыялізацыяй у графіцы і дызайне. У творчых праектах падчас вучобы яе падтрымліваў мастак Раман Сустаў. Кампазіцыю ў акадэміі выкладаў Павел Татарнікаў, які быў і кіраўніком яе дыпломнай працы — ілюстрацыі да «Азбука. Вясёлы вулей» Рыгора Барадуліна.
З 2012 года працуе як незалежная ілюстратарка. У 2014—2018 гадах займалася іканапісам, працавала ў іканапіснай школе пры манастыры. Самым вялікім творам у гэтай галіне быў удзел у стварэнні 25-метровага іканастаса для храма ў Салігорску. Досвед іканапісу значна паўплываў на яе творчую манеру.
Двойчы стыпендыятка праграмы для рэалізацыі мастацкіх праектаў па ілюстраванні твораў «Акадэмія пана Клякса» Яна Бжэхвы (2018) і «Байкі робатаў» Станіслава Лема (2023). Падчас першай стыпендыі ў Польшчы працавала пад кіраўніцтвам Монікі Гануляк.
Станам на 2023 год жыве і стварае ў Польшчы.
Творчасць Валодае тэхнікамі акварэлі, тэмперы, алоўка, тушы, калажу, а таксама лічбавага жывапісу.
Творы Лянкевіч характарызуюцца спалучэннем класічнай школы і сучасных нестандартных прыёмаў. Мастачка ўнікае манатоннасці і любіць змены ў сферах дзейнасці.
У кніжнай ілюстрацыі часта звяртаецца да міфалагічных вобразаў, нацыянальнага каларыту, напрыклад, выкарыстоўвае элементы іканапіснай кампазіцыі для паказу жыцця літаратурных герояў.
Аздобіла выданні знакавых твораў беларускай літаратуры:
«Палескія рабінзоны» Янкі Маўра (2021), аформлена ў адзінай стылістыцы з дзвюма наступнымі, ілюстрацыі зроблены на планшэце. «Новая зямля» Якуба Коласа (2022), каля 70 ілюстрацый, выкарыстаны сіні колер як сімвал глыбіні і гіпербалізаваныя вобразы герояў. «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага (2024), аформлена ў містычнай фіялетавай гаме з выкарыстаннем анімацыі.
Таксама ілюстравала: «Азбука. Вясёлы вулей» Рыгора Барадуліна (2017) . «Мышыныя Каляды» Антона Брыля (2022) . «Акадэмія доктара Клякса» Яна Бжэхвы (2023), праца цягнулася два з паловай гады, канцэпцыя выдання — нататнік галоўнага героя. Выкарыстаны «дзіцячыя» тэхнікі: калаж, комікс, анімацыя на палях. Вокладка дэкарыравана стыкерамі. Усе дэталі малюнкаў зроблены ўручную. Мастачка таксама была дызайнеркай і аўтаркай макета. «Таямнічы сад» Фрэнсіс Элізы Бёрнет (2025). «Праспект Нежалезнасці» Мікіты Найдзёнава (2025). паэтычныя зборнікі «Гэта не пра нас» Алеся Снега і «Акрамя» Паўла Капанскага (2026).
Станам на 2023 год мела дзесяць персанальных выстаў. Удзельнічала ў шматлікіх міжнародных экспазіцыях у ЗША, Францыі, Ізраілі і іншых краінах.
Прызнанне Лаўрэатка Прэміі Цёткі (2018) у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» за кнігу «Азбука. Вясёлы вулей» Рыгора Барадуліна. Лаўрэатка Прэміі Цёткі (2025) за афармленне кнігі Яна Бжэхвы «Акадэмія доктара Клякса», журы адзначыла яе сучасны падыход да ілюстравання.
Трапляла ў шорт-лісты міжнародных конкурсаў у Паўднёвай Карэі (2017) і «Арт-Прадмова» (2019).
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Мастакі Беларусі