Белару́скі камітэ́т мі́ру (да 1995 года — Белару́скі камітэ́т абаро́ны мі́ру, БКАМ) — грамадска-палітычная арганізацыя, беларускае аддзяленне міжнароднага руху прыхільнікаў міру. З 1999 года мае статус грамадскага аб’яднання.

Гісторыя Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны грамадскасць Беларусі далучылася да сусветнага руху за мір. Ідэя склікання I Сусветнага кангрэса прыхільнікаў міру (Парыж — Прага, красавік 1949 года) атрымала падтрымку ў рэспубліцы. На кангрэсе Беларусь прадстаўлялі народная артыстка СССР Л. П. Александроўская і народны паэт БССР Максім Танк.

Арганізацыя была заснавана 5 верасня 1951 года на 1-й Усебеларускай канферэнцыі прыхільнікаў міру ў Мінску як Беларускі рэспубліканскі камітэт абароны міру (БРКАМ).

У 1986 годзе, які быў аб’яўлены ААН Годам Міру, арганізацыі было прысвоена ганаровае званне «Пасланец міру» (разам з горадам-героем Мінскам). У гэтым жа годзе арганізацыя была перайменавана ў Беларускі камітэт абароны міру (БКАМ).

Ужо ў часы незалежнай Беларусі, 10 лютага 1995 года, назва была зменена на Беларускі камітэт міру. 18 сакавіка 1999 года арганізацыя была перарэгістравана як Грамадскае аб’яднанне «Беларускі камітэт міру».

Структура У савецкі час у склад камітэта ўваходзіла 150 членаў — прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва рэспублікі. Кіруючым органам з’яўляўся прэзідыум (16 чалавек) і яго бюро (5 чалавек).

З 1987 года БКАМ аб’ядноўваў 6 абласных камітэтаў (Брэсцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Магілёўскі, Мінскі) і Мінскі гарадскі камітэт. З камітэтам шчыльна супрацоўнічаў Беларускі фонд міру, які да 1991 года дзейнічаў як Беларускае аддзяленне Савецкага фонду міру.

Дзейнасць БКАМ ажыццяўляў свае задачы ў шчыльным кантакце з Сусветным Саветам Міру (ССМ) і прадстаўнікамі замежных рухаў прыхільнікаў міру. У 1951 годзе ў БССР быў арганізаваны збор подпісаў пад Зваротам ССМ аб заключэнні Пакта Міру паміж пяццю вялікімі дзяржавамі. У маі 1957 года Пленум камітэта падтрымаў Заклік ССМ аб забароне выпрабаванняў атамнай і вадароднай зброі (падпісаны 5 жніўня 1963 года ў Маскве).

У 1976 годзе БКАМ сабраў каля 7 мільёнаў подпісаў пад Стакгольмскім заклікам аб спыненні гонкі ўзбраенняў, а пазней вёў барацьбу за забарону нейтроннай зброі. Камітэт штогод прымаў удзел у Тыднях дзеянняў за раззбраенне паводле рашэння ААН і ССМ.

У 1986 годзе ўдзельнікі мерапрыемстваў БКАМ выступалі супраць мілітарызацыі космасу і заклікалі да ліквідацыі ядзернай зброі. Камітэт актыўна выступаў за нейтралітэт Рэспублікі Беларусь і ліквідацыю ядзернай зброі на яе тэрыторыі.

Беларускія прыхільнікі міру ўдзельнічалі ў Маршы міру-82 (Стакгольм — Хельсінкі — Ленінград — Калінін — Масква — Смаленск — Мінск). У сакавіку 1984 года ў Мінску адбылася сустрэча з удзельнікамі міжнароднага каравана міру з ЗША, Канады і Нарвегіі.

Прадстаўнікі БКАМ удзельнічалі ў працы Сусветнага кангрэса міралюбівых сіл у Маскве (1973, 1977), Сусветнай асамблеі будаўнікоў трывалага міру ў Варшаве (1977), Сусветнай асамблеі «За мір і жыццё, за выжыванне чалавецтва» ў Маскве (1987). Прадстаўнік БКАМ прымаў удзел у працы III спецыяльнай сесіі ААН па раззбраенні.

У 1970—1988 гадах у БССР адбылося больш за 20 міжнародных форумаў грамадскасці за мір і бяспеку. Сярод іх: сустрэчы грамадскасці краін Еўропы і Азіі пад дэвізам «Хай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіцэ, Арадура, Хірасімы, Сангмі!» (Мінск, Брэст, 1972); сустрэча прыхільнікаў міру з 35 краін да 30-годдзя Перамогі (Мінск, 1975); міжнародная сустрэча ўдзельніц жаночага руху з 27 краін (Мінск, 1975); сустрэча «Урокі другой сусветнай вайны і роля міжнароднай грамадскасці ў барацьбе за мір…» з удзелам ветэранаў і вязняў канцлагераў з 14 краін (Брэст, 1981).

У рамках народнай дыпламатыі былі наладжаны пастаянныя кантакты з больш чым 50 арганізацыямі ЗША, Германіі, Францыі, Аўстраліі, Англіі, Канады, Галандыі, Швецыі, Фінляндыі, Польшчы, Японіі, Карэі, Кітая. Каля 90 актывістаў БКАМ удзельнічалі ў Тыдні Міру ў ФРГ (1990). Прадстаўнікі камітэта ў якасці назіральнікаў прысутнічалі пры знішчэнні савецкіх ракет пад Алма-Атой.

Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 года БКАМ арганізоўваў дапамогу пацярпеламу насельніцтву: забяспечваў медыцынскімі прэпаратамі, спецтэхнікай, дыягнастычнымі прыборамі, вітамінамі, а таксама адпраўляў дзяцей з забруджанай зоны на лячэнне і адпачынак за мяжу.

Старшыні 1951—1956 — Якуб Колас; 1956—1969 — Аркадзь Куляшоў; 1969—1976 — Іван Мележ; 1976—1987 — Пімен Панчанка; з 1987 — Іван Шамякін

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1951 годзе Катэгорыя:Арганізацыі Мінска Катэгорыя:Пацыфізм