Белару́скі фонд мі́ру, да 1991 года — Белару́скае аддзяле́нне Саве́цкага фо́нду мі́ру — беларуская міратворчая, дабрачынная і гуманітарная грамадская арганізацыя. З’яўляецца правапераемнікам Савецкага фонду міру на тэрыторыі Беларусі. Асноўнымі мэтамі дзейнасці з’яўляюцца ўмацаванне міру, дружбы, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі, прапаганда і ўвасабленне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму. Цэнтральны офіс размяшчаецца ў Мінску па адрасе вул. Старажоўская, 5.

Гісторыя 27 красавіка 1961 года ў СССР быў заснаваны Савецкі фонд міру. 3 сакавіка 1972 года на Другой Беларускай канферэнцыі прыхільнікаў міру была створана Беларуская рэспубліканская камісія садзейнічання Савецкаму фонду міру, якую ўзначаліў скульптар Заір Азгур. Неўзабаве камісія была ператворана ў Беларускае аддзяленне Савецкага фонду міру.

У савецкі перыяд фонд стаў масавай арганізацыяй. Да сярэдзіны 1980-х гадоў у БССР налічвалася звыш 14 тысяч камісій садзейнічання, якія аб’ядноўвалі больш за 100 тысяч актывістаў. Сродкі ў фонд пералічвалі працоўныя калектывы, дзеячы навукі і культуры, сярод іх — Янка Маўр, Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Іван Шамякін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Бядуля, Фёдар Фёдараў, ансамблі «Песняры», «Верасы», «Сябры».

Асаблівую актыўнасць фонд праявіў пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 года. Была арганізавана закупка дазіметраў, аздараўленне дзяцей за мяжой і ў чыстых раёнах СССР, пастаўка гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны.

24 жніўня 1991 года на пазачарговай канферэнцыі Беларускага аддзялення Савецкага фонду міру было заснавана грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міру», якое стала правапераемнікам савецкай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі. Першым старшынёй стаў пісьменнік і журналіст Марат Ягораў.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе прадстаўнікі фонду заявілі журналістам, што не арганізоўваюць дапамогу пацярпелым украінцам. Ніякага асуджэння дзеянняў агрэсара Фонд міру таксама не выказаў.

Структура і кіраванне Вышэйшым кіруючым органам грамадскага аб’яднання з’яўляецца Канферэнцыя, якая склікаецца рашэннем Праўлення адзін раз у пяць гадоў. У перыяд паміж канферэнцыямі дзейнасцю арганізацыі кіруе Праўленне. Арганізацыйная структура фонду будуецца па тэрытарыяльным прынцыпе і ўключае абласныя, раённыя і гарадскія аддзяленні. Станам на 2026 год фонд налічваў 146 арганізацыйных структур па ўсёй краіне.

Склад праўлення (станам на 2026) Кіраўніцтва фондам ажыццяўляе старшыня праўлення, кандыдат юрыдычных навук Максім Місько. Першым намеснікам старшыні з’яўляецца Аляксандр Чырко.

У склад Бюро праўлення і Праўлення ўваходзяць вядомыя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі рэлігійных канфесій і кіраўнікі рэгіянальных структур:

Намеснікі старшыні Марына Васілеўская (Герой Беларусі, касманаўт) — па гуманітарным супрацоўніцтве і грамадскай дзейнасці; Вячаслаў Навіцкі — па юрыдычных пытаннях; Андрэй Балабін — па міжнароднай дзейнасці; Георгій Козел — па агульных пытаннях і сувязях з грамадскасцю.

Прадстаўнікі канфесій Веніямін — мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (БПЦ); Іосіф Станеўскі — мітрапаліт Мінска-Магілёўскі (РКК); Абу-Бекір Шабановіч — муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання; Артур Ліўшыц — старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання.

Грамадскія дзеячы Алег Навіцкі — Герой Расійскай Федэрацыі, касманаўт; Аляксандр Багдановіч — алімпійскі чэмпіён, старшыня Федэрацыі хакея; Аляксандр Карлюкевіч — старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі; Глеб Отчык — старшыня Беларускага саюза мастакоў.

Кіраўнікі рэгіянальных аддзяленняў Брэсцкае абласное — Лідзія Раманюк; Віцебскае абласное — Таццяна Туманава; Гомельскае абласное — Ілья Бяленькі; Гродзенскае абласное — Іван Калбаска; Магілёўскае абласное — Андрэй Нікіцін; Мінскае абласное — Алег Матусевіч; Мінскае гарадское — Дзмітрый Карані.

Кіраўнікі Кіраўнікамі арганізацыі ў розныя гады былі: 1972—1991 — Заір Ісакавіч Азгур, старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага фонду міру. 1991—2010 — Марат Фёдаравіч Ягораў, старшыня праўлення Беларускага фонду міру. 2010—2015 — Аляксандр Іванавіч Пасюкевіч. з 2015 — Максім Уладзіміравіч Місько.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Дабрачынныя арганізацыі Катэгорыя:Міратворчыя арганізацыі Катэгорыя:Арганізацыі Мінска Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1961 годзе Катэгорыя:1961 год у Беларусі