Стэфан Бізіа, таксама Стафан Бісіс (; 14 лютага 1724, Фрэзанара, П’емонт — пасля 1787, Местрэ) — італьянскі вучоны-медык, прафесар фізіялогіі Галоўнай школы ВКЛ.
Біяграфія Нарадзіўся ў Венецыі. Вывучаў медыцыну ў Павіі, дзе ў 1746 абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны i філасофіі. Каля 1748 быў прафесарам лекарскага калегіума ў Турыне, потым займаўся ўрачэбнай практыкай у Венецыі. У 1763 па запрашэнні Ганны з Сапегаў Ябланоўскай прыехаў у Вялікае княства Літоўскае i працаваў спачатку хатнім урачом у маёнтку Семятычы каля Драгічына, дзе арганізаваў прыродазнаўчы музей, зборы старажытнасцей, багатую бібліятэку і школу для навучання акушэрак. Там ён правёў пяць гадоў, потым на некаторы час быў у Нясвіжы па запрашэнню Караля Радзівіла Пане Каханку. Каля 1772 быў урачом пры Віленскай езуіцкай акадэміі. Першым у ВКЛ ажыццявіў аўтапсію чалавечага трупа (1770, Вільня, на той час ён яшчэ стала жыў у Нясвіжы, у тым жа годзе апублікаваў вынікі на лаціне і па-польску). У 1777 годзе прадаў свой кнігазбор Віленскай акадэміі. У 1779-80 гадах знаходзіўся ў Львове, адкуль у пачатку 1781 года выехаў у Мілан.
Пасля рэформы Віленскай акадэміі, ператварэння яе ў Галоўную школу ВКЛ i стварэння асобнага медыцынскага калегіума ў 1781 годзе быў прызначаны яго прафесарам i да 1782 узначальваў кафедру тэорыі ўрачэбнай анатоміі, а пазней кафедру фізіялогіі i анатоміі. Першы ў Рэчы Паспалітай выкладаў курс фізіялогіі. Ставіў эксперыменты на жывёлах. Меў дачыненне да стварэння анатамічнага кабінета пры Віленскім універсітэце, створаныя ім прэпараты стануць зародкам анатамічнага музея ў Вільні.
Ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага атрымаў тытул каралеўскага лекара.
У 1787 пакінуў універсітэт i вярнуўся на радзіму ў Італію.
Аўтар некалькіх медыцынскіх трактатаў. Рашуча выступаў супраць умяшання рэлігіі ў медыцыну. Апублікаваў на лацінскай мове твор "Адказ С.Бісіса, доктара філасофіі i медыцыны, сябру філосафу на пытанні адносна меланхоліі, магіі i каўтуна; Responsum Stephani Bisii Philosophiae et Mediciniae Doctoris ad Amicum Philosophum, De melancholia, mania et Plica-Polonica, 1772), у якім з навукова-матэрыялістычных пазіцый падыходзіў да этыялогіі шэрага нервовап-сіхічных захворванняў, тлумачыў ix паходжанне пэўнымі паталагічнымі зменамі нервовай сістэмы. Бісіс лічыў, што галоўную ролю ў псіхіцы адыгрывае мозг, асабліва яго крывяносныя сасуды. Насуперак пашыраным перакананням не лічыў шкодным адразанне каўтуна, не лічыў яго асобнай хваробай.
Крыніцы
Літаратура
Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. — С. 61. Bisio Stefan, Polski Słownik Biograficzny. T.IІ. S. 109. Bisius Stephanus, Nauka i uczeni na ziemi wileńskiej od XVI w. do 1945 r. / opracował: Mieczysław Jackiewicz. Bydgoszcz : Towarzystwo Miłośników Wilna i Ziemi Wileńskiej, 2010. S. 46. Ramonaitė Monika. The career of the doctor of medicine and philosophy Stefano Lorenzo Bisio [1724-1800?] in the Grand Duchy of Lithuania // Lithuanian Historical Studies. — Vol. 21: 2017, 31-60. Sakalauskaitė-Juodeikienė E, Eling P, Finger S. Stephanus Bisius (1724—1790) on mania and melancholy, and the disorder called plica polonica. J Hist Neurosci. 2021 Jan-Mar;30(1):77-93. doi: 10.1080/0964704X.2020.1770957. Epub 2020 Jun 16. PMID: 32543320.
Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Дактары медыцыны Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай езуіцкай акадэміі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Венецыі Катэгорыя:Медыкі XVIII стагоддзя