Фёдар Ленкавіч Калавур (канец XV стагоддзя — пасля 1567) — ураднік і землеўласнік у Пінскім княстве. Мастаўнічы пінскі, ураднік земскі часоў пінскага князя Фёдара Яраславіча (1501—1522) і каралевы Боны Сфорцы (1522—1556).

Паходжанне З баярскага роду Калавураў. Бацька — Ленка (магчыма, Аляксандр) Калавур, вядомы толькі з патроніма Фёдара («Ленкавіч»), пакуль іншых звестак пра Ленку ў крыніцах не выяўлена. Сувязь роду з замкам Каравул на Падоллі, заснаваным Карыятавічамі, або з Нічкам Караульскім, які атрымаў землі таксама на Падоллі ад караля Ягайлы ў 1410 годзе, у цяперашні час у крыніцах не прасочваецца. Падолле канчаткова перайшло пад уладу Кароны Польскай у XV стагоддзі, недзе ў гэты час і Карыятавічы, і Калавуры вядомы з актаў Пінскага княства. Таксама можна меркаваць, што Калавур быў аўтахтонам. У пісцовай кнізе 1552 года ён быў адзначаны як жыхар Пінска — за мостам Троіцкім, дзе валодаў 1,5 прута зямлі.

Біяграфія Мяркуючы па ўсім, Фёдар Калавур атрымаў адукацыю ў школе пры Лешчанскім манастыры або пры Пінскім замку. Ён асабіста складаў юрыдычныя акты, што сведчыць пра яго высокую пісьменнасць.

У грамаце 1517 года князь Фёдар Іванавіч Яраславіч з княгіняй Аленай выдаюць замуж Агрэнку Калавураўну, імаверна дачку Фёдара Ленкавіча, за баярына Венедыкта Фурсавіча з пяццю дворышчамі пасагу.

Калавур валодаў спадчынным («отчынным») маёнткам Нячатава. У 1521 годзе ён прадаў частку гэтых зямель («Літвінаўскую зямлю») падданаму каралевы Боны Арэсту Кігіру. У гэтым акце Фёдар пералічыў свае саслоўныя і службовыя абавязкі, якія ён быў абавязаны выконваць са сваімі людзьмі: земскую і ваенную службу, а таксама замкавыя работы. Да апошніх адносіліся будаўніцтва абарончых сцен (парканаў) і равоў Пінскага замка, а таксама ўтрыманне мастоў праз рэкі Ясельда і Піна на стратэгічна важным тракце з Пінска на Дубровіцу.

Ваенная служба Калі на той час быў дастаткова дарослы, мог удзельнічаць у паходах супраць крымскіх татар, у прыватнасці ў бітве на рацэ Уж у 1503 годзе ў войску пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча. У 1528 годзе Фёдар Калавур быў унесены ў Попіс войска ВКЛ у складзе конных баяр Пінскага павета. Апошняя згадка пра Фёдара адносіцца да Попісу войскаў ВКЛ 1567 года. У дакуменце пазначана, што Калавур «сам ужо вельмі стары і застаўся дома, выслаўшы замест сябе на службу сына з канём і ўзбраеннем (рагацінай)».

Сям’я Быў жанаты з Марыяй Калавур. Вядомыя двое яго сыноў: Іван — служыў у Сямёна Орды, набліжанага князя Канстанціна Астрожскага. Далмат — згадваецца ў перапісе войскаў ВКЛ 1567 года. Таксама ў крыніцах таго часу згадваюцца баяры Апанас, Дзяніс і Сямён Калавуры, якія, верагодна, маглі быць братамі Фёдара.

Крыніцы

Літаратура Груша А. И. Традиция и её преодоление: Русь и Великое Княжество Литовское в XII — первой трети XVI в. — М.: Индрик, 2015. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 2003.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1475 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1567 годзе Катэгорыя:Калавуры Катэгорыя:Постаці Пінска Катэгорыя:Мастаўнічыя пінскія