Васіль Пятровіч Еўдакімаў, псеўданім Вал Клемент (; ) — беларускі юрыст, дзеяч беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, пісьменнік.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1957 годзе ў Мінску ў сям’і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў. Бацька, Пётр Канстанцінавіч, працаваў у абкаме партыі, быў сакратаром парткама БДУ і выкладаў адміністрацыйнае права на юрыдычным факультэце. Маці, Ірына Сяргееўна, паходзіла з Наваградка. Параўнанне родных мясцін маці з малой радзімай бацькі, Шумячамі на Смаленшчыны, моцна паўплывала на нацыянальнае самавызначэнне Васіля. Сям’я жыла ў «сталінскім» доме ў цэнтры Мінска каля Круглай плошчы (цяпер плошча Перамогі).
Вучыўся ў мінскай сярэдняй школе № 50 з матэматычным ухілам. З пяці гадоў сур’ёзна займаўся плаваннем, быў шматразовым чэмпіёнам Беларусі сярод юнакоў і стаў кандыдатам у майстры спорту, аднак у 18 гадоў кінуў спорт. Калі Васілю было 16 гадоў, у адпачынку на Алтаі раптоўна памёр ад інсульту бацька ва ўзросце 51 года, што стала прычынай выбару юрыдычнага факультэта, як працягу дынастыі. У 1974 годзе паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, скончыў яго ў 1979 годзе. Падчас вучобы сябраваў з Віктарам Ганчаром.
Па сканчэнні ўніверсітэта працаваў памочнікам пракурора Першамайскага раёна Мінска, затым — следчым і старшым следчым у пракуратуры Маскоўскага раёна. Потым вярнуўся ў БДУ, у 1988 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Сістэма заканадаўства саюзнай рэспублікі», атрымаў ступень кандыдата юрыдычных навук, затым выкладаў гісторыю дзяржавы і права.
У маі 1990 года праз выпадковае знаёмства з брытанскай юрысткай запрошаны ў Лондан. У Лондан ехаў цягніком праз Берлін у час разбору Берлінскай сцяны. У верасні 1990 года пачаў працу ў адной з вядучых юрыдычных кантор свету — , быў першым савецкім юрыстам у лонданскім Сіці. У 1990-х гадах пэўны час узначальваў маскоўскі офіс Allen & Overy, быў сведкам падзей путчу ГКЧП у 1991 годзе.
Падчас аднаго з візітаў у Мінск яму прапаноўвалі пасаду загадчыка юрыдычнага дэпартамента МЗС Беларусі з перспектывай стаць паслом у англамоўнай краіне, але ён адмовіўся. Па пяці гадах працы ў Allen & Overy займаў пасаду дырэктара інвестыцыйнай кампаніі ў нафтавай сферы, працаваў з праектамі ў Заходняй Сібіры. Пазней заснаваў уласную юрыдычную фірму, займаецца міжнародным кансалтынгам.
Актыўны ўдзельнік беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі, у 1996—1997 гадах быў старшынёй Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, старшыня Англа-беларускага таварыства. Апякун Беларускага дабрачыннага фонду ў Брытаніі. На беларускую мову перайшоў у Лондане ў 33 гады пад уплывам знаёмства з айцом Аляксандрам Надсанам і Арнольдам Макмілінам.
Сям’я Жанаты з латышкай Антрай, пазнаёміўся з ёю ў пасольстве Латвіі ў Лондане. У Лондане таксама знайшоў сваяка — брата бабкі па маці, які служыў у арміі Андэрса і ўдзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна. Мае чатырох дзяцей — трох сыноў і дачку. Дзеці нарадзіліся ў Вялікабрытаніі і лічаць сябе англічанамі, але Васіль Еўдакімаў з маленства размаўляў з імі па-беларуску для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.
Творчасць Літаратурную дзейнасць пачаў з публікацый артыкулаў у беларускіх незалежных выданнях. Піша пад псеўданімам Вал Клемент. Ідэя напісання кнігі з’явілася праз цікавасць дзяцей да жыцця за «жалезнай заслонай», а штуршком да працы стаў вольны час падчас пандэміі COVID-19.
У 2023 годзе ў выдавецтве «Gutenberg Publisher» выйшаў яго дэбютны раман «Круглая Square» — жыццяпіс чалавека і імперыі, напісаны ў жанры аўтабіяграфічнага фікшн. Твор апісвае жыццёвы шлях галоўнага героя (Гені Руда) ад сталення ў савецкім Мінску да прафесійнай рэалізацыі ў Лондане. Назва сімвалізуе экзістанцыйнае самаадчуванне аўтара паміж дзвюма лакацыямі — Круглай плошчай у Мінску і Трафальгарскай плошчай (Trafalgar Square) у Лондане. Тэкст вызначаецца высокай ступенню іроніі, самаіроніі і «цынічнага рамантызму». Крытыкі параўноўваюць раман з «Занзібарам» Сяргея Дубаўца праз падобны кантэкст сталення аўтараў-равеснікаў у адным раёне Мінска.
Прызнанне Раман «Круглая Square» трапіў доўгі спіс прэміі імя Ежы Гедройця (2024) і ўвайшоў у спіс 100 найлепшых кніг 2023 года паводле версіі партала Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.
Крыніцы
Спасылкі