Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Меркасур і Еўрасаюзам распрацоўвалася з канца 1990-х гадоў. Яно павінна стварыць найбуйнейшую ў свеце зону свабоднага гандлю. Перамовы аб яе стварэнні некалькі разоў амаль набліжаліся да завяршэння (у 2004, 2010, 2016 і 2019 гадах), але кожны раз спыняліся з-за канфліктаў інтарэсаў (перш за ўсё з-за таго, што еўрапейскія фермеры баяцца канкурэнцыі з таннай ялавічынай, птушкай, цукрам і этанолам з Бразіліі і Аргенціны).

28 чэрвеня 2019 года ЕС і Меркасур абвясцілі аб дасягненні прынцыповай дамоўленасці па тэксце пагаднення. Паводле яго, Меркасур цалкам адменіць увазныя пошліны на 91% імпартных тавараў з ЕС на працягу 10 гадоў. Для некаторых тавараў (напрыклад, легкавых аўтамабіляў) прадугледжаны пераходны перыяд. У сваю чаргу, ЕС адменіць пошліны на 92% усяго імпарту з краін Меркасур, у тым ліку на 82% імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі з Меркасур, на астатнія тавары (рыс, ялавічына, курыца, свініна, цукар, этанол, мёд, кукуруза, сыр, малочны парашок, дзіцячыя сумесі) будуць дзейнічаць квоты.

9 студзеня 2026 года большасць краін Еўрасаюза ўхвалілі пагадненне з Меркасур. Пры гэтым адобраны дадатковыя меры абароны сельскагаспадарчага рынку, якія ўступяць у сілу ў выпадку рэзкага павелічэння імпарту з краін Меркасур.

Напярэдадні, 8 студзеня, французскія фермеры з дапамогай трактароў заблакавалі рух па цэнтральных вуліцах Парыжа, пратэстуючы супраць пагаднення з Меркасур.

Падпісанне пагаднення адбылося 17 студзеня ў Асунсьёне (Парагвай). З боку ЕС яго падпісаў еўракамісар па гандлі і міжінстуцыянальным адносінам Мараш Шэфчавіч, з боку Меркасур яго падпісалі міністры замежных спраў дзяржаў-удзельніц, пры гэтым прысутнічалі прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей, прэзідэнт Балівіі Радрыга Пас Перэйра, прэзідэнт Уругвая Яманду Орсі, прэзідэнт Парагвая Сант’яга Пенья і прэзідэнт Панамы (асацыіраваны член Меркасур) Хасе Рауль Муліна. Пасля гэтага тэкст пагаднення будзе вынесены на галасаванне ў Еўрапарламенце. Для канчатковага ўступлення пагаднення ў сілу спатрэбіцца таксама ратыфікацыя ўсімі краінамі ЕС і дзяржавамі Меркасур. Згодна з прынятым рашэннем, да завяршэння гэтага працэсу будзе дзейнічаць часовае гандлёвае пагадненне.

21 студзеня Еўрапарламент прыняў рашэнне звярнуцца ў Еўрапейскі суд з запытам аб тым, ці можа пагадненне з Меркасур прымяняцца да яго ратыфікацыі ўсімі краінамі ЕС і не абмяжоўвае ці яно правы ЕС усталёўваць правілы ў галіне экалогіі і абароны здароўя спажыўцоў. Звычайна на разгляд падобных пытанняў у Еўрапейскага суда сыходзіць каля двух гадоў.

Крыніцы

Катэгорыя:Падзеі 17 студзеня Катэгорыя:Студзень 2026 года Катэгорыя:2026 год у эканоміцы Катэгорыя:Дагаворы Еўрапейскага саюза