Бра́танне — сацыяльна-палітычная з’ява, якая выяўлялася ў паразуменні паміж салдатамі варагуючых армій; найбольш яскрава праявілася ў гады Першай сусветнай вайны і мела антываенную накіраванасць.
На руска-германскім фронце братанне пачалося ў 1915—1916 гадах і значна пашырылася пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. На Заходнім фронце да красавіка 1917 года братанне адбывалася стыхійна і зводзілася пераважна да абмену лістоўкамі і рэчамі салдацкага побыту.
Першае арганізаванае масавае братанне адбылося 1 мая 1917 года на ўчастку фронту паміж возерам Нарач і возерам Вішнеўскім. Ваеннае камандаванне праследавала тых, хто братаўся.
У час падрыхтоўкі наступлення на фронце ў чэрвені 1917 года ва ўмовах барацьбы з братаннем яно пайшло на спад, але з новай сілай пашырылася пасля разгрому карнілаўшчыны.
У верасні—кастрычніку 1917 года братанне вызначалася масавасцю, арганізаванасцю, вострай палітычнай і антываеннай накіраванасцю; толькі ў кастрычніку адбылося каля 30 выпадкаў братання.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года братанне на Заходнім фронце прыняло паўсюдны характар і стала пралогам заключэння перамір’я на руска-германскім фронце. Часовы дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце, падпісаны 4 снежня 1917 года, уключаў пункт пра братанне, у адпаведнасці з якім салдатам абодвух бакоў дазвалялася сустракацца ў дзённы час.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Першая сусветная вайна Катэгорыя:Антываенныя рухі Катэгорыя:Перамір’і Катэгорыя:Ваенная гісторыя