Царква́ Святы́х Казьмы́ і Дзям’я́на (Казьмадзям’я́наўская царква) — страчаны праваслаўны храм у Вільні, які размяшчаўся ў Рускім горадзе (). З’яўлялася адной са старажытных праваслаўных цэркваў, якія існавалі ў гэтым квартале ў XIV—XVII стагоддзях.
Лакалізацыя Царква знаходзілася на рагу сучасных вуліц Бакшта () і Савіч ().
У гістарычных крыніцах і актах вуліца Савіч фігуруе пад назвамі Смілінская (або Смілеўская), а таксама часта называлася Кузьма-Дзям’янаўскай менавіта ў гонар храма. Згодна з дакументамі пачатку XVII стагоддзя, гэта была шчыльна забудаваная вуліца з добрымі дамамі і палацамі. Непасрэдна па суседстве з царквой мясціліся двары вядомых вялікалітоўскіх родаў — князёў Агінскіх (у прыватнасці, Багдана Агінскага), Саламярэцкіх і Галоўчынскіх. Дарога ад царквы вяла ўніз да віленскага гасцінага двара.
Гісторыя Дакладны час пабудовы храма невядомы. Першапачаткова гэта быў драўляны будынак. У актах Віленскай археаграфічнай камісіі згадваецца пад 1594 годам як «руская царква Кузьмы і Дзям’яна». Царква неаднаразова фігуруе ў судовых скаргах 1601 і 1602 гадоў як арыенцір месцазнаходжання маёмасці князя Багдана Агінскага, каля брамы якога адбываліся сутычкі і ўзброеныя нападзенні.
Даследчыкі мяркуюць, што драўляны храм мог згарэць падчас спусташальнага пажару 1610 года, альбо быў канчаткова зруйнаваны ў 1655 годзе пасля ўзяцця Вільні маскоўскімі войскамі.
У 1671 годзе камісія, якая аглядала віленскія цэрквы, адзначыла, што на месцы былой царквы Святых Казьмы і Дзям’яна засталося «пустое месца», а царкоўны пагост (могілкі) знаходзіцца ў поўным запусценні, хоць межавыя знакі царкоўнай тэрыторыі яшчэ захоўваліся. Скарыстаўшыся гэтым, уніяцкі мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі перадаў зямлю каталіцкаму ордэну аўгусцінцаў. На гэтым месцы напрыканцы XVII стагоддзя яны пабудавалі свой манастыр і касцёл — сучасны касцёл Маці Божай Суцяшэння.
Археалагічныя даследаванні Паколькі святыя Казьма і Дзям'ян традыцыйна лічыліся апекунамі кавалёў, літоўскі археолаг Рыціс Янайціс адзначае невыпадковасць размяшчэння храма ў гэтым месцы: паблізу сапраўды былі знойдзены археалагічныя матэрыялы, звязаныя з кавальскім рамяством.
У 2002—2003 гадах археолаг Антанас Каваляўскас правёў раскопкі ўнутры будынка аўгусцінскага кляштара. На плошчы 143 квадратныя метры быў даследаваны культурны пласт магутнасцю да 3,5 метраў. Устаноўлена, што ранні драўляны храм існаваў на гэтым месцы да пачатку будаўніцтва мураванага аўгусцінскага кляштара, пачатага ў 1677 годзе, а найстаражытнейшы культурны пласт датуецца XVI стагоддзем.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Вільні Катэгорыя:Страчаныя храмы Вільні Катэгорыя:Храмы Рускага горада (Вільня)