Верфольф ( — ваўкалак) — падраздзяленні СС, створаныя для дыверсійнай і партызанскай дзейнасці. Дзейнічалі ў завяршальны перыяд Другой сусветнай вайны і пасля капітуляцыі Германіі.

Стварэнне Першыя ідэі аб стварэнні партызанскіх фарміраванняў у Германіі з’явіліся ў асяроддзі афіцэраў армейскай разведкі ў канцы 1943 года. Аднак сваё практычнае ўвасабленне яна атрымала ў сістэме Галоўнага ўпраўлення СС, калі па ініцыятыве яго начальніка Готлаба Бергера ў сярэдзіне 1944 года была сфарміравана група, у задачы якой ўваходзіла вывучэнне тактыкі антынацысцкіх партызанскіх атрадаў.

19 верасня 1944 года начальнік Галоўнага ўпраўлення СС па пытаннях расы і паселішчаў Рыхард Хільдэбрант, які меў вопыт антыпартызанскай вайны ў Крыме, падрыхтаваў дакладную запіску на імя рэйхсфюрэра СС Генрыха Гімлера, у якой прапаноўваў стварыць атрад для аперацый у тыле Чырвонай Арміі. Гімлер даручыў кіраўніцтва фарміраваннем атрадаў Гансу Прутцману, які меў вопыт барацьбы з партызанамі ва Украіне, а таксама добра ведаў Усходнюю Прусію, ля межаў якой знаходзіліся савецкія войскі.

Арганізацыя і структура Першапачаткова на атрады «Вервольфа» ўскладаліся наступныя задачы: дыверсійныя акцыі на чыгунках і прамысловых прадпрыемствах; знішчэнне ліній сувязі; палітычны і эканамічны сабатаж; распаўсюджванне прапагандысцкіх матэрыялаў; збор звестак аб перамяшчэнні падраздзяленняў Чырвонай Арміі і саюзнікаў; агітацыя мясцовага насельніцтва да аказання пасіўнага супраціву акупацыйным уладам. Аднак ужо ў пачатку 1945 года канцэпцыя дзейнасці партызанскіх атрадаў зведала істотныя змены. «Вервольф» меркавалася зрабіць асновай шырокага руху супраціву на падкантрольнай саюзнікам і Чырвонай Арміі тэрыторыі Германіі.

Нізавой структурай з’яўляліся атрады (групы) колькасцю 4-6 чалавек, з якіх складваўся сектар (першапачаткова зваўся ўзводам). Некалькі сектараў складалі секцыю. Члены атрадаў павінны былі забяспечвацца стралковай зброяй (у тым ліку і трафейнай), ручнымі гранатамі і выбухоўкамі. Для забеспячэння дзейнасці атрадаў у лясных масівах меркавалася стварэнне схованак і баз з боепрыпасамі і харчаваннем. Каардынацыя дзеянняў і сувязь з кіраўніцтвам павінна была ажыццяўляцца пры дапамозе караткахвалевых перадатчыкаў.

Арганізацыя атрадаў на месцах ажыццяўлялася ў адпаведнасці з дзяленнем Германіі на ваенныя акругі. Кіраўнікі СС і паліцыі ў акругах павінны былі самастойна займацца вярбоўкай, навучаннем і ўкараненнем груп у тыл праціўніка. Меркавалася прызначэнне спецыяльных акруговых упаўнаважаных з грамадзянскіх структур (НСДАП, СА, Гітлерюгенд) для дапамогі ў стварэнні груп «Вервольфа». Аднак, улічваючы шматлікія канфлікты паміж структурамі СС і НСДАП на месцах, дзейнасць «Вервольфа» першапачаткова пакутавала ад неарганізаванасці і хаатычнасці. Байцы не мелі дакладных указанняў адносна сваёй дзейнасці, зброя і боепрыпасы не адказвалі ўстаноўленым патрабаванням, а таксама адсутнічала сувязь па радыё з вышэйстаячым кіраўніцтвам. Акрамя таго, шэраг партыйных кіраўнікоў наогул адмовіліся ад супрацоўніцтва з «Вервольфам».

Навучанне рэкрутаў праводзілі афіцэры вермахта і СС, якія ўдзельнічалі ў антыпартызанскіх дзеяннях на тэрыторыі СССР. У аснову навучання быў пакладзены пераклад савецкага выдання «У дапамогу партызану», нязначна перапрацаваны і выкладзены ў брашуры «Саветы Вервольфу». Члены ўзброеных фарміраванняў вывучалі метады сабатажу, азбуку Морзэ, спосабы перадачы інфармацыі, а таксама тэхналогіі забойстваў.

Дзейнасць Першыя акцыі ў тыле Чырвонай Арміі і войскаў саюзнікаў былі праведзены ў студзені 1945 года. Аднак большасць аперацый былі дрэнна падрыхтаваныя і таму не прывялі да якога-небудзь эфекту. Да пачатку сакавіка атрады былі створаны практычна ва ўсіх раёнах Германіі. Іх асноўнай задачай з’яўлялася дыверсійна-разведвальная дзейнасць у тыле праціўніка (забойствы вайскоўцаў, напады на воінскія гарнізоны, эшалоны, склады з палівам і боепрыпасамі, падрыў прамысловых прадпрыемстваў і важных стратэгічных аб’ектаў). Нярэдка сілы прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне нямецкіх гарадоў (Бон, Брэслаў, Вена). Аднак асноўнай формай прымянення ў апошнія ваенныя месяцы стала прыцягненне іх да мерапрыемстваў па запалохванню насельніцтва і забойства лаяльных да саюзнікаў палітыкаў.

З прычыны заканчэння баявых дзеянняў 5 мая пераемнік Адольфа Гітлера Карл Дзёніц абвясціў па радыё аб спыненні дзеянняў «Вервольфа». Кіраўніцтва руху цалкам ігнаравала гэтае распараджэнне. Дробныя дыверсійна-разведвальныя групы сышлі ў падполле з мэтай дачакацца больш падыходных умоў для сабатажу і партызанскіх вылазак. Так, 25 мая ў Бамбергу быў падарваны эшалон з боепрыпасамі, а 4 чэрвеня ў Брэмене быў здзейснены падрыў аддзялення паліцыі (загінулі 5 амерыканцаў і 39 немцаў). Аднак у сваёй большасці дзейнасць груп «Вервольфа» часцей за ўсё зводзілася да нанясення прапагандысцкіх надпісаў на сценах дамоў, распаўсюджванню агітацыйных брашур і накіравання «памагатым акупантаў» пагрозлівых улётак.

Актывізацыя баевікоў адбылася летам 1945 года і працягвалася амаль да канца 1946 года. Тэрарыстамі былі забітыя адзін з берлінскіх банкіраў, якія пагадзіліся працаваць з савецкай адміністрацыяй, начальнік паліцыі берлінскага раёна Цэлендорф. Акрамя таго, адбылося некалькі гучных палітычных забойстваў у Баварыі. У 1946 годзе ў Вене было здзейснена некалькі падрываў, у выніку якіх знішчана зала сходаў мясцовых камуністаў і электрычная падстанцыя, а ў Берліне — тэракт у будынку гарадской адміністрацыі. У раёне Нюрнберга быў забіты ініцыятар дэнацыфікацыі ўніверсітэтаў у амерыканскай зоне акупацыі Эдвард Хартшорн.

Аднак процідзеянне акупантаў і іх работа з мясцовых насельніцтвам не дазволілі падполлю дасягнуць значных вынікаў. Большасць дыверсійных груп практычна адразу самараспускалася, так і не нанёсшы значных страт праціўніку. Асноўнымі пралікамі, дапушчанымі нацысцкім кіраўніцтвам пры стварэнні нацыянал-сацыялістычнага падполля, былі адсутнасць выразна пастаўленых задач, неапраўданае чаканне сімпатый з боку грамадзянскага насельніцтва, недастатковая мабільнасць груп, прывязаных, як правіла, да схованак, відавочны недахоп кваліфікаваных кадраў, адсутнасць курыруючай арганізацыі.

СМІ З 1 красавіка 1945 года пачало сваё вяшчанне радыё «Вервольф». Перадачы штодня выходзілі з 19 да 20 гадзін. У іх паведамлялася аб дыверсійных актах, пра страты, якія нёс праціўнік у выніку нападаў, адкрыта абвяшчаліся пагрозы ў адрас здраднікаў. Праца радыёстанцыі спынілася 23 красавіка, пасля ўзяцця гарадка Науэн, дзе размяшчалася радыёстанцыя.

Літаратура

Катэгорыя:Узброеныя сілы Трэцяга рэйхаКатэгорыя:Партызанскія рухі Другой сусветнай вайны Катэгорыя:СС