Павел Іванавіч Лук () — беларускі скульптар у галіне манументальнай, станковай, паркавай і мемарыяльнай скульптуры.

Біяграфія Нарадзіўся 1 сакавіка 1956 года ў Жылічах Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Камянецкую сярэднюю школу.

Скончыў аддзяленне скульптуры Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1987 годзе, абараніў дыпломную працу «Белавежская пушча». Вучыўся ў Анатоля Анікейчыка, Генадзя Мурамцава, Анатоля Арцімовіча. У 1987—1991 гадах стажыраваўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску.

З 1990 года член Беларускага саюза мастакоў.

Жыве і працуе ў Мінску.

Творчасць Стварае ў галіне манументальнай, станковай, паркавай і мемарыяльнай скульптуры. Асноўны матэрыял яго твораў — бронза.

У мастацкіх выставах удзельнічае з 1986 года.

Станковая скульптура Сярод асноўных станковых твораў: Кампазіцыі: «Беларуска» (1986 або 1987), «Белавежская пушча» (1987), «Пушчы беларускія» (1988), «Апостал» (1989), «Эмілія Плятэр. 1831» (1996), «Меркурый» (1997), «Пане Каханку» (2000), «Кліч апошняга тура» («Зоў апошняга тура»; 2000 або 2001), «Янка Купала» (2002), «Святы Хрыстафор» (2010), «Зубр» (2013), «Студэнт [эпохі Ф. Скарыны]» (2013), «Іван Іванавіч Насовіч» (2018). Рэльефы: «Язэп Драздовіч» (1988), «Кастусь Каліноўскі» (1988), «Адам Міцкевіч» (1998), «Тадэвуш Касцюшка» (1999—2001), «Дрэва прыгожага беларускага пісьменства» (2006). Партрэт «Мацей Бурачок» (1988). Вазы з тэматычнымі рэльефамі.

Манументальная і мемарыяльная скульптура Быў рэстаўратарам манументальнай скульптуры «Дэметра [, багіня ўрадлівасці, з дзецьмі — Плутасам і Персефонай]» у Мінску (у сааўтарстве з Алесем Дранцом, 2004), фактычна мастакі аднавілі яе з сілуміна.

Аўтар манументальных твораў «Самота» (2009), «Ягайла» (2011), «Вітаўт» (2011), «Пакровы Прасвятой Багародзіцы» (2012), «Спас Нерукатворны» (2012).

У 1985 годзе стварыў барэльеф для помніка на магіле ахвяр фашызму ў Лесках Камянецкага раёна, з выявамі твараў дзяцей, жанчын і старых.

У суаўтарстве стварыў помнікі радзівілаўскаму харту ў Нясвіжы.

Стварыў мемарыяльныя дошкі: Тадэвушу Касцюшку (1999—2001); Паўлу Масленікаву (2004); Анатолю Сысу (2009); Віталю Цвірку (2009); Сяргею Грахоўскаму (2013).

Аўтар медаля «Францыск Скарына» (1986).

Прызнанне Творы Паўла Лука захоўваюцца ў дзяржаўных фондах і прыватных калекцыях: Нацыянальнага мастацкі музея Рэспублікі Беларусь; Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск); Літаратурных музеяў Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, К. Чорнага; Аб’яднання літаратурных музеяў Беларусі; Фондах Беларускага саюза мастакоў; прыватных калекцыях.

Крыніцы

Літаратура Лук Павел Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2014. — Т. 5. — С. 148. Лук Павел Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2009. — Т. 1, кн. 2 : Брестская область. — С. 33-34. Лук Павел Іванавіч // Памяць: Камянецкі раён. — Мінск, 1997. — С. 510. Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1998. — С. 325. Современное искусство Республики Беларусь : справочник персоналий / Министерство культуры Республики Беларусь, Учреждение образования «Белорусский государственный университет культуры и искусств»; [составители: В. П. Прокопцова и др.]. — Мінск, 2018. — С. 239. Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе [Выяўленчы матэрыял] = Современная белорусская скульптура. XXI век = Modern belarusian sculpture. XXI century : альбом / [аўтар тэксту, складанне, пераклад на беларускую мову: К. С. Аксёнава]. — Мінск, 2012. — ISBN 978-985-11-0574-4. — С. 188—191. Янка Купала : энцыклапедыя : [у 3 т.]. — Мінск, 2018. — Т. 2. — С. 165.

Катэгорыя:Скульптары Беларусі