«Аго́леная купа́льшчыца: партрэ́т княгі́ні Кацяры́ны Міха́йлаўны Далгару́кай» (таксама вядомая ў музейных вопісах як проста «Купальшчыца») — карціна мастака Цімафея Андрэевіча Нефа, створаная ў 1874 годзе. Палатно ўваходзіла ў даваенныя зборы Беларускага дзяржаўнага музея і Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, лічылася страчаным падчас Вялікай Айчыннай вайны, аднак у 2001 годзе было прададзена на аўкцыёне ў Лондане і цяпер знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.

Гісторыя Першапачаткова карціна належала да калекцыі расійскага прамыслоўца Льва Канстанцінавіча Зубалава. Пасля нацыяналізацыі яна трапіла ў Дзяржаўны музейны фонд у Маскве, дзе ёй быў прысвоены інвентарны нумар 633. Згодна з актам № 78 ад 2 лютага 1923 года са сховішча фонду прадстаўніку Мінскага абласнога музея С. Некрашэвічу былі выдадзены два малюнкі і 13 карцін, сярод якіх была і «Купальшчыца» Цімафея Нефа. Карціна (пазначаная памерамі 79х63 см) знаходзілася ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску, а пасля адкрыцця была перададзена ў Дзяржаўную карцінную галерэю БССРІнвентарная кніга Беларускага Дзяржаўнага гістарычнага музея г. Менска № 1 (інв. № 1–3058) // Архіў НГМ РБ. С. 185..

У 1927 годзе ў часопісе «Наш край» быў апублікаваны фотаздымак мастацкага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея. На ім карціна «Купальшчыца» лёгка пазнаецца ў верхнім радзе (першая злева ад кафлянай печы). Здымак сведчыць, што палатно было змешчана ў шыкоўную пазалочаную раму з разным сакавітым раслінным арнаментамХарламповіч, П. Пяцігодзьдзе Беларускага дзяржаўнага музэю // Наш край. – 1927. – № 1. С. 15..

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны твор быў скрадзены і вывезены за межы краіны. Доўгі час яго лёс заставаўся невядомым. У 2001 годзе палатно пад назвай «Аголеная купальшчыца: партрэт княгіні Кацярыны Міхайлаўны Далгарукавай» (з заяўленымі памерамі 80х55 см) было выстаўлена на таргі аўкцыённага дома «Sotheby's» у Лондане. Ідэнтычнасць твора пацвярджаецца супадзеннем памераў, сюжэту, а таксама наяўнасцю той самай арыгінальнай пазалочанай рамы з раслінным арнаментам, якая была зафіксавана на мінскім фотаздымку 1927 года.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны 1874 года Катэгорыя:Партрэты Катэгорыя:Рабаванне культурнай спадчыны Беларусі ў час Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Страчаныя культурныя каштоўнасці Беларусі