Тэхналогія ганчарства ў Бабруйскім раёне мае даўнюю гісторыю, захоўваецца і перадаецца ў пачатку XXI стагоддзя.
Гісторыя Ганчарны промысел вядомы ў Бабруйскім раёне з даўніх часоў: ім займаліся ў маленькіх вёсках і невялікіх гарадах. Амаль у кожнай сялянскай хаце быў самы просты нажны ганчарны круг, на якім выраблялі разнастайны посуд, які выкарыстоўваўся ў гаспадарцы. Асноўным цэнтрам ганчарнага рамяства быў прыгарад Бабруйска — п. Керамічны, дзе існавала арцель па вырабу хатняга посуду. Працавалі майстры цэлымі дынастыямі. Ужываючы простыя прыёмы апрацоўкі гліны, нескладанае абсталяванне, майстры з густам і віртуознасцю выраблялі творы народнага мастацтва і шматлікія бытавыя рэчы на ганчарным крузе: гаршкі, збаны, гладышкі, слоікі, міскі, макатроны, вазоны, талеркі, вугольнікі (4 гаршчочкі, злучаныя разам і замацаваныя ручкай) і іншыя. Гэтыя вырабы сталі традыцыйнымі формамі народнай керамікі. У дзяцей папулярнымі былі керамічныя цацкі-свістулькі, а таксама фігуркі бараноў, львоў, мядзведзя. Бытавое ганчарнае начынне бабруйскіх майстроў амаль не мела размалёўкі. Майстры ганчарнай справы разабраліся ў выглядах гліны, навучыліся складаць рэцэпты гліністых мас, выявілі паліву, стваралі больш эканамічныя формы вырабаў. У вёсках ганчарства звычайна было дадатковым рамяством у гаспадарцы сялян. Навыкі, веды і вопыт звычайна перадаваліся ад бацькоў іх дзецям, сваякам. З узнікненнем гарадоў керамічная вытворчасць атрымлівае рамесны характар. У гэты перыяд ускладняецца тэхналогія вытворчасці ганчарных вырабаў, з’яўляюцца новыя формы апрацоўкі керамікі.
У канцы XIX — пачатку XX ст. працавала каля 60 майстроў-керамістаў. Значныя змены ў развіцці ганчарства наступілі ў паслярэвалюцыйныя часы: разбураная прамысловасць не магла забяспечыць насельніцтва неабходнай прадукцыяй, таму ўзрос попыт на ганчарныя вырабы. Гліны ў акрузе было дастаткова, хапала і паліва. Слава аб мясцовых ганчарах прайшла па Магілёўшчыне. Іх запрашалі на кірмашы, якія праводзіліся на Каляды, Масленіцу, Тройцу, Спас, Пакравы, і на якія прыязджалі цэлыя караваны калёс і абозаў. У канцы 20-х — пачатку 30-х гг. XX ст. у вёсцы Цітаўка Бабруйскага раёна пачало развівацца ганчарства як рамяство. З’явіліся і першыя рамеснікі-ганчары: С. Г. Гаўрылаў, А. Д. Лішкевіч, У. Д. Прозыраў, Д. С. Сынкавец, у якіх былі свае маленькія ганчарні (спецыяльныя памяшканні для вытворчасці ганчарных вырабаў саматужным спосабам) і горны для абпалу вырабаў. Міхаіл Іванавіч Ламака, майстар-кераміст у трэццім пакаленні, вучыўся ад свайго бацькі і дзядзькі і ведаў сакрэты ганчарства і адкрываў іх сваім вучням, адным з якіх быў Ю. І. Боўда. Разам з М. І. Ламакам працавалі: У. Д. Прозыраў, С. Г. Бубчыкаў, С. А. Лугін. У мастацкім абліччы гліняных вырабаў бабруйскіх майстроў праглядае ярка падкрэсленая прыродная прыгажосць матэрыялу. Бабруйская кераміка вылучаецца своеасаблівымі прапорцыямі, спалучэннем бескаляровай палівы з багатым каларытам святла — чырвоных глін, сціплымі дэкарыраванымі абводкамі і штампікамі, асаблівасцямі ў канструкцыі накрывак і ручак, а таксама чысцінёй форм, колеру, лаканічнасцю пластыкі і дэкору. Гэтаму спрыяла мясцовая сыравіна, майстэрства рамеснікаў, тэхналагічны ўзровень вытворчасці, ганчарныя традыцыі. Роспіс посуду у Бабруйскім раёне з’явіўся значна пазней (так званы ангобны роспіс белай глінай па чырвонай прыйшоў з Украіны). Усе гэтыя асаблівасці майстры ганчарства і керамікі захоўваюць і сёння
Апісанне Аснова ганчарнага промыслу — гліна, таму менавіта ад наяўнасці яе радовішчаў залежыць развіццё керамічнай вытворчасці
Ганчару неабходна мець: нож для здымання лішняга матэрыялу і стараннай апрацоўкі дэталей. Нож вырабляюць са шчыльнай, аднастайнай драўніны (самшыту, мэму, грушы, бярозы, яблыні, клёну, грабу і інш.) ці аргшкла, вініпласту, эбаніту. Даўжыня нажа — ад 100 мм да 250 мм, таўшчыня — ад 10 мм да 30 мм. Працоўныя паверхні нажа павінны быць адпаліраваныя. Драўляныя нажы для вільготаўстойлівасці апрацоўваюць гарачым пакостам або любым алеем;- дрот з дзвюма ручкамі для зразання вырабу з ганчарнага круга;- паралонавая губка неабходная для ўвільгатнення паверхні будучага вырабу, і выдалення лішку вільгаці з вадкай гліністай масы ў сярэдзіне керамічных пасудзін
Перадача ў супольнасці Элемент перадаецца дзякуючы дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў «Стары майстар» і «Беларуская мастацкая кераміка», а таксама аматарскага дзіцячага аб’яднання «Глечыкі» п. Глуша, якое курыруе Ю. І. Боўда
Крыніцы https://living-heritage.by/nks/3359/
https://heritage.gov.by/
Катэгорыя:Ганчарства Катэгорыя:Культура Бабруйскага раёна