Абрад пераносу Міхайлаўскай свячы вядомы ў вёсцы Вяляцічы (Барысаўскі раён).

Гісторыя Вёска Вяляцічы ў яе сучасным выглядзе сфармавалася ў 1920-х гг., калі ссялілі сялян з навакольных хутароў. Тады ж склалася 12 пасёлкаў, якія прыкладна адпавядаюць вуліцам. Да Другой сусветнай вайны на Вяляціцкіх могілках стаяла царква. З яе 12 абразоў раздалі па 12 пасёлках, на якія ўмоўна падзяляецца вёска. Царква была разбурана за савецкім часам. Жыхары кожнага пасёлка сталі пераносіць «свой» абраз з хаты ў хату. Падзел вёскі на пасёлкі захаваўся ў свядомасці жыхароў да сённяшняга дня. Міхайлаўская свяча пераносіцца на Восьмым пасёлку. Падчас вайны свячу не пераносілі. Пасля вайны з 12 свеч засталося толькі 2: Міхайлаўская і Юр’еўская. Па вайне дзед па імю Цімох перадаў свячу свайму суседу Міхайлу Понтаву, такім чынам аднавіўшы традыцыю. Пасьля вайны традыцыя не перарывалася. [Ніна Кузмінічна Коба 1931 г.н.] На дзясятым пасёлку застаўся абраз Юр’я. Юр’еўская свяча не пераносіцца з 1991 году. Святочнае дзеянне пачыналася ўвечары 20 лістапада. Гаспадыні, што выпраўлялі і прымалі свячу, і некалькі іх сябровак збіраліся ў хату, дзе абраз ночыў апошнім разам. Уручную рабілі 3 свечкі даўжынёй 30 — 40 см. Увечары ж складаўся спіс для заўтрашняга царкоўнага малебну «за здароўе». Тыды ўпісвалася па 2 чалавекі ад кожнай хаты на пасёлку. Гаспадыні, што перадавалі і прымалі свячу, упісвалі свае сем’і цалкам. Спіс разам з адной са свечак раніцай 21 лістапада адносілі ў бліжэйшую царкву ў в. Зорычы. Другая свяча заставалася ў хаце, з якой выпраўлялі свячу, трэцюю падчас абеду 21 лістапада аддавалі гаспадыні, што прымала свячу. Удзень 21 лістапада ў хаце, з якой выпраўлялі свячу, ладзілася застолле для ўсёй сям’і і ўсіх гаспадароў, што мелі права прымаць свячу. Пасля вайны на вуліцы Цэнтральнай свячу прымалі каля 40 хат. П’яніцам і сем’ям, дзе шмат сварак, свячу не давалі. Госці дарылі абразу прадукты: яйкі, зерне, хлеб. Потым дары перадаваліся ў царкву (ці, па іншых звестках, выстаўляліся на стол). Калі не было царквы ў Вяляцічах, перадавалі ў Зорычы. Калі нехта даваў грошы, за іх маглі набыць для абраза ручнікі. Стол быў сціплым. Абавязковымі стравамі лічыліся куцця з малаком, юшка, крупеня, клёцкі і каша. У хаце, дзе прымалі свячу, гэтых абрадных страў не гатавалі. Вынасілі свячу з хаты ў такім парадку: наперадзе гаспадар з абразам святога Міхаіла, за ім — гаспадыня, якая на веку ад дзяжы, пакрытым ручніком, несла свечку ў маленькім кубле з жытам, бохан хлеба і бутэльку самагонкі. За імі ішлі ўсе госці. Сустракалі свячу новыя гаспадары ў сваім двары, прастору паміж ганкам і брамай засцілалі даматканым палатном, абавязкова нерэзанным (сцялілі цэлы сувой, які захоўваўся пасля вытыкання). Палатно, бывала, сцялілі спецыяльна, каб па ім пранеслі свячу. Такое палатно лічылася вельмі добрым, блаславёным. У новай хаце таксама ладзілі агульнае застолле. На працягу года міхайлаўскія свечкі запальвалі на Дзяды, бралі з сабой на могілкі. Недагаркі адносілі ў царкву на пераплаўку. Абраз святога Міхаіла стаяў цэлы год пад ручніком, калі ручнік здымалі, каб памыць, абавязкова вешалі іншы наўзамен (падрабязная гісторыя элемента у дадатку)

Пад пагрозай знішчэння.

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент Абрад пераносу свячы бытуе ў сельскім асяродку, у месцы свайго ўзнікнення. Супольнасць, што выконвае абрад, на дадзены момант складаецца не толькі з вясковых жыхароў, але і з людзей, што пераехалі ў горад, але вяртаюцца ў Вяляцічы адмыслова ў дзень правядзення абраду. Даўней у Вяляцічах людзі трымалі пчол, таму свечы сукалі з хатняга воску. Пазней, калі пчаляроў стала менш, сталі выкарыстоўваць куплёны воск, а з 2010 г. для абраду выкарыстоўваюць царкоўныя свечкі. Традыцыйна абрад здзяйсняўся самімі жыхарамі без удзелу праваслаўнага святара (у Вяляцічах не было царквы), запрашаць праваслаўнага святара для правядзення малебну падчас провадаў і сустрэчы свячы сталі ў канцы 1990-х гадоў, што звязана з аднаўленнем царквы ў Вяляцічах. Выкарыстанне царкоўных свечак у абрадзе можна патлумачыць як складанасцямі з набыццём воску, так і ўплывам на вясковую супольнасць праваслаўнага святара

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі Свяча выконвае функцыю яднання вясковай супольнасці. Па словах Вайтовіч Валянціны Адамаўны 1938 г.н. з в. Вяляцічы, людзі, што прымаюць свячу, павінны дапамагаць адно аднаму, не сварыцца, зычыць адзін аднаму дабра. «На свячу» ў родную вёску з’язджаюцца людзі, што стала жывуць у іншых населеных пунктах. Функцыя трансляцыі традыцыйнай этыкі: прысутнасць свячы ў хаце дысцыплінуе насельнікаў, бо калі «Міхайла глядзіць», кажуць у Вяляцічах, гаспадарам нельга сварыцца, піць шмат гарэлкі, дзеці становяцца больш паслухмянымі. Функцыя культурнай памяці: здзяйсняючы абрад, удзельнікі імкнуцца адпавядаць традыцыі, на святочны абед гатуюць традыцыйныя стравы, якія ў штодзённым побыце ўжо не ўжываюцца. Функцыя яднання пакаленняў: у абрадзе ўдзельнічаюць вяскоўцы і госці рознага ўзросту

Спрыяюць практыцы перадачы элемента аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама, ДУК «Раённы цэнтр народнай творчасці» г. Барысаў, Вяляціцкі сельскі дом культуры Барысаўскага раёна, ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» Зацікаўлены назіральнік можа далучыцца да працэсіі, што здзяйсняе абрад пераносу свячы, на вуліцы. З дазволу супольнасці (у пэўны год — гаспадароў хат, што выпраўляюць і прымаюць свячу) можна далучыцца да святочных застолляў

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента У Вяляцічах рытальны комплекс «свяча» складаецца з абраза святога Міхаіла (маляваны, захоўваецца за шклом разам са штучнымі кветкамі) і свечкі, якую на сённяшні дзень штогод купляюць у царкве."Свяча", што ўжо не перадаецца, — абраз святога Юр’я (друкаваны) і рэшткі свечкі, досыць вялікай у дыяметры, мабыць, суканай з хатняга воску. Абавязковымі на стале ў хаце, з якой перадавалі свячу, лічацца наступныя стравы:- куцця (вараць з пярлоўкі з малаком);- крупеня (пярлоўка з мясам, раней, калі не было мяса, то клалі сушаныя грыбы;- юшка (гатуюць з рыбы ці грыбоў, цыбулі, прыкалочваюць заваранай мукой);- клёцкі (крышаць у малако булку ці печыва, раней рабілі з кавалачкаў цеста, забеленых малаком);- каша з грэчкі (раней ячменная)

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента Звычаі памінання продкаў: абрадавыя стравы, што гатуюць на дзень святога Міхаіла, лічацца ў в. Вяляцічы абавязковымі і на памінальным стале падчас Дзядоў, Радаўніцы, на 9, 40 дзён, год па нябожчыку. Малітвы: «Ойча наш» і ў вольнай форме са зваротам да Святога Міхаіла

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці Элемент перадаецца ў сям’і: ад бацькоў дзецям, ад сям’і мужа — маладой жонцы. Некаторыя перанялі практыку ў сталым узросце ад суседзяў, пераехаўшы ў Вяляцічы

Пагрозы для існавання і перадачы элемента Ідзе старэнне насельніцтва. У абрадзе ўдзельнічаюць дзеці і ўнукі гаспадароў, але не ўсе яны стала жывуць у Вяляцічах, некаторыя прыязджаюць адмыслова на абрад. У Вяляцічах маладыя сем’і часам не хочуць прымаць свячу, раней бралі ўсе сем’і Цэнтральнага пасёлка, а зараз толькі 7. Малая інфармаванасць грамадства аб абрадзе, яго каштоўнасці як элеменце нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Крыніцы living-heritage.by

https://heritage.gov.by/

Катэгорыя:Культура Барысаўскага раёна