Ва́вельскі спіс — рукапісны помнік старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы, які прадстаўляе сабой спіс поўнага зводу агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага. З’яўляецца адзіным вядомым на сённяшні дзень кірылічным рукапісам гэтага зводу. Тэксталагічна і па сваім змесце помнік вельмі блізкі да «Хронікі Быхаўца» і ўзыходзіць з ёй да агульнага пратографа. Стварэнне рукапісу датуецца другой паловай XVI стагоддзя.

Гісторыя выяўлення і даследавання Рукапіс захоўваецца ў Нацыянальным архіве ў Кракаве, у аддзеле на Вавелі, адкуль і атрымаў сваю навуковую назву. Доўгі час помнік заставаўся невядомым шырокаму колу даследчыкаў. Ён быў выяўлены толькі ў 2011 годзе літоўскім гісторыкам Гядзімінасам Лясмайцісам. У 2012 годзе літоўскі філолаг Кястуціс Гудмантас апублікаваў першае палеаграфічнае апісанне помніка, апісаў гісторыю фонду яго захавання і закрануў пытанне суадносін Вавельскага спіса і «Хронікі Быхаўца».

У беларускае крыніцазнаўства Вавельскі спіс быў уведзены ў 2016 годзе дзякуючы даследаванням Г. М. Міхальчук. У выданні «Białoruskie Zeszyty Historyczne» быў апублікаваны яе артыкул, які змяшчаў вынікі азнаямлення з рукапісам і поўны расчытаны тэкст помніка. У тым жа годзе выйшла праца, прысвечаная тэксталагічным аспектам даследавання гэтага летапісу.

Характарыстыка рукапісу Аб’ём захаванага ў рукапісе летапіснага фрагмента складае 26 аркушаў (або 52 старонкі). На падставе аналізу паперы, вадзяных знакаў і почырку даследчыкі датуюць стварэнне спіса 1570—1590-мі гадамі. Тэкст напісаны ўмераным скорапісам, які з’яўляецца характэрным для беларускіх помнікаў сярэдзіны і другой паловы XVI стагоддзя. Нумарацыя ў дакуменце пастаронкавая, аднак на дзвюх старонках прысутнічаюць сляды старой кірылічнай пагінацыі. Наяўнасць лічбавай кірылічнай сістэмы сведчыць пра тое, што захаваны фрагмент раней уваходзіў у склад значна большага кодэкса і, адпаведна, большага па аб’ёме летапіснага помніка.

Гіпатэтычнымі ўладальнікамі рукапісу ў мінулым маглі быць князі Сангушкі або князі Астрожскія-Заслаўскія, чый архіў пасля згасання роду перайшоў у спадчыну да Сангушкаў. Даследчыкі таксама не выключаюць сувязь Вавельскага спіса з віленскай каралеўскай бібліятэкай Жыгімонта II Аўгуста: частка бібліятэчных збораў пасля смерці манарха трапіла на абшары Малапольшчы, у тым ліку ў прыватныя ўладанні магнатаў.

Асаблівасці перапіскі У працэсе перапіскі Вавельскага спіса прымалі ўдзел некалькі скрыптараў. Пра гэта сведчыць наяўнасць у тэксце рукапісу некалькіх розных відаў почырку. Адрозным ад асноўнага почыркам напісаны не асобныя старонкі альбо сшыткі, а невялікія фразы ў сярэдзіне радка ці асобныя тэкставыя ўрыўкі, якія таксама пачынаюцца і заканчваюцца з сярэдзіны радка (напрыклад, словы і ўстаўкі пра вялікага князя Вітаўта, Януша і іншых гістарычных асоб). На адной са старонак заўважана, што нават адно слова было напісана двума рознымі почыркамі.

Такі тып змены почырку дае падставы меркаваць, што асноўны перапісчык адмыслова пакідаў у тэксце лакуны, калі меў праблемы з расчытаннем пратографа. У сваю чаргу, іншыя скрыптары выконвалі ролю своеасаблівых рэдактараў-праўшчыкаў, у задачы якіх уваходзіла запаўненне гэтых прапускаў. Гэта магло быць абумоўлена як прафесійнай кампетэнцыяй асноўнага перапісчыка, так і ступенню захаванасці ці асаблівасцямі арфаграфіі самога пратографа. Наяўнасць такіх уставак сведчыць пра існаванне функцыянальнага падзелу працы сярод стваральнікаў копіі.

Моўныя і арфаграфічныя асаблівасці Пры аналізе арфаграфічных асаблівасцей Вавельскага спіса даследчыкі адзначаюць узаемадзеянне дзвюх супрацьлеглых тэндэнцый: кніжнаславянскай (царкоўнаславянскай) пісьмовай традыцыі і жывых пісьмовых прыёмаў, што выпрацоўваліся старабеларускімі кніжнікамі для перадачы тагачаснага жывога маўлення. Хаця ў той час яшчэ не існавала строгай арфаграфічнай нормы, у тэксце выразна вылучаюцца найбольш распаўсюджаныя варыянты, якія сведчаць пра моцную аддаленасць помніка ад царкоўнакніжнай традыцыі.

Адыход ад кніжнаславянскай традыцыі Адпаведна ўсходнеславянскім фанетычным асаблівасцям у помніку паслядоўна перадаюцца поўнагалосныя спалучэнні галосных з плаўнымі зычнымі: Новагородокъ, деревом, боронити, городы, королем, волохи, золота, серебра, дорогим, з многимъ полоном, Берестꙗ не добыл (у процівагу кніжнаславянскім градъ, злато, срѣбро, плѣнъ). Зафіксаваныя асобныя няпоўнагалосныя напісанні — Влодислав, длꙗ сребра, было древо с(вя)того крыжа — з’яўляюцца паланізмамі. У пачатку слова паслядоўна выкарыстоўваюцца ўсходнеславянскія прыстаўкі «роз-/рос-» замест царкоўнаславянскіх «раз-/рас-»: волости межи собою розделили, роспустивши хоругви свои.

Значныя змены закранулі літары, якія страцілі сваё першапачатковае гукавое значэнне (юсы, яць, рэдукаваныя): Юс вялікі (ѫ), які першапачаткова перадаваў насавы гук, у тэксце не сустракаецца ні разу. Замест яго адпаведна вымаўленню пішацца «у», «ꙋ/ю»: границу ꙋчынил, в землю его идꙋчи, емꙋ заступил, Божꙗ мука. Юс малы (ѧ) у абсалютнай большасці выпадкаў перадаецца літарамі «ꙗ» ці «а»: докончают, присꙗгу, почали, кнꙗжата, ловꙗчи, просꙗчи, кн(я)жачи, вынꙗл, на имꙗ, часто, справуючи рꙗдне, кнꙗзꙗ, мир с ним взꙗл, пꙗтсот, знамꙗ нам сꙗ… показало. Архаічныя напісанні з літарай «ѧ» сустракаюцца рэдка і пераважна ва ўстаўках іншых скрыптараў: кн(я)зѧ … Евнутия, шкоду … принѧл. Літара «ѣ» (яць) сустрэлася ў Вавельскім спісе толькі аднойчы: к рецѣ к Вилни. У астатніх выпадках паслядоўна ўжываецца «е»: делити, дедичи, посекши лес, поделали, ѡсели, в … правде, на реце, в горе, тут воде не быват, дал … тои панне.

Са стратай рэдукаваных гукаў звязаны цэлы шэраг фанетычных змен. Моцныя рэдукаваныя вакалізаваліся: гонец, городокъ, Каменец, держал; а слабыя пераважна не адзначаюцца: кн(я)зь, с тобою, вси, московскии, копє вземши. Пры гэтым функцыі літар «ь» і «ъ» часта блыталіся: городь, кь его вере, вьбегь, впаде ꙋ страхь, Ѡлкгирдь, в тот чась, Витебъскъ взѧл, держал Ꙋлъꙗну, на верьх неправда его снииде.

Адзначаюцца таксама такія з’явы, як азванчэнне прыстаўкі «с-»: змешалася, з великимъ, з Божею помочю, звоевавшы; напісанне «ы» пасля цвёрдага зычнага: звытежство зыскал, и з ыншими многими кн(я)зи; зацвярдзенне губных на канцы слова: на великомъ, в томъ ѡстрове, я <…> дамъ, великимъ кн(я)земъ Дмитреемъ Ивановичом московскимъ; сцяжэнне і спрашчэнне груп зычных: в рускꙋю веру, постели слати (замест русьскую, стьлати). Акрамя таго, адбылося ўтварэнне падоўжаных зычных, якія перадаюцца праз вынасныя літары над радком: на великомъ кн(я)жени, на Подоли, з дозволенꙗ, с помочю, кь Подолю, с отповедю, идет ратю, на ѡном потканю, сꙗ доконало полонене.

Адлюстраванне ўласнабеларускіх фанетычных рыс Вавельскі спіс выразна адлюстроўвае беларускія фанетычныя асаблівасці, што сведчыць пра арыентацыю перапісчыкаў на жывое маўленне: Наяўнасць гука [ў]. Ён выяўляецца ў напісаннях літары «в» на месцы спрадвечнага [у]: межи собою вмовят, в тых атаманов беручи дани, в нег(о) были чотыри сыны, вмыслил собе, на Подоли вмер, вслышал, въ которого была дочка, я <…> в него буду на Великден, вказался на Поклоннои горе, ласку <…> вчинил, змову вчинивши. Гук [ў], які ўтварыўся на месцы *l, паслядоўна перадаецца праз «л» у напісанні імя Витолт і ў формах дзеясловаў прошлага часу: заказал, взꙗл, кинул, приехал, заложил; як выключэнне ўспрымаецца напісанне зжаливсꙗ кн(я)зь великии Скиркгаило. Пераход [е] > [о]. Гэтая з’ява пасля спрадвечна мяккіх шыпячых і [ц] адлюстроўваецца на пісьме ў большасці выпадкаў: нашодши, положоны, чотыры сыны, пошол, жону, Ивановичом, шостыи, Чорторыескь, над ѿцомъ, с пушок бити, ѿчизны <…> нашои. Традыцыйных напісанняў значна менш: шедши, малженку, с ѿцем. Зацвярдзенне [р']. Пра гэта сведчаць прыклады: чотыры сыны, ѡхрыстился, коли ся ѡхрыстиш, прышли, рымского закону, ѡхрыстил, прыꙗзни, въ Петрыкове, з архимандрыты, в гору Крывую, мовꙗчи <…> «Не тераи болши тои земли Лит(о)вское…». Аднак гэтая з’ява яшчэ не стала поўнай арфаграфічнай нормай і сустракаюцца традыцыйныя напісанні: три браты, хрестиянки, Дмитреемъ, на <…> дворищи, прислоню, даи то г(о)с(по)дарю, справуючи рядне, въ хрестиꙗнех закону римского, прииде, на Кривом городе. Зацвярдзелы [ц]. Перадаецца вельмі рэгулярна: черньцы, мнихов францышковъ, в цэлости, на том месцы, немцы к Вилни <…> тꙗгнут, вилневцы <…> поткают, в Немцох. Зацвярдзенне шыпячых. Адлюстравалася на пісьме, але не стала пераважным, таму паралельна сустракаюцца і традыцыйныя напісанні (нават у межах аднаго радка ці аднаго кораня): [ж]: понял за себе жону, город Кривыи зжог — побач з дал в малженку, з Божею, заложил, при <…> животех. [ч]: чотыри, ꙋчынил, не хотечы, мовечы, ничого — побач з четвертыи, просячи, ꙋчинилосе <…> знамение. [ш]: пошол, пришол, звоевавшы, побравшы, людеи попленилшы, межи иншыми простыми речми, его непослушон — побач з шедши, богов наших, собравши воиска, роспустивши хоругви. Афрыката [дж]. Знайшоў адлюстраванне спецыфічны беларускі гук — зацвярдзелая афрыката [дж]: приеждали, ежчивал. Аканне і яканне. Спарадычна пачынае адлюстроўвацца аканне: держал Новагородокъ, ганца пошлет. Адзначаецца і ўскоснае адлюстраванне акання і якання праз гіпернармальныя напісанні літары «е» на месцы «я»: паметуючи, королевну Едвигу.

Такім чынам, выяўленая варыятыўнасць напісанняў, а таксама замацаванне жывых фанетычных рыс у тэксце Вавельскага спіса сведчаць пра тое, што тэкст не проста капіраваўся з папярэдніх кніжнаславянскіх крыніц, а адаптаваўся і перапісваўся з улікам маўленчай практыкі тагачасных сучаснікаў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Беларуска-літоўскія летапісы Катэгорыя:Літаратурныя творы на старабеларускай мове Катэгорыя:Рукапісы XVI стагоддзя