Віталь Цярпіцкі (, Івянец — ) — беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1923 годзе ў Івянцы ў сям’і святара. Вучыўся ў Віленскай гімназіі імя Пушкіна, затым — у Навагрудскай гімназіі. Падчас нямецкай акупацыі — навучэнец настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы (1942—1944). У чэрвені 1944 года — у афіцэрскай школе Беларускай краёвай абароны, хутка апынуўся на эміграцыі. Спачатку трапіў ва ўсходнюю Францыю. Там з сябрамі ўцёк да французскіх партызан, а потым у Італіі ваяваў з гітлераўцамі ў складзе брытанскай Арміі Андэрса.
Па дэмабілізацыі прыехаў у Брытанію, пражыў там чатыры гады. Напрыканцы лістапада 1951 года з жонкай Жэняй прыехаў у Саўт-Рывер (ЗША). Браў актыўны ўдзел у працы Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі, уваходзіў у яго кіраўнічыя органы, сакратар Беларускай цэнтральнай рады.
Дзейнічаў у беларускім прыходзе. У сярэдзіне 1960-х гадоў узначаліў будаўнічы камітэт па ўзвядзенні новай царквы Святой Еўфрасінні Полацкай. Выдаў кнігу «Гісторыя пабудовы царквы ў Саўт-Рыверы», дзе апісаў падзеі 1950—1975 гадоў.
Памёр у 2017 годзе. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.
Літаратура Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [б.в.], 2009. — 428 с. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16).
Спасылкі unicat.nlb.by
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Івянцы Катэгорыя:Члены Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі Катэгорыя:Пахаваныя на Беларускіх могілках у Саўт-Рыверы