Караліна Сабаньска (пол. Karolina Rozalia Tekla Sobańska, народжаная Жавуская, 25 снежня 1795 Пагрэбішчэ — 21 ліпеня 1885, ПарыжMaria Minakowska: Karolina Beydo-Rzewuska h. Krzywda. [w:] Wielka Genealogia Minakowskiej [on-line]. sejm-wielki.pl.) — польская графіня, агентка расійскай таемнай паліцыі, каханка Аляксандра Пушкіна і Адама Міцкевіча, сястра Генрыка Жавускага і Эвеліны Ганскай, нявестка Анарэ дэ Бальзака.
Біяграфія Караліна была дачкой польскага магната графа Адама Ваўжынца Жавускага, былога дэпутата польскага сейма, а потым расійскага сенатара. Яе сястрой была Эвеліна Ганьская (каханка, а потым жонка Анорэ дэ Бальзака), а братамі расійскі генерал Адам Жавускі, і вядомы пісьменнік Генрык Жавускі. Уся сям’я адзначалася лаяльнасцю да царскай улады, звязанай з імкненнем захаваць і памножыць вялізную латыфундыю роду.
Пасля заканчэння адукацыі ў Вене Караліна выйшла замуж за Гераніма Сабаньскага, істотна старэйшага за яе землеўладальніка, які вёў бізнес у Адэсе, але большую частку часу праводзіў па-за горадам. У 1818 годзе яна пазнаёмілася з генералам Іванам Восіпавічам дэ Вітэ, таксама вядомым як Ян дэ Вітэ, афіцэрам царскай сакрэтнай паліцыі, пазней вядомым сваёй жорсткасцю і бязлітаснасцю да ўдзельнікаў Лістападаўскага паўстання 1830—31 гадоў, які стаў яе каханкам. Пазней яна разышлася з Сабаньскім і жыла з дэ Вітэ «грамадзянскім шлюбам», што не перашкаджала ёй мець розныя рамансы, — выглядае, што з ведама дэ Вітэ, які выкарыстоўваў іх як крыніцу канфідэнцыйнай інфармацыі. Фактычна, Караліна выступала як шпіёнка за многімі патэнцыйна небяспечнымі для царскага рэжыму дзеячамі, выкарыстоўваючы сваю жаночую прывабнасць. Пара трымала арыстакратычны салон у Адэсе, і хаця Караліна мела рэпутацыю даносчыцы, з ёй баяліся сварыцца ў адкрытую, бо ад яе таемных рапартаў шмат што залежала ў кар’ерных перспектывах.
У 1823 годзе да яе кола далучыўся сасланы туды Аляксандр Пушкін, які лёгка стаў яе каханкам — але быў неўзабаве высланы з Адэсы за паралельную сувязь з жонкай граданачальніка графа Варанцова. У 1825 адным з яе чарговых каханкаў быў маладзейшы на 3 гады Адам Міцкевіч, які таксама суправаджаў пару пры падарожжы ў Крым і быў моцна ангажаваны ў гэтую сувязь, якая натхніла яго на цэлы цыкл вершаў з эратычнымі матывамі, напісаных у гэты ж час («Няпэўнасць», Do D. D., Sen, Rozmowa, Godzina, Elegia, Dwa słowa, Zaloty). Пасля выезду Міцкевіча ў Маскву Караліна адыграла важную ролю ў дэканспірацыі мясцовага гуртка дзекабрыстаў. У далейшым яна адыграла падобную ролю ў Варшаве пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў (умела разыгрываючы ролю нібыта «заступніцы» за паўстанцаў перад жорсткім дэ Вітам)Jerzy Stanisław Majewski: Warszawa nieodbudowana: Królestwo Polskie w latach 1815—1840. Warszawa: Veda Agencja Wydawnicza, 2009, s. 156—157. ISBN 978-83-61932-00-0., а затым у Дрэздэне сачыла за паўстанцамі, што аселі ў Саксоніі. Магчыма, адыграла важную ролю ў атрыманні для Міцкевіча дазволу ў 1829 годзе выехаць з Расіі.
Нягледзячы на рэгулярныя паслугі, цар Мікалай I не давяраў адданасці Жавускай, пра што ён паведаміў Віту ў лісце. У 1836 годзе дэ Віт развітаўся са сваёй каханкай, якая ў роспачы выйшла замуж за Стэфана Чэркавіча, серба, былога паплечніка дэ Віта і афіцэра рускай арміі . Неўзабаве пасля гэтага Чэркавіч памёр, і Караліна пераехала ў Парыж і выйшла замуж за Жуля Лакруа, перакладчыка твораў Шэкспіра на французскую мову.
У 1850 годзе ў Парыж прыехала сястра Караліны, Эвеліна (яна была жонкай Анарэ дэ Бальзака — пара ажанілася ў Бердзічаве 14 сакавіка 1850 года, за пяць месяцаў да смерці пісьменніка, пасля якой ў Эвеліны засталіся даўгі мужа, якія Караліна нарэшце здолела выплаціць. Пасля смерці Бальзака Караліна адмовілася ад палітычных інтрыг, якія пляла на працягу больш як 30 гадоў.
Уладзіслаў, сын Адама Міцкевіча, парадкуючы архіў бацькі, спаліў усё яго ліставанне з Сабаньскай; таму многія падрабязнасці яе даўняга знаёмства з паэтам застаюцца невядомымі.
Крыніцы