Станіслава Браніславаўна Шымусік () — работніца прэса Бабруйскага фанерна-дрэваапрацоўчага камбіната, Герой Сацыялістычнай Працы (1966).
Біяграфія Нарадзілася 1 мая 1928 года ў вёсцы Вялешына-1 Капыльскага раёна ў сям’і сялян.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыла пачатковую школу. Разам з сям’ёй засталася на тэрыторыі, занятай нямецкімі войскамі.
Улетку 1944 года працягнула навучанне, закончыўшы шэсць класаў няпоўнай сярэдняй школы.
У 1946—1947 гадах вучылася ў школе фабрычна-заводскага навучання пры Бабруйскім лесакамбінаце, дзе атрымала кваліфікацыю прасаўшчыцы чацвёртага разраду. Пасля заканчэння школы была накіраваная на камбінат у цэх па выпрацоўцы клеенай фанеры. Працавала за пультам кіравання гідраўлічным прэсам, узначальвала брыгаду фанероўшчыц.
За кароткі тэрмін праявіла сябе як перадавік вытворчасці. У 1962 годзе яе імя занеслі ў Кнігу пашаны прадпрыемства.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 верасня 1966 года за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў сямігадовага плана па развіцці лясной, цэлюлозна-папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці ёй было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем Ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і молат».
У 1977 годзе перайшла працаваць кантралёрам у аддзел тэхнічнага кантролю. У 1983 годзе выйшла на пенсію. Прапрацавала на камбінаце больш за 30 гадоў.
Апроч асноўнай дзейнасці Шымусік выбіралася дэпутатам Бабруйскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, членам мясцкама камбіната, членам групы народнага кантролю цэха.
Жыла ў Бабруйску. Памерла 10 чэрвеня 2006 года.
Узнагароды Герой Сацыялістычнай Працы (1966); Ордэн Леніна (1966); медаль «Серп і молат» (1966).
Крыніцы